1991-2006. Вынікі
ад Валянціна Акудовіча

Незалежнасьць — прыватная і дзяржаўная — немагчымая без вольнай думкі. Гэтыя пятнаццаць гадоў адбудавалі прынцыпова новую супольнасьць — нацыянальна арыентаваных інтэлектуалаў эўрапейскага ўзроўню. Пра актуальны стан айчыннай філязофіі, лёс краіны ды асколак гранаты распавёў “той, каго няма” — гуру вольнага мысьленьня Валянцін АКУДОВІЧ.

— Ці зьявілася цягам 15 год незалежнасьці беларускае мысьленьне новай генэрацыі?

— Раней, калі казалі “беларускі філёзаф”, усе рагаталі, як над аксюмаронам кшталту “жывы труп”. Сёньня гэта ні ў каго посьмеху не выклікае. Цягам гэтых 15 год былі закладзеныя падмуркі беларускай нацыянальнай філязофіі. Цягам усёй сваёй папярэдняй гісторыі нічога падобнага мы ня мелі. Былі знакамітая віленская школа, Полацкая езуіцкая акадэмія... Але мы ня можам казаць пра гэта, як пра ўласна беларускае. Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі), Суліма, Уладзімер Конан, Мікалай Крукоўскі — першыя, каго мы зьвязваем з пачаткам уласна беларускага філязафаваньня. Але гэта былі адзінкавыя героі, яны не складалі нейкага сыстэмнага поля.

— А зараз яно ёсьць?

— Залішне аптымістычна казаць, што яно ўжо ёсьць, але расстаўленыя пэўныя маркеры гэтага поля. Я б не казаў, што ў нас створаны дыскурс нацыянальнай філязофіі, але ёсьць дыскурс сучаснага мысьленьня — ён якраз паўстаў за гады незалежнасьці, і яго запаўняе шэраг бліскучых інтэлектуалаў. Праўда, калі мы кажам пра беларускую (ці якую іншую нацыянальную) філязофію, я заўсёды згадваю бліскучы пасаж Карэла Чапэка. Ён гучыць прыкладна так: калі б нейкі кітаец захацеў стварыць кітайскую філязофію ён бы быў, напэўна, цудоўным кітайцам, але дрэнным філёзафам. Сэнс гэтай баечкі не такі і складаны. Філязофія працуе пераважна з унівэрсальнымі катэгорыямі, прысутнымі ўсюды, дзе ёсьць чалавек, аднолькавымі і для кітайца, і для ангельца, і для каго заўгодна. Але разам з тым і фундамэнталіст Мартын Гайдегер, і постмадэрніст Дэрыда на пытаньне “Ці магчыма нямецкая (француская і г.д.) філязофія?” адказвалі станоўча. Бо з гэтымі ўнівэрсаліямі француз працуе інакш, чым немец, немец інакш, чым італіец...

— Правакацыйнае пытаньне: а навошта Беларусі свая філязофія? Вось ня маюць яе Швайцарыя або Бельгія — і нічога, жывуць і някепска. Можа, сапраўды, пра нас ужо ўсё напісалі Гегель, Ніцшэ ды Бадрыйяр?

— Напрыканцы 1980-х-пачатку 1990-х гадоў, калі мы толькі пачыналі фармаваць сучасны дыскурс, мы вельмі сьвядома разумелі, што нам не хапае нацыянальнай філязофіі, каб завершыць будынак культуры. Што пакуль ня будзе філязофіі, беларуская культура будзе няпоўнай. Зараз я разумею, што культура можа існаваць без філязофіі. Вялікая руская культура ці італійская ня мае філязофіі і ад гэтага не становіцца горшай. Існуе вельмі абмежаваная колькасьць філязофскіх краінаў — найперш немцы, французы. Ужо Ангельшчына ў ХХ ст. — не краіна філёзафаў…

— А мы?

— Пакуль ня ясна. Мы шмат часу інтэлектуальна маўчалі, назапашваючы. Бо не было інстытуцыяў, не было філёзафаў. Я падазраю, што, беларусы, калі яны адбудуцца і глябалізацыя ня зьесьць мову (таму што мысьленьне і мова вельмі зьвязаныя), могуць страшэнна выбухнуць. Зараз я б ўжо і ня думаў ствараць беларускую філязофію, але проста зьяўляюцца людзі — адзін, два, некалькі — якім карціць гэтым займацца. Для таго, каб зьявілася школа ці філязофія, не патрэбны дзесяткі, сотні ці тысячы людзей. Аднаго Артэгі-і-Гасэта хапіла, каб Гішпанія ўвайшла ў лік філязофскіх нацыяў.

— Айчыннае інтэлектуальнае жыцьцё фактычна падзеленае на два ўзроўні: карпаратыўна-бюракратычны і пазасыстэмны, дзе знаходзяцца актуальныя, але з большага нелегітымныя аналітыкі. Ці можна гэткі расклад таксама лічыць здабыткам часоў незалежнасьці?

— Не здабыткам — вынікам. Напрыканцы 1980-х-пачатку 1990-х у нас склалася парадаксальная сытуацыя: асяродкі, якія мусілі трансляваць зь мінулага філязофскую веду ў сучаснасьць і разгортваць сучасную веду, не займаліся гэтым праз нацыянальна-культурны модус. Ні ў Акадэміі навук, ні на катэдрах філязофіі не прысутнічала філязофія як падзея беларускага інтэлектуальнага жыцьця. Рэч ня ў тым, што не пісаліся тэксты на мове ці іх мала пісалася: была выдадзеная шматтомная “Гісторыя філязофіі” па-беларуску, напрыклад. Рэч у тым, што філёзафы, якія прафэсійна займаліся тут філязофіяй, у сваёй сыстэме культурных знакаў ня мелі знакаў беларускай культуры. А мысьленьне (нават чыстае) ёсьць мысьленьне празь нейкія знакі. Сусьвет, можа, і немагчыма памысьліць толькі праз знакі беларускай культуры, але калі яны не прысутнічаюць цалкам, татальна, а апірышча ідзе на знакі іншых культураў… Падчас Адраджэньня стала зразумела абсурднасьць гэтай сытуацыі. Зьявіўся шэраг людзей, патэнцыйна гатовых да інтэлектуальнай працы ў дыскурсе філязофіі. Яны, тым ня менш, не былі завязаныя на прафэсійныя філязофскія асяродкі, нават калі там працавалі. Сучаснае мысьленьне сфармавалася не ў акадэмічных інстытуцыях. Зараз пад ціскам гэтых аўтсайдэраў інстытуцыі пакрысе пачынаюць мяняць сваю палітыку. Але ў прынцыповым пляне падзел на інстытуцыянальную, дысцыплінарную філязофію і тэрыторыю вольнага мысьленьня існуе.

— Гэта нармальна?

— У прынцыпе, так. Але тое, як ёсьць у нас — ненармальна. Існуе маса асяродкаў, дзе людзі атрымліваюць грошы ад гэтай дзяржавы, ад гэтай культуры за тое, што яны павінны мысьліць. У той самы час яны цалкам дыстанцуюцца ад яе. І наадварот. Тыя, хто сядзіць па інтэлектуальных закутках, у прыцемках, сапраўды працуюць на беларускую філязофію, на беларускае мысьленьне ўвогуле, але знаходзяцца ня ў самых лепшых умовах. “Дзяржаўныя” і пазасыстэмныя мысьляры ў абсалютна розных пазыцыях: нельга казаць, што мы знаходзімся разам у дыскурсе сучаснага мысьленьня.

— Але вольнае мысьленьне — гэта заўсёды радыкальная нязгода з абсурдам рэчаіснасьці. Рухацца насуперак відавочнаму — місія інтэлектуала. Такім чынам, нашыя цьмяныя часы найбольш спрыяюць пад’ёму нацыянальнай думкі? Кепска — значыць добра?

— У пэўнай ступені тэза слушная, але… У нас жа былі яшчэ горшыя часы — напрыклад, за Сталіным. Але з гэтага беларускае мысьленьне не разьвівалася, наадварот — ушчэнт зьнічтожылася. За 75 год існаваньня савецкай улады ў Беларусі не было выдадзена ніводнай кніжкі з клясыкі эўрапейскай філязофіі па-беларуску. Існавалі магутнейшыя выдавецтвы, маса часопісаў розных кірункаў, але не было ніводнага філязофскага часопіса. Усё можна было (у пэўных межах, зразумела), акрамя аднаго — мысьленьня. Каб цёмныя часы былі плённыя, патрэбна пляцоўка для інтэлектуальнага супраціву. За часамі Сталіна такога месца быць не магло апрыоры — і ня толькі ў Беларусі. Мы сапраўды маем плён: за гады незалежнасьці паўстала колькі выданьняў — былі літаратурна-філязофскі сшытак пры газеце “Культура” ды часопіс “Фрагмэнты”, затым зьявіліся “Топос” пры ЭГУ, ARCHE, унікальнае філязофскае міжрэгіянальнае выданьне для Ўкраіны, Беларусі і Малдовы “Перекрёстки”, літаратурна-філязофскі часопіс “Паміж” пры Беларускім Калегіюме. Таксама пры БК мы выдалі “Анталёгію сучаснага беларускага мысьленьня”. Згадаю запатрабаваныя ў Расеі энцыкляпэдычныя праекты Аляксандра Грыцанава. Толькі цягам мінулага году выйшлі чатыры кніжкі пра Беларусь — Уладзімера Мацкевіча, Валеркі Булгакава, Пётры Рудкоўскага і, прабачце, Валянціна Акудовіча “Код адсутнасьці”. І гэта не нейкія геаграфічныя дапаможнікі.

— Тым не менш, па вялікім рахунку, краіна жыве без інтэлектуалаў. Яна іх ня чуе, яны яе — таксама. Атрымліваецца дзіўная рэч — беларускае мысленьне самой краінай нібыта не запатрабаванае…

— Сапраўды, краіна жыве без нас. І яшчэ ня ведае, што магчыма самае галоўнае, што адбылося ў жыцьці гэтай краіны — гэта мы. Сучасныя незалежныя філёзафы павінны былі зьявіцца дзеля таго, каб Беларусь нарэшце стала інтэлектуальнай краінай. Без іх ніхто б гэтага не зрабіў. У шырокім пляне гэта ня сталася заўважным. Можа, яшчэ ад таго, што незалежніцкія асяродкі падлягаюць татальнаму астракізму з боку ўладнага дыскурсу і таму ня могуць рэтрансляваць на ўсю краіну плён сваёй працы — няма мэханізмаў. Але гэта неістотна. Незалежныя мысьляры за гэтыя гады прарабілі неверагодную працу, якая не наўпрост, а ўскосна так ці інакш ужо задзейнічана палітолягамі, тэарэтыкамі ад палітыкі, уласна палітыкамі.

Мы ўвесь час жылі чужымі канцэптамі. Нават чыста палітычна: падчас Адраджэньня мы то прыбалтаў бралі за ўзор, то Ірляндыю, то баскаў, то штосьці яшчэ на сябе пераносілі — таму што самі не былі для сябе адрэфлексаваныя. Зараз гэты працэс пачаўся. Але тут і палягае першы крызыс беларускай філязофіі. Нядаўна ўкраінскі часопіс “Сучаснасьць” надрукаваў мой артыкул “Пігмаліён” (нагадаю: скульптар Пігмаліён стварыў скульптуру Галятэю і закахаўся ў яе). Дык вось, мы — генэрацыя, стварыўшая інтэлектуальную Беларусь (ці Беларусь як інтэлектуальную праблему) — настолькі закахаліся ў яе, што ўжо ні пра што ня можам ні гаварыць, ні думаць. Ні пра што, акрамя Беларусі, мы не рэфлексуем (уявіце сабе нямецкую ці францускую філязофію, якая б толькі займалася Германіяй ці Францыяй). Як быццам не існуе ўнівэрсальных праблемаў катэгорыі быцьця, сьвету, небыцьця, адсутнасьці і г.д. На маю думку, мы ўжо і ня зможам зьвярнуцца да іншага. Можа, наступная генэрацыя возьмецца за сусьвет. А нам застанецца Беларусь, наша Галятэя.

— У глябальным сэнсе гэтыя 15 гадоў выглядаюць дрэнным жартам: нацыянальна сьвядомыя беларусы змагаліся за сувэрэнную дзяржаву і ўрэшце рэшт атрымалі яе. Аднак зусім ня ў тым выглядзе, пра які марылі. Адначасова палітычная кан’юктура склалася так, што Лукашэнка і К вымушаныя (у гэты пэрыяд) адстойваць незалежнасьць Беларусі. Ці ня лічыце вы, што лёс досыць зло пасьмяяўся і з першых, і з другіх?

— Не, не лічу. Можа, так і падавалася ў розныя асобныя моманты, але зараз, прабачце, я па-мойму памудрэў. І разумею, што шлях па стварэньню нацыі і цалкам моцнай самастойнай дзяржавы павінен быў быць доўгім. Гэтыя недарэчнасьці і парадоксы ёсьць, але яны — тое, што робіць нас, нашую гісторыю, фармуюць тое, што ёсьць Беларусь зараз. Калі заўгодна, чым іх болей будзе, тым больш цікавым і адметным сфармуецца ў выніку тое, што будзе называцца Беларусьсю — але што будзе далёка ад тых уяўленьняў, што мы зараз заклалі.

— А ці магло быць інакш? Ці маглі гэтыя 15 год прайсьці па радыкальна іншым сцэнары — перамога, дэмакратыя, уваход у Эўразьвяз і г.д.? Калі так, то што перашкодзіла?

— Я ўпэўнены, што інакш і быць не магло. Ня мог той мэнтальна савецкі чалавек, чалавек вялікай імпэрыі, якая трымалася жорскай лёгацэнтрычнай дамінанты і была антаганістычна ўсім дэмакратычным сыстэмам і кожнай зь іх паасобку, так хутка перабудавацца. Другі чыньнік — гэтыя людзі не адчувалі сябе нацыяй. Бо ўсе магчымыя нацыястваральныя чыньнікі былі зьнічтожаныя. Не было культурных элітаў, не было і таго, і таго, і таго — шмат чаго не было, тут усяго не пералічыш. І вось рамантыкі ад дэмакратыі, індывідуалізма, нацыяналізма хацелі, каб з гэтага “нічога няма” мы раптам хуценька сталі і эўрапейцамі, і дэмакратамі і г.д. Але я зараз разумею, што ў суме ўсё ідзе правільна.

— Вашыя асабісты здабыткі за гэтыя 15 гадоў? Так мовіць, творчы і асабісты балянс.

— Мая бацькаўшчына — ХХ стагодзьдзе. І ў ХХІ я ўжо не зусім жывы, гэта час для іншых. Некалі я сказаў у асяродку сяброў: “Я нарадзіўся і памёр у 90-х”. І гэта праўда: гэтыя гады, якія я ўсьлед за нямецкімі рамантыкамі называю “гадамі буры і націску”, — галоўнае ў маім жыцьці. Гэта была мая эпоха. Шчасьце, што я дачакаўся яе, бо я цалкам змог рэалізавацца: па вялікім рахунку, усё, што мною зроблена, зроблена за гэтыя 15 год. А ў прыватным пляне… У мяне заўсёды ўсё было добра. Я разумею, што гэта ня так, але тут усё проста: я мушу дзякаваць прыродзе ці якім інфэрнальным сілам, што мяне ўзнагародзілі здольнасьцю да крытычных адносінаў да сябе. Бо ў рэальнасьці сумна было: увесь час на мяжы нішчымніцы. Былі іншыя сур’ёзныя праблемы — вось зараз я ўпершыню ў сваёй біяграфіі напісаў, што мне ў войску асколак гранаты патрапіў у вока з чаго я заўсёды ў цёмных акулярах. Дарэчы, атрымаў за гэта медаль за воінскую доблесьць. Хапала чаго заўгодна. Але мне заўсёды было добра. Я не адчуваў, каб было кепска.

Гутарыў Максім Жбанкоў

  • Оцени статью: