1991-2006. Вынікі
ад Лявона Вольскага

Гады незалежнасьці — зорны час айчыннага рок-н-ролу. Краіна паслухмяных “Песьняроў” ды “Верасоў” атрымала сваіх электрычных герояў. Пра лёс беларускай музыкі, “Эўрабачаньне” і кантакты з БРСМ разважае лідэр некалькіх культавых айчынных гуртоў, аўтар шэрагу топ-гітоў часоў незалежнасьці Лявон Вольскі.

— Пачатак беларускай незалежнасьці пазначыў пералом у жыцьці музычных гуртоў. Тая ж “Мроя” са сваёй сацыяльнай вастрынёй была, можа, запатрабаваная ў часы перабудовы. А ў капіталістычнай Беларусі гэта сталася ня надта патрэбным. Фармацыя загнулася, ператварылася ў аўтапародыю. Затое зьявіліся манэрны, дзіўнаваты “Ўліс” і пасьпяховая ў камэрцыйным сэнсе “Крама”, гэткі беларускі “Dire Straits”. Мы глядзелі і зайздросьцілі. З прыходам іншай улады прыйшла запатрабаванасьць у іншых словах, іншай музыцы. Можа быць, болей нэрвовай. Вылезьла N.R.M… Мне пра сябе няёмка казаць, але было некалькі гадоў вельмі насычаных. Што мы толькі ні рабілі — і голымі на сцэну выходзілі, і выдумлялі віртуальную дзяржаву. Праводзілі выбары прэзыдэнта, якія скончыліся перамогай кожнага, і гэтак далей… Што было ў жыцьці, тое адбывалася і ў N.R.M.

На мой погляд, вельмі спрыяла разьвіцьцю беларускай музыкі існаваньне фірмы “Каўчэг” і выданьне ёю ў свой час нарэзных дыскаў і касэт. Калі чалавек па абвестцы (альбо проста сказаў нехта) мог прыйсьці ў філярмонію і набыць дыск беларускай музыкі. Трэба адзначыць зьяўленьне лэйблаў: спачатку “Бульба-рэкардс”, потым West, Vigma, гомельскі лэйбл Gо!. Гэта сур’ёзна, таму што я абсалютна ўпэўнены: большая частка нашых грамадзян ня ведае, што ёсьць беларуская музыка такога фармату. Я ведаю шмат бізнэсоўцаў, што падселі на беларускі рок пасьля “Народнага альбому”: “Ух ты! А што яшчэ?”. І потым — ужо такія фанаты беларускай музыкі…

Таксама зьяўленьне праграмы “Акалада” на БТ. Анатоль Вечар увесь час быў захоплены ідэяй раскруткі беларускай музыкі. Ён пачаў гэтую справу — гіт-парад, здымкі кліпаў. Рэзананс атрымаўся велізарнейшы, людзей нарэшце пачалі пазнаваць на вуліцах.

Далей, “Беларуская музычная альтэрнатыва”. Людзі займаліся тым, што ім падабалася. І з гэтага рабілі бізнэс — нармальна! На пачатку 2000-х зьявілася “Беларуская музычная крама” ў інтэрнэце. Брат маёй жонкі Андрэй і дызайнэр Ігар Назаранка папросту прыяжджалі да Супрановіча альбо кудысьці яшчэ, куплялі кіляграмамі гэтыя дыскі і выстаўлялі на продаж. Гандлявалі рарытэтамі — бралі ў нас нейкія чарнавікі… Потым хлопцы зразумелі, што на гэтым не азалацяцца… Але пэўны час гэта працавала. Бо людзі куплялі, цікавіліся…

Потым — музычная прэса, і перадусім зьяўленьне “Музычнай газэты”. Калі выйшлі “Тры чарапахі”, нам трэба было трапіць на вокладку. Мэнэджэрам тады была Анечка (Вольская, жонка Лявона. — М. Ж.), тэлефануе ў дырэкцыю, а ў адказ: “Слухайце, у нас на вокладцы выканаўцы толькі сусьветныя альбо расейскія!”. Трэба было неяк ламаць традыцыю, штосьці абяцаць. Першая старонка ў “Музычнай” — гэта было сур’ёзна! Была прэса: “БДГ”, “БГ”, “Наша Ніва”, проста зьляталіся, як коршакі! Я кожны дзень даваў інтэрвію. І “чэсныя” журналісты таксама былі вельмі актыўныя. З “Советской Белоруссии” “прыляталі”! А мы яшчэ фанабэрыліся. Такімі зоркамі хадзілі, нібыта зь Лёндану прыехалі.

— А як наконт “Басовішча”?

— Для маладых камандаў гэта, безумоўна, сур’ёзьнейшая падзея — выехаць за мяжу, паспытаць іншае піва, іншых дзяўчат. Адчуць зусім іншы ўзровень свабоды. Па-іншаму дыхаецца. У нас страшна закрытая краіна. Страшна, калі людзі трынаццаць гадоў у гэтым жывуць, вырасьлі і гадаваліся тут. І ім падаецца: “Ну, можа і сапраўды так трэба, на халеру наракаць? А што яшчэ можа быць?”.

— Калі уявіць гэтыя 15 гадоў як фільм, што зьяўляецца ягоным саўндтрэкам? Асабіста я адразу ўзгадаю “Радыё “Свабода”, “Я нарадзіўся тут”, “Маё пакаленьне”…

— “Бяжы, бяжы, хлопец” (“Крама”), “Як на далоні” (“Уліс”)… Прычым яны гучалі тады па радыёкропцы! Можа, нешта папсовае — “Пейце піва, мужыкі”(“Сябры”)… Цэлай эпохай для мяне быў “Народны альбом”.

— Калі ўзгадаць назву вашага дыску “Дом культуры” — ці адбудаваны гэты дом у нашай краіне?

— Натуральна, дом ёсьць. І ён вельмі падобны на той, з п’есы паміж песьнямі. Паўсюль ёсьць загадчыца, шмат людзей на розных пасадах, сядзяць, кантралююць. Міністэрства культуры культурай не займаецца! Яно займаецца сваім дабрабытам, каб не прайшло тое, што ня трэба. Вось зараз на “Каранацыю” сьпісы панесьлі зацьвярджаць у Мінкульт. А там: “Давайце тэксты паслухаем, што яны там будуць граць?”. Я цудоўна разумею, калі дзесьці ў Крупках ці ў Быхаве мясцовае кіраўніцтва кажа: “Гэтага ня будзе!”. Ясна, на халеру — каб пасьля гэтага пахіснулася тваё дырэктарскае крэсла? Але зараз гэткі правінцыйны стыль існуе на дзяржаўным узроўні. Гэта з аднаго боку няблага, таму што дазваляе нешта там на Захадзе падыгрываць. А з другога — страшна кепска, таму што няма нармальнага культурнага жыцьця ў краіне.

— Да пытаньня пра ненармальнасьць. Здаецца, толькі ў нашай краіне захаваўся з савецкіх часоў дзіўны падзел на забаронены рок і дазволеную папсу. Чаму так атрымалася, і каму гэта на карысьць?

— Забарона на канцэрты дала вельмі многа беларускім камандам. У інтэрнэце нас крытыкуюць (напэўна, бээрсээмаўцы): “Вось, флёр забароненасьці, разыгрываеце на Захадзе гэтую карту!”. Безумоўна! Мы ж самі сябе не забаранялі! Гэта ненатуральны шлях разьвіцьця для нас, музыкаў. А так — нехта безумоўна бярэ гэта на ўзбраеньне, нейкія палітычныя кампаніі: вось, забароненыя калектывы ў нас іграюць. Пашыраецца, як ніколі, інтэрнацыянальны вэктар беларускай рок-музыкі. Таму што зараз усіх паўсюль запрашаюць.

Зь іншага боку, кожная дзяржава, ня толькі наша, дбае пра тое, каб людзі менш думалі над рознымі пытаньнямі. І каб нехта не завёў іх раптам кудысьці ў нетры падсьвядомасьці. Для любой дзяржавы лепей мець паслухмяную масу. Вядома, што папса абалваньвае. Я не зьбіраюся ні з кім тут змагацца, але відавочна: дзяржава зацікаўленая ў такіх выканаўцах. І ў датацыях на гэтую музыку. А гэтыя бедныя рокеры, што на свае грошы выдавалі 1-2-тысячныя наклады сваіх дыскаў, потым самі разносілі іх па крамах…

— Дык зараз ужо насіць ня трэба…

— Я пра тое, што папсавікі ніколі гэтым не займаліся. Якія дыскі, пра што вы кажаце? Людзі па пятнаццаць гадоў сьпявалі дзьве, тры, пяць песень.

— Але цяпер яны маюць рэлізы!

— Цяпер ім проста сказалі, што трэба так рабіць. “Раз у год вы павінны выпускаць альбом!”. Гэта ж людзі на дзяржаўнай працы. Ёсьць кампазытары, якія пішуць песьні. Ёсьць аранжыроўшчыкі. А гэтым трэба прасьпяваць. Гэтыя хрусталёўскія складанкі — “Срэбныя грамафоны” і гэтак далей — у прынцыпе набываюць. Запатрабаванасьць ёсьць, але нязначная. Дзіўная рэч: у нашых умовах якасны, фактурны поп-выканаўца мусіць мець наклад… ну ня ведаю, трыста тысячаў! Усё ж такі рок-н-рол — гэта плынь даволі спэцыфічная. Папса павінна разыходіцца лепей. Толькі вось мы гэтага чамусьці не назіраем.

— Падаецца, што дзяржаўная папса ў прынцыпе не працуе па законах рынку…

— Тут і размовы ніякай няма! Якія законы рынку? Людзі “на рабоце”, ходзяць на працу, атрымліваюць усталяваныя грошыкі з канцэртаў, штосьці яшчэ — трынаццатую зарплату, напрыклад… Што, Мадонна працуе ад званка да званка як дзяржслужачая? А ў нас ёсьць зоркі ўзроўню Мадонны? Які там шоў-бізнэс! Пра што казаць, калі палова выканаўцаў забароненая? У нас сыстэма вельмі далёкая ад цывілізаванай. Шоў-біз — атрыбут капіталізму. І — няхай мяне выбачаюць знаёмыя анархісты — нам трэба праз гэта прайсьці. У любым выпадку шоў-бізс будзе, калі ў нас зьявяцца алігархі. Калі закруцяцца сур’ёзныя грошы, калі на гэтым можна будзе азалаціцца…. Сёньня — сьмешна пра нешта казаць!

— Нашыя заляцаньні да “Эўрабачаньня” — таксама сьмешна?

— Я шмат гадоў кепска гаварыў пра “Эўрабачаньне”. Але “Zdob Sі Zdub” меня пераканалі, што ў ім няма нічога страшнага. А што, калі мы проста сваім зьяўленьнем там дадамо элемэнт альтэрнатывы? І сапраўды, чаму не? Апошнім часам “Эўрабачаньне” моцна зьмянілася фарматам і апошнія тры фэстывалі было проста цікава глядзець. Этнічны момант прысутнічае вельмі сурьёзна. Але ў нас, як заўсёды, мала шанцаў. Можа, гэтым разам — песьня фарматная… І выканаўца нахабны. Але зноў — гэта памылка. Бо шукаць трэба не сярод афіцыйных папсавікоў. Склад айчыннага журы штогод прыкладна аднолькавы — таму і абіраюць прыкладна тое ж самае.

— На пачатку 1990-х было заўважана пэўнае спазьненьне айчынных музычных пошукаў адносна заходняга поп-рынку. Зьяўляліся “Dire Straits” альбо “U 2”— гадоў праз пяць пачыналі нешта падобнае граць у нас. Ці захаваўся дагэтуль гэты разрыў?

— А цяпер няма такога адзінага папулярнага стылю, таму вельмі цяжка “закасіць” пад кагосьці. Акрамя таго, пару гадоў таму мы з N.R.M. трапілі на рок-фэст у Смаленску. Упершыню паехалі ў Расею, пачулі шмат мясцовых калектываў. І зразумелі: чым далей туды — тым большае спазьненьне.

— Увесь гэты час мы слухалі Вольскага, Варашкевіча, Кулінковіча… Але большасьці рок-герояў недзе пад сорак. Ці вырасла у незалежнай Беларусі новая рок-генэрацыя?

— Гэта якраз і ёсьць галоўным дасягненьнем мінулых гадоў: стварэньне сур’ёзнай рок-плыні. Усе гэтыя “Partyzone” і “прочыя індзігі”… Як сёньня клясна “маўзэры” падняліся! Зрабілася абсалютна нармалёвым, што малады чалавек грае і сьпявае рок па-беларуску. Ці ня рок, нешта набліжанае да року. Сёньня толькі самыя тупыя здольныя казаць: “Белорусское — это не круто!”. У рэгіёнах моцная плынь, пратэстных і не пратэстных. Калі адбіралі на “Басовішча”, Анечка была сярод чальцоў журы і ёй трэба было ўсю гэтую гару матэрыялу праслухаць. Я таксама праслухаў — ну проста мора калектываў! Ясна, што частка спэцыяльна для “Басовішча” па-беларуску запісалася. Але ўсё роўна гучала арганічна.

— Тым ня менш, атрымалі тое, з чаго пачыналі: беларускі рок сёньня існуе амаль у партызанскім фармаце. Але немагчыма ўсё жыцьце правесьці на барыкадах. Ці разглядаеце вы для сябе магчымасьць “легалізацыі”? І на якіх умовах?

— Я раю ўсім маладым калектывам, якім прапануюць падкласьціся пад БРСМ: варта карыстацца сытуацыяй, пакуль яна дазваляе сабой карыстацца. Варта пакарыстацца БРСМ, як мы калісьці карысталіся камсамольцамі. Сытуацыя абсалютна безвыходная. І калі даюць вялікую сцэну, трэба выходзіць і даносіць да людзей думку. Не абавязкова крычаць: “Жыве Беларусь!”.

— І ўсё ж пра вашую магчымасьць легалізацыі...

— Для мяне падобны варыянт — абсалютна нерэальны. З усіх бакоў.

— Як адбіліся гады незалежнасьці на жыцьці Лявона Вольскага, музыкі і грамадзяніна? Ці варта быць удзячным гэтаму часу?

— Безумоўна. Нельга ператварацца ў чалавека, які ўвесь час бурчыць. А ў мяне бывала такое ў жыцьці: калі здыхала “Мроя”. Людзі прыходзілі на рэпэтыцыю, тры гадзіны займаліся і з гэтага нічога не выносілася… Хочацца думаць, што ўсе перажываньні, дэпрэсіі, радасьці і перамогі прыводзяць да апгрэйду. Я вельмі рады, што ўсё атрымалася менавіта так з N.R.M. Для мяне вельмі істотнымі былі нашыя канцэптуальныя шоў — “Радыё “Гамон” і “Падарожжа на возера трох чарапах”. Былі вельмі сур’ёзныя знакавыя альбомы, дзе ў пэўных трэках атрымаўся моцны зьбег словаў і музыкі. “Лёгкія-лёгкія”, тыя ж “Тры чарапахі”… “Я нарадзіўся тут” — шчырая песьня, напісаная з нагоды. Толькі тэкст прадусар крыху сваёй рукой падправіў: “Дзе ўсе да ўсяго прывыкаюць, але гэта мне недарэчна”. У мяне ж: “Хто патрэбна памрэ, а іншыя жыць будуць вечна”. Здаецца, гэта лепей. Так цяпер і сьпяваю на канцэртах.

У прыватным жыцьці ўсё нармальна, грэх скардзіцца. Мы дома з жонкай прыціраліся не адзін год, розныя вельмі. Ну і… прайшло пасьпяхова! Адно што я не выйшаў на нейкі сур’ёзны матэрыяльны ўзровень — нейкія “Лексусы” там, катэдж… Зрэшты, можна было б жыць лепей, але мне ня страшна і ў такім варыянце. Ад нашай рэчаіснасьці нейкіх фінансавых дасягненьняў чакаць не выпадае.

— А нефінансавых?

— А нефінансавыя ёсьць! Усё атрымалася. Ідзе нармальная пруха. А калі “перакрыецца кранік” — пойдзем у літаратуру. Альбо ў выяўленчае мастацтва.


  • Оцени статью: