О проекте
На стартовую


Поиск по сайту
В фокусе

Ці можа абразіць верніка «Ісус Хрыстос – суперзорка»?


29.02.2012  Аліна РАДАЧЫНСКАЯ

Забараніць нельга паказваць. Беларусы не могуць вызначыцца, дзе паставіць знак прыпынку, каб вынесці вердыкт рок-оперы «Ісус Хрыстос – суперзорка» (Jesus Christ Superstar) Санкт-пецярбургскага тэатру «Рок-опера». У Магілёве і Гомелі па настойлівай просьбе праваслаўных оперу забаранілі. Берасцейскія ж вернікі, наадварот, выступілі ў абарону пастаноўкі. Прэм’ера адбудзецца ў Берасці 29 лютага ўвечары. Ці варта забараняць скандальную оперу, «Заўтра тваёй краіны» распытвае прадстаўнікоў розных канфесій.

Айцец Яўген УСОШЫН, грэка-каталіцкі святар: Ёсць пытанні, якія лепей не задаваць

-- У такім важным пытанні , як трактаванне Евангелля, трэба быць вельмі асцярожным, каб не абразіць пачуцці вернікаў. Мастак, калі звяртаецца да пісання як крыніцы творчасці , заўсёды мусіць быць гатовы і да негатыўнай рэакцыі. Чалавек, які сур’ёзна ставіцца да Святога Пісання, не можа не адрэагаваць, калі да ягонай святыні ставяцца непаважна.

Усе вялікія творы мастацтва, створаныя па біблейным сюжэце, знаходзяцца ў рамках традыцыі хрысціянства. І за рамкі гэтай традыцыі лепей не выходзіць. Ёсць пытанні, якія лепей не задаваць. Бо гэта можа прагучаць як спроба абразы. Навошта правакаваць іншых людзей, закранаючы тое, што для іх з’яўляецца сакральным ?

Ксёндз Юры БАРОК , рыма-каталіцкі святар: Нельга мець манаполію на Хрыста

-- Мы хочам думаць, што Хрыстос належыць нам, нашым цэрквам. Ён наша ўласнасць. Мы маем права на Яго і таму маем права абараняць Яго. Аднак, насамрэч, усё выглядае інакш. Нельга валодаць Хрыстом і мець манаполію на Хрыста. У Хрыста можна толькі верыць. Інакш усё выглядае досыць смешна.

Часта прыхільнікі такой манаполіі сцвярджаюць, што адвольныя інтэрпрэтацыі забіваюць веру хрысціян. Дык дзеля гэтага і ёсць цэрквы , каб чалавек рос у веры. Чалавек, якому дапамаглі ўбачыць і зразумець прыгажосць мэсыджа Хрыста наўра д ці ад Яго адмовіцца, паглядзеўшы "неадпаведны" фільм, прачытаўшы "не тую" кніжку, схадзіўшы на оперу. Замест таго, каб заплюшчываць вочы, затыкаць вушы і не сустракацца з тым, што можа пазбавіць нас раўнавагі, лепш адкрываць моц і захапляльнасць сапраўднага жыцця, якім адарыў нас Бог.

Вышэй сказанае ёсць пэўным ключом для вырашэння праблем, звязаных са спробамі забароны таго ці іншага твора, які можа абразіць перакананні некаторых хрысціянаў. Кажу такія рэчы, бо сам хрысціянін. Таму магу быць досыць крытычным.

Я супраць усялякіх забарон. Мы жывем у грамадстве, дзе і так ёсць шмат сумнеўных камісій з сумнеўнымі адмыслоўцамі і прафесіяналамі, якія забараняюць вельмі шмат. На слова трэба адказаць словам, а не проста прымусіць некага замаўчаць.

А опера мне падабаецца. Сам слухаю яе, нават у машыне. Дарэчы, змест зусім не антыхрысціянскі. Зацятым змагарам з операй, хацеў бы параіць больш уважліва пазнаёміцца са зместам.

Опера можа выклікаць палеміку. Але гэта і добра. Палеміка запрашае яшчэ раз перачытаць Біблію, каб убачыць хто ёсць кім, каб убачыць, хто ёсць мы.

Антоній БОКУН , пастар пратэстанцкай царквы “Ян прадвеснік”: Калі мы лічым, афіцыйнай рэлігіяй - безбожжа, няма розніцы, што паказваць

-- Агулам я падтрымліваю ініцыятыву па забароне, хоць оперу і не глядзеў. Я знаёмы з лібрэта. Трохі ведаючы пра час, калі гэтая опера пісалася, пра настроі таго часу, магу сказаць, што яна, натуральна, не ў стылі “Забаўнага Евангелля” (А.Р. - атэістычны твор Лео Таксіля). Але ў любым выпадку, калі на падставе Пісання ставараецца гісторыя, што супярэчыць яму, то безумоўна, гэта ёсць блюзнерствам. Таму ў прынцыпе такія рэчы лепш не паказваць.

Калі мы лічым афіцыйнай рэлігіяй -- безбожжа, тады няма розніцы, што паказваць. Калі мы кажам, што нашае грамадства хоць фармальна сябе акрэслівае як хрысціянскае, такія рэчы мусяць быць урэгуляванымі. Пытанне прыватнае: хто хоча, той паглядзіць у інтэрнэце, але факт паказу - ёсць прапаганда антыхрысціянскіх каштоўнасцяў.

Не прыгадаю канкрэтных падобных выпадкаў забаронаў у гісторыі незалежнай Беларусі. У пэўным сэнсе, калі браць з пункту гледжання той ці іншай ідэалогіі, забароны могуць быць апраўданыя. Пытанне, што ёсць праўдай, калісьці задаў Пілат Хрысту. У залежнасці ад адказу на яго адныя рэчы ёсць прымальнымі, іншыя - не. Паколькі я веру, што праўда - тое, што напісана ў Бібліі, гэтыя творы мастацтва, выказванні ці дзеянні, з’яўляюцца недапушчальнымі і ў пэўных сітуацыях мусяць быць забароненымі.

Якія каштоўнасці мусяць быць у публічнай прасторы? У некаторых краінах - антыхрысціянская рыторыка, антызаходняя рыторыка. Калі мы хочам рухацца да хрысціянізацыі грамадства, такім рэчам няма месца. Калі не - то права на жыццё маюць любыя варыяцыі на біблейныя сюжэты.

Наталля ВАСІЛЕВІЧ , рэдактарка парталу churchby.info: Некалі, напэўна, і батлейку спрабавалі забараніць

-- Адкрытага блюзнерства я ў оперы не бачу, хоць у ёй і ёсць пэўныя інтэрпрэтацыі. Мне здаецца, што людзі проста не чулі яе, нехта ім нешта сказаў, у Вікіпедыі пачыталі.

Традыцыя вольнага абыходжання з тэкстам Святога пісання даўняя. Часта гэта рабілася наўмысна, для таго, каб дадаць сваю інтэрпрэтацыю насуперак пазіцыі царквы.

Батлейка -- тыповы прыклад таго, як адну з падзеяў нараджэння Хрыста вольна інтэрпрэтавалі. Некалі, напэўна, і батлейку спрабавалі забараніць, але цяпер нікому ў галаву гэта не прыйдзе. Ш мат мастацкіх твораў грунтуюцца на пісанні.

Але безумоўна, калі пераапрацоўка Пісання робіцца наўмысна, каб зняважыць, тады яна мусіць быць забароненая.

Я праваслаўная верніца, і мне падаецца, што спачатку царкве было б добра разабрацца са сваёй унутранай літаратурай, і тады праблем было б нашмат менш.


Комментарии к статье

29.02.2012 19:19   ||

Усё больш пераконваюся ў тым, што каталіцкая вера -- сапраўдная вера, якая не пасягае на свабоду чалавека. І ксёндз Юры БАРОК яшчэ раз мяне з гэтым упэўніў.







Спецпроекты "Завтра твоей страны"