Эксперт: Калі беларусы не здольныя да самакіравання, чаму ж ім давяраюць выбіраць кіраўніка дзяржавы?

З канца XVIII стагоддзя ўлада ў беларускіх гарадах не належыць грамадскасці. Ці магчыма змяніць сітуацыю зараз, калі цягам апошніх пяці гадоў у рэгіёнах пачалі стварацца мясцовыя ініцыятывы, а на пачатку студзеня 2010 года быў прыняты новы закон “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”?

Доктар гістарычных навук, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Захар Шыбека ўпэўнены, што ў сучаснай Беларусі знішчана традыцыя самакіравання, а мяняць сучасную дзяржаўную канцэпцыю мясцовага кіравання ніхто не імкнецца – ні ўлада, ні грамадскасць.

-- Органы мясцовага самікаравання ў Беларусі (саветы і выканкамы) – гэта структура кіравання тэрыторыямі, якой дзяржава дэлегіруе частку сваіх абавязкаў. А сапраўднага самакіравання, калі б грамада збіралася па сваёй ініцыятыве і ў адпаведнасці з законам кіравала сваімі справамі, няма, -- сцвярджае вучоны. – І ў сучасных умовах наўрад ці з’явіцца такая структура.

Гісторык тлумачыць гэта тым, што ў эпоху індустрыялізацыі дзяржава поўнасцю захапіла кантроль над грамадствам і робіць усё магчымае, каб не дапусціць самакіравання.

-- У савецкія часы, ды і ў сучаснай Беларусі, улада пазбавілася ад гэтых суб’ектаў самакіравання, -- кажа Захар Шыбека. -- Акрамя таго, у нас на месцах ніхто не зацікаўлены ў самікараванні, усе разлічваюць на дзяржаву.

У такіх умовах, на думку вучонага, адзіным варыянтам удзелу грамадскасці ў справах мясцовага кіравання можа стаць змаганне за тое, каб дзяржава дазволіла выступаць супраць самой сябе. Гэта так званае “права рокашы”, якое існавала ў Рэчы Паспалітай, калі шляхта мела права выступаць супраць караля.

-- Калі ў дэмакратычным палажэнні закладзена, што створаныя дзяржавай органы мясцовага самакіравання будуць мець права выступаць супраць дзяржавы, тады і можна казаць пра самакіраванне, -- робіць выснову гісторык.

У той жа час, калі міжнародныя структуры папракаюць прадстаўнікоў беларускай улады тым, што ў краіне адсутнічае мясцовае самакіраванне, чыноўнікі ў апраўданне прыводзяць два тэзісы. Першы – адсутнасць традыцыі самакіравання, другі – адсутнасць грошай.

-- Але ж першы тэзіс не такі моцны, як падаецца, -- гаворыць старшыня праўлення Фонда імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса. -- Бо калі разумець яго літаральна, то аказваецца, што беларусы не здольныя выбіраць кіраўніка на мясцовым узроўні. Але чаму тады беларусам давяраюць выбіраць кіраўніка дзяржавы?!

Што тычыцца грошай, то сёння каля 50 адсоткаў кансалідаванага бюджэта праходзяць праз мясцовыя органы ўлады: аблвыканкамы, райвыканкамы. Па словах эксперта “Заўтра тваёй краіны”, гэта еўрапейскія паказчыкі. Праблема палягае ў іншым.

-- Калі мы кажам пра рэформы мясцовага самакіравання, мы не просім грошай, -- тлумачыць Міраслаў Кобаса. – Размова ідзе пра тое, каб пераразмеркаваць фінансавыя плыні. Што будзе, калі перавярнуць піраміду: паўнамоцтвы абласнога ўзроўня перадаць першаснаму – вясковаму? Гэта азначае, што менавіта на мясцовы ўзровень пойдуць грошы, бізнес, і ў тутэйшых жыхароў з’явіцца стымул заставацца на малой радзіме.

На думку Міраслава Кобаса, змяніць канцэпцыю мясцовага самакіравання толькі праз набыццё права выступаць пры неабходнасці супраць дзяржавы – недастаткова. У 59 артыкуле новага закона аб мясцовым самакіраванні з’явіўся запіс, што ў выпадку парушэння правоў мясцовых саветаў яны маюць права звяртацца ў суд.

-- Юрыдычна -- гэта і ёсць выступленне супраць дзяржавы. Але ж зразумела, што дэ-факта ўзнікае другое пытанне: а суддзі хто? Значыць, праблема ў іншым, -- мяркуе эксперт. Беларуская канцэпцыя развіцця мясцовага самакіравання грунтуецца на тым, што саветы – дзяржаўныя органы. Значыць, яны залежаць ад кіраўніцтва раёна, а не ад людзей. А павінна быць так, каб мясцовае самакіраванне спалучала інтарэсы дзяржавы і інтарэсы мясцовых жыхароў.

-- Калі ў чалавека з’явіцца рэальная магчымасць паўплываць на тое, што адбываецца ў яго мясцовасці, ніхто не адмовіцца ад такой мадэлі самакіравання, -- упэўнены Міраслаў Кобаса.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 5