На Камароўцы збіраюцца закрыць забаўляльны пакой для дзяцей

На Камароўскім рынку ў Мінску паўстала пытанне аб закрыцці забаўляльнага пакою, дзе бацькі маглі пакінуць сваіх дзяцей на час закупаў. Паслуга бясплатная, а таму нерэнтабельная.

-- Рабіць паслугу платнай не мае сэнсу: малая плата нам не дапаможа, а за вялікія грошы - ніхто не будзе пакідаць дзяцей, - - кажа старэйшы адміністратар дзіцячага пакою Таццяна Баравая. І дадае, што паслугаю карыстаюцца і малаімучыя, якія не здолеюць яе аплочваць.

Пакой існуе ўжо сем год і працуе ў адным рэжыме з Камароўскім рынкам - з 9.00 да 19.00. У цёплы перыяд ён прымае 300-400 наведвальнікаў ад трох да сямі гадоў . У зімовыя месяцы, к алі надыходзяць халады і пачынаюцца эпідэміі, колькасць дзяцей, якіх прыводзяць сюды, падае да 200.

Паслугай карыстаюцца шмат сталых кліентаў з тых, хто жыве побач з кірмашом і наведвае яго рэгулярна. Нямала і замежнікаў, якія здзіўляюцца таму, што не трэба плаціць. За мяжою догляд дзіцяці ў падобных цэнтрах каштуе ў сярэднім 10 еўра.

-- Абыходзімся слоўнікамі, калі, прыкладам, прыходзяць арабы, альбо ангельскай мовай, - дзеліцца досведам гэткага міжнароднага выхавання Таццяна Баравая.

Сервіс у дзіцячым пакоі разнастайны: забаўкі, гульні на развіццё, а можна і проста паглядзець тэлевізар, які зараз, праўда, на рамонце. Супрацоўнікі дзіцячага пакою маюць вышэйшую педагагічную адукацыю.

Захаваць паслугу неабходна, лічаць выхавацелі дзіцячага пакою. У доказ прыводзяць зусім свежы прыклад, як адна з іх сталых кліентак 31-га снежня, калі пакой па тэхнічных прычынах быў зачынены, згубіла сына на кірмашы. Малое знайшлося, але навагодні настрой быў сапсаваны. Такія выпадкі неадзінкавыя, а таму пакідаць дзіцё пад наглядам прафесіяналаў - найлепшае выйсце.

Забаўляльныя пакоі для дзяцей ёсць ва ўсіх буйных універмагах беларускай сталіцы. У ГУМе, ЦУМе і “Беларусі” у іх на адну гадзіну прымаюць навдвальнікаў ад трох гадоў. Паслуга бясплатная. А вось у гандлёвым доме «Столица» за кожную гадзіну, пакуль дзіця бавіць час з канструктарам і настольнымі гульнямі, бацькі аплочваюць 7 тысяч рублёў.

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 10
  • "ПРОТИВ" : 6