Каб атрымаць інфармацыю, рэпарцёрам даводзіцца паказваць цуды эквілібрыстыкі

Амаль ва ўсіх журналістаў, якія працуюць у рэгіёнах, узнікаюць праблемы, звязаныя з доступам да інфармацыі. Часам, каб атрымаць дадзеныя, якія не з’яўляюцца дзяржаўнай таямніцай, даводзіцца шукаць абыходныя шляхі і рабіць двайную працу, збіраючы па крупіцах інфармацыю, якой валодае чыноўнік.

Цікава, што большасць журналістаў прызвычаіліся да перашкодаў падчас прафесійнай дзейнасці і нават парушэнне заканадаўства аб СМІ успрымаюць як частку працы. Пра гэта ішла гутарка на прэс-клубе, зладжаным у ліпені Беларускай асацыяцыяй журналістаў у Слуцку.

Удзельнікі прэс-клубу – супрацоўнікі дзяржаўных і недзяржаўных выданняў – пацвердзілі, што амаль што кожны з іх калег сутыка ўся з праблемамі доступу да інфармацыі. Прычым гэта тычылася не дзяржаўных таямніцаў, а тых дадзеных, якія мусяць знаходзіцца ў адкрытым доступе.

Напрыклад, рэпарцёр « Інфа-Кур’ера » Алесь Дастанка распавёў пра тое, як у Слуцкім райвыканкаме яму адмовілі прадастаўляць дадзеныя пра таваразварот пладова-ягадных він. Каб даведацца, колькі страцяць гандлёвыя арганізацыі раёна ад забароны «чарніла», журналісту давялося праводзіць уласнае даследаванне. Гэта адняло шмат часу, які можна было б выдаткаваць на іншы артыкул.

А для калегі Алеся з салігорскага дзяржаўнага выдання закрытай аказалася лічба аб сродках, сабраных жыхарамі горада на будаўніцтва царквы.

Часам аргументы, якія прад’яўляюць журналістам чыноўнікі, адмаўляючыся даваць ці каментаваць інфармацыю, гучаць так: «Я не хачу і не буду з вамі размаўляць». Нярэдка людз і пры пасадах спасылаюцца на аф іцыйна прынятыя дакументы.

У ласн ы карэспандэнт рэгіянальнай газеты «Інфа-Кур’ер» Уладзімір Амяльчэня прадэманстраваў удзельнікам прэс-клуба копію распараджэння Салігорскага райвыканкама ад 20 мая. Гэты дакумент за подпісам намесніка старшыні выканкама Аляксандра Казакевіча мае назву «Аб арганізацыі працы са СМІ Салігорскага раёна». Згодна з распараджэннем дзяржаўным служачым прадпісана супрацоўніцтва толькі з дзяржаўнымі сродкамі інфармацыі. Як тлумачыцца ў дакуменце, гэта робіцца з мэтай папулярызацыі дзяржаўных СМІ, «узмацнення аўтарытэту мясцовай вертыкалі» і Савета дэпутатаў. Зносіны з іншымі, то бок недзяржаўнымі СМІ, чыноўнікі павінны ўзгадняць з ідэолагамі.

Такім чынам, дзейнасць мясцовых уладаў стала закрытай для шэрагу незалежных выданняў рэгіёна. Прычым гэта інфармацыя тычыцца розных сфер жыцця – культуры, грамадства, аховы здароўя, стану правапарадку ў горадзе. А рганізацыя працы са СМІ па-салігорску – гэта па сутнасці спыненне усялякіх зносін з недзяржаўнай прэсай і парушэнне заканадаўства.

Вопытныя журналісты, якія абзавяліся шырокім колам крыніц інфармацыі, вырашаюць праблему, дзякуючы сваім сувязям. А што рабіць маладым?

На прэс-клубе было вырашана, што прымусіць чыноўнікаў працаваць з прэсай магчыма, калі звяртацца да іх з пісьмовымі запытамі, на якія яны павінны адказваць. У якасці прыклада прыводзіўся выпадак, калі ў Лунінцы Савет дэпутатаў раптам вырашыў не пускаць на паседжанні журналістаў незалежнай газеты «Інформ-прагулка». Рэдакцыя растлумачыла ў лісце, што дэпутаты парушаюць адпаведны артыкул заканадаўства, і тыя вымушаныя былі даць зваротны ход.

Ці варта пісаць пра тое, калі дзяржаўная асоба адмаўляецца даваць каментар газеце на надзенную тэму? Альбо гэта азначае, што журналіст такім чынам распіваецца ва ўласным непрафесіяналізме? Меркаванні раздзяліліся. Але потым прыйшлі да агульнай высновы: кожны выпадак трэба разглядаць асобна. І журналістам, каб дабыць інфармацыю ў рэгіёне, часам прыходзіцца паказваць цуды эквілібрыстыкі, як канатаходцам.

  • Оцени статью: