Cтворана мапа беларускасці чынавенcтва краіны

Грамадскія актывісты кампаніі «Справаводства па-беларуску!» разлічваюць палепшыць рэйтынг беларускай мовы ў грамадстве з дапамогай больш шырокага яе распаўсюду ў справаводстве ды ўвядзення квот у рэкламе. На якой мове адказваюць на гэтую прапанову чыноўнікі, і што не ўхваляюць у ёй прадпрымальнікі?

37% беларусаў лічаць, што беларускай мовы ў рэкламе не хапае

Лідар кампаніі «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак з паплечнікамі прапануе дубляваць рэкламу на дзвюх мовах, альбо ўвесці норму - 70% рэкламы на беларускай мове. Такі падыход, на думку актывістаў кампаніі, забяспечыць стварэнне і трансляцыю рэкламнай прадукцыі на дзвюх дзяржаўных мовах і павысіць статус беларускай. 

Грамадзянская кампанія «Справаводства па-беларуску!» звярнулася да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з прапановай падтрымаць змены ў адпаведныя артыкулы закона «Аб рэкламе».

-- Гэта было б добрым і цікавым рашэннем, -- мяркуе Ігар Cлучак. -- Нарматыўнае рэгуляванне двухмоўя ў рэкламе падштурхне да выкарыстання і павысіць канкурэнтаздольнасць беларускай мовы. У выніку выйграюць як спажыўцы, так і беларускі бізнес. 

Даследаванні паказваюць, што да 70% беларусаў станоўча ўспрымаюць рэкламу на беларускай мове, а 37% -- лічаць, што яе ў рэкламе не хапае.

Случак падкрэслівае: на мову «не трэба маліцца», гэта -- жывы арганізм, які развіваецца.

-- Людзі размаўляюць на той мове, якая гучыць у офісе, на якой вядзецца справаводства, якая патрэбная ім у працы. Рэклама паўсюль вакол нас, і калі я на стане беларуска моўнай , дык будзе ўспрымацца больш натуральна, і ўрэшце яе распаўсюд пашырыцца.

Дзе чыноўнікі не адказваюць па-беларуску

У цеснай сувязі з мовай у рэкламе Ігар Случак разглядае змены ў законе «Аб зваротах грамадзян». Ідэя ў тым, каб унесці норму, якая будзе абавязваць даваць адказ грамадзянам на мове зварота ва ўстанову. Акрамя таго, кампанія ініцыюе распаўсюд у краіне справаводства па-беларуску па прыкладзе Міністэрства культуры .

-- Чаму гэта не здолеюць рабіць іншыя ведамствы? Мы звярнуліся да многіх чыноўнікаў з такой прапановай. Спачатку яе не падтрымалі, -- прызнаецца Ігар Случак. 

На беларускамоўныя лісты ўдзельнікаў інцыятывы палова адказаў прыходзіла на рускай, палова -- на беларускай мове. Тады яны звярталіся яшчэ раз з просьбай даць адказ па-беларуску. Такім чынам вылучылася кола чыноўнікаў, якія, спасылаючыся на Закон «Аб мовах» і «Зваротах грамадзян» падкрэслівалі, што не абавязаныя даваць адказ на беларускай мове, бо у краіне дзве дзяржаўныя мовы.

Адказы чыноўнікаў Ігар Случак вывешваў у сваім блогу ў «Жывым часопісе» . Украінскі блогер Васіль Бабіч, які ніколі не быў на Беларусі, але вывучыў беларускую мову, прапанаваў калегу стварыць мапу беларускасці чынавенства. Атрымалася даволі наглядна: 

Мапа друкуецца паводле http://vasyl-babych.livejournal.com

У выніку кампанія «Справаводства па-беларуску» з персанальнай пераўтварылася ў тую, якая мае пэўнае кола паслядоўнікаў. Што самае цікавае, паплечнікі Ігара Случака -- украінец і рускі -- абодва ведаюць беларускую мову.

Бліжэйшым часам кампанія спадзяецца ініцыяваць змены і ў закон «Аб правах спажыўцоў»: каб на этыкетках тавараў абавязкова змяшчалася інфармацыя на рускай і беларускай мовах.

-- Зараз ідзе распрацоўка закона. Нашы прапановы разглядае камісія, якая займаецца гэтай праблемай. Мы спадзяемся, што яны будуць прынятыя, -- адзначае Ігар Случак.

Прадпрымальнік: Уводзіць квоты бессэнсоўна

Распаўсюд беларускай мовы -- праблема актуальная, згаджаецца кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін, аднак ён лічыць, што сёння для гэтага ўжо ёсць дастаткова заканадаўчых магчымасцей. Напрыклад, і зараз у інструкцыі па справаводстве напісана, што трэба адказваць на звароты грамадзян на той дзяржаўнай мове, на якой зварот напісаны.

-- Гэта нармальна. Аднак ініцыятыва «Справаводства па-беларуску» можа пагражаць абавязкам дубліраваць дакументацыю на рускай і беларускай мове, што значна абцяжарыць дакументазварот, -- адзначае прадстаўнік бізнес-грамадства. 

У Беларусі сярод спажыўцоў нямала тых, хто лічыць, што на беларускай мове рэкламуюцца толькі тавары другога гатунку, аднак ёсць і тыя, хто ўпэўнены, што беларускамоўная рэклама падыходзіць толькі для эксклюзіўных камерцыйных прапаноў, падкрэслівае Сяргей Балыкін. 

-- Увогуле шмат залежыць ад крэатыўнасці тых, хто рэкламу робіць. Калі камерцыйная прапанова будзе якаснай, будзе запатрабаваны і тавар, -- гаворыць прадпрымальнік.

Напрыклад, фестываль беларускамоўнай рэкламы «Аднак» прадэманстраваў, што ў стваральнікаў рэкламы па-беларуску шмат ідэй. Аднак не ўсе з іх дайшлі да масавага спажыўца.

Што да квот на рэкламу на беларускай мове, дык Сяргей Балыкін лічыць бессэнсоўным уводзіць іх.

-- Гэта будзе правакаваць раздражнёнасць і рэкламадаўцаў, і спажыўцоў. Я супраць усялякага прымусу, у сферы выкарыстання мовы тым больш, -- адзначае эксперт .

А што думаеце на гэты конт вы? Прагаласуйце “за” альбо “супраць” прапановы па ўвядзенні квоты на беларускамоўную рэкламу.

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 122
  • "ПРОТИВ" : 26