Студэнты згубяць сваю стыпендыю

Еўрарадыё падлічыла, як скажацца на фінансавым становішчы беларусаў новы законапраект “Аб сацыяльных ільготах”. Колькі льготнікі эканомілі ранней? І колькі яны страцяць цяпер? Відаць, наймацней змены на сабе адчуюць студэнты. Гаворыць ураджэнка Гродна студэнтка 5-га курса БДУ Вольга:

“Маршрутка да Гродна каштуе амаль 40 тысяч. Калі я еду ў выхадны дзень, то магу дазволіць сабе квіток за 20 тысяч. Раней я ездзіла кожныя два тыдні дамоў. Плюс яшчэ праезды ў гарадскім транспарце.

Атрымліваецца, мінімум кожны дзень ездзіць на аўтобусе на заняткі і назад. Нават калі гэта тысяча ў дзень эканоміцца, то за месяц гэта ўжо 30 тысяч. Калі палічыць у суме, то гэта 70 тысяч эканоміі ў месяц. Гэта сярэдняя стыпендыя, якую атрымлівае студэнт”.

“Упарадкаванне” льготаў таксама адчуюць на сабе ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і былыя вязні фашыцкіх канцлагераў. Істотнай для іх будзе адмена 50-адсоткавай аплаты за камунальныя паслугі. На ёй, жывучы ў двухпакаёвай кватэры, за год можна зэканоміць каля паўмільёна.

Прычым, адмену льготаў намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч апраўдала так: “Можна захаваць ільготы, але мы адпаведна атрымаем жыроўкі ў тры-чатыры разы большыя”. Відаць, Наталля Пяткевіч не ўлічыла, што ветэраны і былыя вязні таксама аплочваюць камунальныя плацяжы.

Аднак некаторыя льготы прымяняліся нерацыянальна, лічыць Ніна Ігнатовіч. Яе бацька – ветэран вайны, інвалід 2-й групы, маці – былая вязень канцлагера, інвалід 1-й групы. Гаворыць Ніна Ігнатовіч:

“Мама 4 гады ўжо ляжыць пасля інсульту. То ёй, напрыклад, бясплатны праезд у гарадскім транспарце не патрэбны. І лепш бы далі ёй дапамогу на вітаміны ды на памперсы. Ці бясплатнае пратэзаванне зубоў. На бясплатнае заўсёды была чарга. А чалавек у такім узросце ўжо не можа чакаць. І мой бацька ставіў пратэзы за грошы. І ніхто яму гэтыя грошы не вяртаў”.

Не магла напоўніцу карыстацца льготамі на лекі для дзяцей і Ніна Турковіч, мама трохгадовай Паліны:

“У мяне дзіця вельмі сур’ёзна хварэла да года. Тыя лекі, якія нам былі патрэбныя, - дарагія, эфектыўныя, лекар не магла выпісаць, таму што, з яе словаў, у іх ёсць пералік неабходных танных лекаў. І вось тыя, якія можна было, яна выпісвала. Самае простае, якую-небудзь прысыпку ці ёд – тысячу ці дзве можна было зэканоміць, не больш. Я адкрыла сваю карту бясплатных рэцэптаў. У нас там капейкі”.

Цяпер палічым, колькі можа згубіць пры адмене льготаў абстрактная сям’я, напрыклад, з Гродна. У сям’і жыве бабуля – ветэран вайны, мама, тата, студэнт, які вучыцца ў Мінску, і школьнік. Бабуля згубіць на камунальных плацяжах каля 70 тысяч у месяц, студэнт на праездзе такую ж суму.

Школьнік, які, уявім, ездзіць у гімназію, на праездзе згубіць 13 тысяч. І бабуля на паездках можа згубіць, да прыкладу, не больш за 5 тысяч. Уся сям’я цалкам губляе каля 160 тысяч у месяц.

ДАДАТАК:

Ільготы, якія збіраюцца адмяняць:

Інваліды 1-й і 2-й групаў:

– 50-адсоткавая зніжка на аплату тэлефона (скідка давалася тым інвалідам, якія жылі з непрацаздольнымі чальцамі сям’і);

– 50-адсоткавая зніжка на праезд унутры краіны з 1 кастрычніка па 15 траўня і адзін раз у астатні час;

– бясплатнае ці ільготнае пазачарговае ўсталяванне тэлефонаў;

– чальцы сем’яў інвалідаў пазбаўляюцца ільготы ў выглядзе аплаты 20 кв.м жылой плошчы.

Інваліды 3-й групы:

– 50-адсоткавая зніжка на лекі;

– бясплатнае зубапратэзаванне.

Дзеці-інваліды:

– 50-адсоткавая зніжка на праезд па краіне;

– выплата штогадовай грашовай кампенсацыі на транспартнае абслугоўванне (гэтая ільгота давалася людзям з хворымі ныркамі).

Ліквідатары аварыі на ЧАЭС пазбаўляюцца ўсіх ільготаў.

Ліквідатары, якія сталі інвалідамі:

– бясплатныя лекі, якія выдаюцца па рэцэптах дактароў;

– бясплатны праезд ад месца жыхарства да месца лячэння, абследавання і назад;

– бясплатны праезд раз у год па Беларусі;

– тыя, хто жыве з працаздольнымі сваякамі, пазбаўляецца права на 50-адсоткавую зніжку з аплаты на камунальныя паслугі;

– не будуць кампенсавацца выдаткі, звязаныя з абслугоўваннем дома адзінокага хворага інваліда, якому патрэбны догляд;

– аплочваны бальнічны лісток для працуючых на перыяд лячэння і выплаты дапамогі па сацыяльным страхаванні;

– беспрацэнтная пазыка на будаўніцтва жытла з пагашэннем 50-адсоткавай пазыкі за кошт бюджэту;

– штогоадовая аднаразовая выплаты на аздараўленне;

– асобных ільготаў пазбаўляюцца блізкія сваякі загінулых інвалідаў-ліквідатараў.

Навучэнцы і студэнты:

– 50-адсоткавая зніжка на праезд у гарадскім і прыгарадным транспарце;

– 50-адсоткавая зніжка на праезд унутры краіны з 1 кастрычніка па 30 чэрвеня па суботах, нядзелях і святах. Вочнікі губляюць права і на 50-адсоткавую зніжку на квіткі, якая давалася з 1 студзеня па апошні дзень лютага — ва ўсе дні тыдня, падчас зімовых вакацыяў.

Дзеці:

– дзеці да трох гадоў пазбаўляюцца бясплатных лекаў.

Ветэраны працы:

– лекі, якія выдаваліся з 50-адсоткавай зніжкай людзям, якія дасягнулі 70 гадоў;

– бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў;

– 50-адсоткавыя зніжкі на кошт праезду ў гарадскім транспарце.

Былыя вязні фашысцкіх лагероў, турмаў, гета:

– бясплатныя лекі, якія выдаюцца па рэцэптах дактароў;

– бясплатны праезд у гарадскім і прыгарадным транспарце. Жыхары сельскай мясцовасці — у аўтобусах у межах раёну;

– бясплатны раз на год праезд па тэрыторыі краіны;

– 50-адсоткавыя зніжкі для інвалідаў і непрацаздольных чальцоў сем’яў, якія жывуць разам з імі, на камунальныя паслугі;

– 50-адсоткавая зніжка на аплату кватэрнага тэлефона.

Людзі, якія жывуць у зоне першачарговага і наступнага адсялення:

– правы на бясплатныя лекі, якія выдаюцца па рэцэптах дактароў;

– бясплатнае ўтрыманне дзяцей у дзіцячых садках і летніках;

– павялічаная на 100 адсоткаў дапамога на дзяцей малазабяспечаным сем’ям;

– 100-адсоткавая аплата бальнічных лісткоў бацьку хворага дзіцяці, калі той знаходзіўся з дзіцем у санаторна-курортнай установе;

– бясплатнае харчаванне школьнікаў і навучэнцаў ПТВ і тэхнікумаў.

Людзі, якія жывуць у зоне з правам на адсяленне:

– пазбаўляюцца практычна ўсіх ільготаў, застаецца толькі для дзяцей бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне, бясплатны праезд на прыгарадным транспарце, у пасажырскім транспарце па Беларусі да месца лячэння і абследавання. Дапамога па доглядзе за дзіцем да трох гадоў застаецца ў памеры 150 адсоткаў.

Донары:

– 50-адсоткавыя зніжкі з кошту лекаў;

– бясплатнае зубапратэзаванне.

Інваліды ВАВ і баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў:

– бясплатны праезд раз у год на паветраным, водным і аўтатранспарце. Уведзена 50-адсоткавая зніжка;

– чальцы сем’яў пазбаўляюцца ільготаў на камунальныя паслугі.

Практычна ўсім інвалідам не будзе давацца кампенсацыя транспартнага абслугоўвання і кампенсацыя за бензін.

  • Оцени статью: