Удзельнічаць у акцыях пратэсту гатовыя не больш за 4% беларусаў

Ва ўмовах эканамічнага крызісу беларусы больш схільныя прыстасоўвацца да сітуацыі. Большасць з іх беларусаў не чакае ад жыцця шмат, але на мінімум спадзяецца. Удзельнічаць у акцыях пратэсту сёння гатовыя не больш за 4% беларусаў.

Гэтыя ды іншыя высновы робяцца ў доследзе “Сацыяльныя кантракты сучаснай Беларусі”. Асаблівасць доследу – яго комплексны характар, а таксама падзел беларускага грамадства на пяць груп: найманыя работнікі, пенісянеры, моладзь, прадпрымальнікі і дзяржслужбоўцы. Аналіз інтарэсаў грамадзян у кожнай групе дазваляе казаць пра тое, хто сёння ў Беларусі найбольш і найменш схільны да змен і які палітычны мэсідж лепш за ўсё пасуе да адпаведнай групы ці падгрупы.

Напрыклад, сярод найманых работнікаў усяго толькі 11,4% прыхільнікаў рынкавых рэформаў, аднак іх лік можна павялічыць да 50%, калі закрануць тэмы рэструктурызацыі беларускай прамысловасці і рэформы рынку працы. У гэтай групы таксама знайшла б станоўчы водгук ідэя стварэння новых працоўных месцаў, асабліва ў прыватным сектары.

58,7% беларускіх пенсіянераў мяркуюць, што іх пенсія недастатковая для жыцця, але ўвогуле гэтая сацыяльная група больш лаяльная да ўлады. Пры гэтым больш за 60% пенсіянераў ускладаюць адказнасць за свой дабрабыт на дзяржаву.

Менш за іншыя групы спадзяецца на ўлады моладзь. Асноўнае патрабаванне гэтай групы абумоўленае неабходнасцю палепшыць асяродак, які б дазваляў больш актыўна працаваць і больш зарабляць.

Згодна з доследам, беларускія прадпрымальнікі ўспрымаюць дзяржаву як “зададзены асяродак”, а не як партнёра для дыялогу. Для іх найбольш каштоўная сама магчымасць займацца бізнэсам – магчымасць, якую, нягледзячы на дыскрымінацыйныя ўмовы, дае дзяржава.

Аўтары доследу, які правёў Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) разам з Асіямітрычнай лабараторыяй “НОВАК” і Даследчым цэнтрам Інстытута прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту, прыходзяць да высновы, што беларуская стабільнасць грунтуецца на згодзе грамадства з тым станам рэчаў у краіне, які вызначыла ўлада. А тая, у сваю чаргу, выконвае пэўны мінімум абавязкаў, дадзеных грамадству.

Сацыяльныя кантракты ў сучанай Беларусі/ Пад рэд. К. Гайдука, А. Ракавай, В. Сіліцкага. – СПб.: Невский простор, 2009. – 224 с.

  • Оцени статью: