Абмеркаваць з грамадскасцю праект закона аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі

Камісія Палаты прадстаўнікоў ухваліла 12 ліпеня праект закона аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) Алег Трусаў прапаноўвае парламентарыям наладзіць грамадскае абмеркаванне гэтага дакумента, які пакуль ідзе пад грыфам “для службовага карыстання”, а яшчэ перш чым узаконьваць правілы правапісу беларускай мовы, унармаваць для саміх сябе тую “трасянку”, якой карыстаецца большасць дэпутатаў.

-- Увесь трагікамізм сітуацыі ў тым, што правілы правапісу беларускай мовы замацоўвае самы “небеларускі” парламент з усіх, што былі ў незалежнай Беларусі! – абураецца Алег Трусаў.

На яго думку, праект закона "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" павінен быць дасланы на абмеркаванне ў ТБМ, у Саюз беларускіх пісьменнікаў, у сродкі масавай інфармацыі.

-- Патрабуецца шырокае грамадскае абмеркаванне праекта”, -- упэўнены старшыня ТБМ. – Я наогул лічу, што ёсць патрэба ў стварэнні тэрміналагічнай камісіі, якая б унармавала беларускі правапіс для грамадскіх устаноў.

Спадар Трусаў лічыць, што праект закона аб правапісе беларускай мовы зусім невыпадкова быў прыняты менавіта пасля таго, як сталі вядомыя вынікі тэсціравання выпускнікоў сярэдніх школ.

-- Улады занепакоеныя ростам беларушчыны сярод моладзі, бо ў гэтым годзе на беларускай мове тэсты здавалі на 12 тысяч выпускнікоў больш, чым летась. Да таго ж пры ўсёй той занядбанасці беларускай мовы ў сярэдніх навучальных установах, менавіта па гэтым прадмеце тры чалавекі набралі вышэйшы бал – 100, у той час як па рускай мове, засілле якой усе мы адчуваем, -- толькі два, -- гаворыць Алег Трусаў.

Па меркаванні старшыні ТБМ, “унармаванне” задумана дзеля таго, каб унесці блытаніну ў беларускі правапіс і тым самым адбіць у моладзі ахвоту карыстацца беларускай мовай.

-- Але наўрад ці гэта атрымаецца забараніць мову зусім яны не могуць – надта ўжо моцны супраціў, -- загадзя ацэньвае магчымыя вынікі распачатай кампаніі Алег Трусаў. Па яго падліках, мова “унармуецца” сама па сабе гадоў праз дваццаць.

Также читайте на эту тему

Пётра Садоўскі: “Рэфармаваць правапіс у закрытым рэжыме немагчыма”

 

  • Оцени идею: