Квартплата будзе каля 160 тысяч рублёў

У наступным годзе квартплата можа павялічыцца на 20 долараў. Гэта заява Міністэрства эканомікі Беларусі, якая тычыцца праекта сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2008 год. Нагадаем, што раней прэзідэнт краіны назваў лічбу ў 5 долараў, вышэй за якую кошты падымацца не мусяць.

Цытата з Усебеларускага народнага сходу: “У нас, як і ў любым цывілізаваным грамадстве, дзяржава бярэ цэнаўтварэнне пад кантроль. Так было і з камунальнымі паслугамі, калі я дырэктыўна ўсталяваў іх рост у 5 долараў у год”. Кошты на камунальныя паслугі і так растуць большымі тэмпамі, чым узровень інфляцыі.

Еўрарадыё вырашыла параўнаць, наколькі больш мы будзем плаціць за кватэру зімой і летам наступнага года.


У гэтым годзе квартплату падвысілі ўжо ў студзені. Калі гэтак жа будзе і ў наступным, то падвышэнне мы будзем адчуваць цэлы год.

Ці заўважаць людзі гэтыя змены і ці змогуць іх “пацягнуць”, Еўрарадыё запыталася ў эканаміста Леаніда Злотнікава.

Леанід Злотнікаў: “Пэўная частка насельніцтва мае запазычанасці па квартплаце, ўстойліва не плаціць. Можна чакаць, што гэтая частка вырасце на некалькі адсоткаў, але, я мяркую, не на шмат. Цяпер рост заробкаў у нас затарможаны, то бок рост заробкаў будзе адставаць, не зможа дагнаць росту коштаў. Наконт ільготнікаў па аплаце камунальных паслуг — іх стане больш. Але кардынальна сітуацыя не зменіцца, бо 20 долараў для такога мала. Калі зімой мы плацім недзе 70 долараў за двух-трохпакаёўку, то 90 — гэта не настолькі больш, каб не здолець плаціць."

Квартплату ў поўнай ступені плоцяць цяпер не ўсе. Людзі, для якіх кошт камунальных паслугаў — 15 % ад іх агульнага прыбытку, карыстаюцца субсідыямі на квартплату. Ці шмат такіх людзей у асобна ўзятым раёне, Еўрарадыё запыталася ў вядучага бухгалтара ЖРЭА Савецкага раёну Ірыны Стэфанавай.

Ірыны Стэфанава: “У летнія месяцы — 20-22 сям’і. У зімовыя — 40 кватэр. Субсідыі ў асноўным атрымліваюць пенсіянеры. Каб атрымаць субсідыю, трэба, каб на чалавека быў прыбытак 180 тысяч. Гэта мала, такіх пенсій нават няма ў нас. Гэта хіба што, калі маці-адзіночка, і яна атрымлівае толькі дапамогу. Таму рэзкага скачка не будзе”.

Дарэчы, як даведалася Еўрарадыё, субсідыі — гэта адрасная дапамога, таму іх у наступным годзе як ільготу не адменяць.

Па звестках Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, людзі цяпер аплочваюць 45 % усяго кошту камунальных плацяжоў. Наколькі павялічыцца гэта лічба, калі кошты так падскочаць, сказаць пакуль складана. Пакуль што рэзкае падвышэнне коштаў толькі ў планах. Эканамісты мяркуюць, што прэзідэнт можа і не падпісаць такі дакумент, каб не супярэчыць сваім жа абяцанням.

Колькі мы плацім і колькі што каштуе?


  • Оцени статью: