1991-2006. Вынікі
ад Сяргея Антусевіча

Сяргей Антусевіч ужо болей за шэсць гадоў кіруе пярвічнай арганізацыяй Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ “Гродна Азот”. Разам з тым гэты малады чалавек, якому зараз 33, з’яўляецца дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў. У межах нашага праекту Антусевіч распавёў пра дасягненні і праблемы прафсаюзнага руху ў незалежнай Беларусі.

— Калі параўнаць 21 снежня 1991 года з 21 снежня 2006 года, то незалежныя прафсаюзы ў нашай краіне зрабілі крок назад, наперад ці засталіся прыкладна на тым самым месцы?

— Вельмі цяжка наогул вымяраць гэта сістэмамі нейкіх каардынат. Натуральна, на той час былі зроблены гераічныя ўчынкі — я маю на ўвазе і салігорскі страйк, і галадоўкі, і маршы пратэстаў. Уявіць цяпер, што было ў тыя гады і чаго людзі дамагліся такім чынам, фактычна немагчыма.

Але ж кожнаму часу свае героі. За гэты перыяд было вельмі шмат зроблена. Вялікі крок наперад. На жаль, калі гаварыць пра гісторыю, то фактычна за гэты час у нас кардынальным чынам памянялася краіна: заканадаўчая база, сацыяльныя адносіны... Эканоміка стала зусім іншай, палітычная сістэма сфармаваная зусім не так, як планавалі ў 1991 годзе. Таму зараз проста наяўнасць незалежных прафсаюзаў – гэта вялікая справа, магчымасць людзям свядома выбіраць.

— Такім чынам, крок наперад ўсё ж такі ёсць.

— Абсалютна. Хаця, калі разглядаць гэтае пытанне ў гістарычнай перспектыве, то мы фактычна вярнуліся назад у той частцы, што зноў адстойваем сваё права на існаванне. Мы гаворым, што маем права аб’ядноўвацца ў незалежны прафсаюз, маем права на годны заробак і годныя ўмовы працы.

Яшчэ некалькі год таму мне здавалася, што паварот у гэты бок абсалютна немагчымы. Але ж 2006 год паказаў адваротнае. Мы як арганізацыя, па-першае, павінны трымацца, па-другое, даказваць уладам, што мы нармальныя, такія ж, як іншыя людзі – ходзім на тых жа нагах, думаем пра гэтую ж самую краіну… Можа, думаем іншымі катэгорыямі, з другога пункту гледжання, але ж маем абсалютнае права на існаванне, на адстойванне інтарэсаў сяброў арганізацыі.

— За гэтыя пятнаццаць год ёсць пэўныя магчымасці, якія былі нескарыстаныя. Што, на тваю думку, перашкодзіла незалежным прафсаюзам стаць больш уплывовымі, большымі па колькасці сябраў?

— На мой погляд, калі арганізацыі незалежных прафсаюзаў паўсталі шмат на якіх прадпрыемствах, не былі зроблены крокі для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Час быў згублены. Таму цяпер ёсць праблемы, прыкладам, з юрыдычным адрасам. Калі б вырашылі пытанні з набыццем маёмасці, то зараз такой праблемы не ўзнікала б. У дзяржавы не было б магчымасці ціснуць праз гэта.

Можа, такая тэза сумнеўная. Але ж нават калі б у нас на “Азоце” памяшканне было ва ўласнасці прафсаюза, то нам бы не прыйшлося цяпер плаціць арэндную плату, хадзіць да дырэктара прасіцца працягнуць дагавор арэнды. Такая ж самая сітуацыя практычна ва ўсіх незалежных прафсаюзных арганізацыях.

— Але гэта хутчэй наступствы таго, што незалежныя прафсаюзы не здабылі такі моцны аўтарытэт сярод працоўных, у выніку чаго тыя б масава жадалі ўступаць менавіта ў гэтыя прафсаюзы і бараніць іх і свае інтарэсы. З іншага боку, як мы бачым, у значнай часткі працоўных захавалася спажывецкае стаўленне да прафсаюза, кшталту “прафсаюз мусіць абараніць мае правы”. Усё так, але ж крышку па-іншаму: “прафсаюз дапамагае мне абараніць свае правы”. Чаму ўсё гэта адбылося? Што не так з грамадскай свядомасцю альбо самімі прафсаюзамі?

— Па-першае, гэта было закладзена яшчэ савецкай гісторыяй, якая дасталася нам у спадчыну. У СССР прафсаюзы былі часткай дзяржаўнай машыны. Натуральна, калі прыйшла незалежнасць, калі паўсталі незалежныя прафсаюзы, гэта сталася каталізатарам аддзялення прафсаюзаў ад дзяржавы (цяпер гэты працэс ідзе ў адваротным кірунку). Але ж у свядомасці людзей засталася тая самая арганізацыя, якая аплочвае лісткі непрацаздольнасці, дае пуцёўкі, падарункі…

Мне яшчэ ў 2002 годзе прыходзілася пераконваць рабочых, што прафсаюз ніякага дачынення да “бальнічнага” не мае. І гэта было праз дзесяць год пасля стварэння фонда сацыяльнай абароны — дзяржаўнай структуры, якая гэтым займаецца.

На Захадзе чалавек плаціць складкі ў прафсаюз не дзеля таго, как нешта атрымаць адтуль, а каб ніколі не прыйшлося туды звяртацца, бо ягоныя інтарэсы адстойваюцца ўвесь час, а не толькі тады, калі іх ужо парушылі. У нас жа наадварот. Нават моладзь дрэнна ўяўляе сабе мэты існавання і спосабы дзейнасці прафсаюза.

— А ты быў сябрам студэнцкага прафсаюза?

— На шчасце, не, таму што вучыўся па накіраванні “Азота”, і гэтае прадпрыемства плаціла мне стыпендыю. Па гэтай прычыне з мяне не маглі аўтаматычна вылічваць прафсаюзныя складкі.

Калі шчыра, то ад студэнцкага прафсаюза можна было ў тыя часы атрымаць хіба што пуцёўку ў прафілакторый. Ён месціўся на другім паверсе інтэрната, і, каб трапіць туды, мне дастаткова было проста спусціцца з дзесятага паверха. Я не разумеў, што гэта за прафілакторый, які знаходзіцца ў тым жа самым будынку, дзе я жыву. У нас былі панцарныя ложкі, а там драўляныя. У нас было карыта душавое, а там – больш-менш ванна. Вось і ўся розніца.

— У 2006 годзе на “азотаўскую” арганізацыю Беларускага незалежнага прафсаюза ціск быў асабліва моцны. Якія ў звязку з гэтым былі прыемныя адкрыцці і якія расчараванні?

— Прыемныя ўражанні ад таго, што ёсць людзі, гатовыя ісці да канца, каб толькі быць сябрамі незалежнага прафсаюза. Непрыемныя рэчы: людзі, якім я давяраў, зламаліся і адышлі ў цень. Я не кажу, што яны змянілі погляды — яны проста не вытрымалі таго ціску. Перад імі стаў выбар: ці працаваць на гэтым прадпрыемстве, ці задумацца пра наступны дзень. Менавіта так было пастаўлена пытанне. Асабліва гэта тычыцца інжынерна-тэхнічных работнікаў.

У любым выпадку я перакананы, што мы атрымалі шмат урокаў з таго, што адбылося. І я вельмі ўсцешаны, што сёння арганізацыя жывая і мы фактычна трымаем сцяг на гэтым прадпрыемстве. Натуральна, нас паменшала. Але ж не лічыцца з намі ўсё роўна немагчыма.

— Гродна мяжуе з Польшчай, якая развіваецца зусім ў іншым накірунку. Якое гэта стварае ўражанне на тваіх землякоў?

— Гэтая краіна шмат каго з гродзенцаў “корміць” праз заробак, які атрымліваецца ад памежнага гандлю. Дарэчы, калі я ездзіў у Польшчу абараняць дыплом у Інстытуце дзяржаўнага кіравання ў Беластоку, у цягніку сустрэў сваю настаўніцу. Шчыра, мне было шкада, што чалавек, які прапрацаваў усё жыццё, едзе туды, каб прадаць блок цыгарэт, купіць прадукты і вярнуцца дахаты. Пры гэтым, яна можа яшчэ шмат чаго рабіць — за мяжой такія людзі аб’ядноўваюцца ў розныя арганізацыі. Але ж яна вымушаная выкручвацца ў гэтым жыцці, тым больш што ёсць такая магчымасць – блізкасць мяжы.

Натуральна, у Польшчы ёсць свае праблемы. Але там людзі ведаюць пра гэта, намагаюцца іх вырашаць. У нас жа, нават калі мы здагадваемся пра праблемы, то імкнемся іх замоўчваць ці не заўважаць.

Палякі далёка наперадзе. Прайшлі прыватызацыю, шматлікія эканамічныя і палітычныя рэформы. Узровень жыцця там несумненна вышэйшы. Кошты ў Польшчы збольшага прымальныя нават для беларусаў, заробкі якіх значна ніжэйшыя, чым у суседзяў.

— Ты з’яўляешся дэпутатам Гродзенскага гарсавета і цяпер балатуешся на новы тэрмін. Калі параўноўваць перадвыбарчую кампанію чатыры гады таму і сёння, то ў чым адрозненні?

— Яны істотныя. Тады я быў малады і зялёны — ішоў змагацца за месца ў гарадскім савеце дэпутатаў у першы раз, ведаючы, як гэта працуе, толькі тэарэтычна. Зараз я маю практычны досвед: што рабіць можна, што можна, але бессэнсоўна, а што — абсалютна немагчыма. З гэтым грузам нашмат цяжэй, бо падманваць я проста не маю права.

— А што з сябе наогул уяўляе мясцовая ўлада, як заканадаўчая, так і выканаўчая? Што яна можа і што не?

— Савет дэпутатаў — гэта людзі, якіх збіраюць ў выканкаме, каб параіцца, давесці нейкія пазіцыі. Але форма мясцовага самакіравання — тое, што выканкам падсправаздачны, але ж непадкантрольны, — фактычна перакрэслівае ўсю сістэму Савета, як органа ўлады, які ўплывае на прыняццё рашэнняў.

Так, Савет сапраўды ўзгадняе, прымае бюджэт. Але ж фактычна пракантраляваць выкананне гэтага бюджэта вельмі цяжка. І гэта складаная праблема.

У выканаўчай улады ёсць пэўныя межы па розных пытаннях — дзе што можна рабіць, дзе — нельга. У іх гэтая ўлада і балансуе, а потым робіць справаздачу перад уладай цэнтральнай. Фактычна, сістэма больш-менш адпрацаваная. Але ж мне яна нагадвае пажарную каманду: ёсць праблема — будзем вырашаць, няма — тады ўсё ў парадку.

— Калі падсумаваць вынікі пятнаццаці гадоў наогул, што, на тваю думку, ёсць галоўным?

— Галоўнае, што Беларусь ёсць і праз пятнаццаць гадоў на мапе свету як незалежная дзяржава. Гэта каштоўнасць, якую мы здабылі не так, як, напрыклад, эстонцы. Не ў крывавых муках. Яна нам звалілася на галаву з неба, і кожны год незалежнасці дае нам упэўненасць, што Беларусь — краіна, якая мае сваю гісторыю, свае карані. Я б хацеў яе бачыць іншай краінай, але сам факт, што яна ёсць, не можа не задавальняць.

З іншага боку, турбуе, што шматлікія эканамічныя, сацыяльныя ды іншыя праблемы, якія ствараюцца цяпер, давядзецца вырашаць, магчыма, нават нашым дзецям. Гэта — не найлепшая спадчына.

— А калі глянуць на адно асобна ўзятае прадпрыемства — “Гродна Азот”?

— Мне сумна, што апошнія сур’ёзныя інвестыцыі ў выглядзе дзясяткаў мільёнаў долараў былі ўкладзены ў прадпрыемства дзесяць год таму. Цяпер мы фактычна не можам закончыць будаўніцтва новых вытворчасцяў, пачатае яшчэ тады. Сёння ставіцца задача падваення магутнасці “Азота”, але ж ніхто не гаворыць, якім коштам гэта будзе дасягацца. Так, завод, як тады, так і цяпер, працуе. Але ж няма новых тэхналогій. Таму гэта тое самае прадпрыемства, якое проста стала старэйшым.

— Ну і, нарэшце, традыцыйнае пытанне: твае асабістыя вынікі 1991-2006?

— Гэтыя 15 год былі вельмі важныя ў маім жыцці, таму што я стаў спецыялістам, зрабіў пэўную кар’еру. Тым, чым я займаюся, задаволены цалкам. Маю сям’ю, сына. І веру, што лепшае яшчэ наперадзе.

Гутарылі Алена Якжык і Аляксандр Старыкевіч

  • Оцени статью: