Escape у новы landscape
Спецыяльнасць: ландшафтны дызайн

У 2002 годзе мэрыя горада Ватэрло (Канада) выдаткавала 25 тысяч канадскіх долараў на афармленне “зялёных дахаў” на муніцыпальных будынках. Напрыканцы 2005 года на адным з цэнтральных будынкаў, што на Regina Street, з’явіўся першы “зялёны дах” – з дрэўцамі, кветкамі, кустамі. Зараз зелень аздабляе шпіталь Grand River Hospital, Perimeter Institute. “

Ну і што?” – спытаеце вы. Ды нічога, проста Карлсану спадабалася б. І ватэрлоўцам файна: дзякуючы ландшафтным дызайнерам, яны дыхаюць нашмат больш чыстым паветрам. А з вышыні птушынага палёту здаецца, што пралятаеш над аазісам.

Насамрэч гэта Нью-Йорк ландшафтныя дызайнеры хацелі ператварыць у горад “зялёных дахаў”. Але пакуль улады разважалі, канадцы іх апярэдзілі. Ствараць прыемныя, здаровыя і бяспечныя для асяроддзя будынкі было заўсёды крута. І, дарэчы, ландшафтная архітэктура – яскравы прыклад таго, як сфера дзейнасці можа заставацца моднай і патрэбнай на працягу некалькіх стагоддзяў.

Горад-сад

Ландшафтны дызайн і дэкаратыўнае садаводства як спецыяльнасці “аб’явіліся” ў 1863 годзе, хаця тэрмін “ландшафтная архітэктура” быў уведзены яшчэ ў 1828 годзе.

А ўсё пачалося з “рысовак”: нью-йоркцы вырашылі здзівіць модную тады ў Штатах Еўропу сваім густам і задумаліся, чым бы такім прыгожым абламаць фанабэрыстасць еўрапейцаў.

Але казаці і рабіць – розныя рэчы. Спрэчкі па пытанні “Ну нахалеры нам гэта ўпала?” доўжыліся сем год (!), а пасля ўсё ж такі быў абвешчаны конкурс на лепшы дызайн гарадскога парку. У выніку перамог праект Фрэдрыка Олмстэда, і ў 1857 годзе ў Нью-Йорку пачалася падрыхтоўка да буйнамаштабнага праекта коштам у дзесяць імльёнаў долараў.

У горада было выкуплена 840 акраў (каля 3,4 кв.км) зямлі ў цэнтры Манхэтэна, дзе ў той час пражывала каля 1600 чалавек. Выкупленая тэрыторыя ўяўляла сабой звычайнуб пустку, якую ніхто не хацеў браць нават пад будоўлю камерцыйных прадпрыемстваў ці хмарачосаў.

Ландшафтныя дызайнеры збіраліся ўсё апрацаваць, надаць “старажытны” выгляд камяням, а з забалочаных кавалкаў тэрыторыі зрабіць маленькія азёры і пабудаваць масткі. Таксама было вырашана, што ўсе чатыры мясцовыя будынкі будуць пакінутыя ў спакоі, адно што ім нададуць “натуральны выгляд”.

Цэнтральны парк будавалі як мінскую “нацыяналку”: працавалі па 10 гадзін у дзень і ўсяго за 1-1,5 долара ў суткі. Ужо ў снежні 1858 жыхары Нью-Йорка маглі катацца на каньках на вялікім возеры, якое пазней з’явіцца не ў адным фільме.

Месцазнаходжанне парку ясна давала зразумець, што такі прыгожы аазіс быў зроблены яўна не для працоўных з Бронкса. Ён стаў месцам забавы і прагулянак “новых амерыканцаў”, а працоўныя людзі хадзілі ў Цэнтральны парк выключна па выходных і ў парадных чаравіках.

З цягам часу змяніўся стыль Нью-Йорка, змяніліся жыхары Манхэтэна. З прытулку для багатых лайдаклў ён ператварыўся ў кіпучы дзелавы цэнтр. Адпаведна і парк стаў непазнавальным: дзіцячыя пляцоўкі, паляны для пікнікоў і ланчаў. Некаторыя марылі пакінуць парк казачна-старажытным, але...

Сёння гэта ўлюбёнае месца нью-йоркцаў і турыстаў: па выходных тут можна пабачыць пастаноўкі Шэкспіра, павячэраць у вядомым рэстаране Tavern of the Green, паглядзець, як гуляюць у футбол ці бейсбол, пазаймацца спортам ці пазагараць, калі дазваляе надвор’е.

Бетонныя сады Семіраміды

Чым займаюцца дызайнеры ландшафтаў, добра бачна на прыкладзе рэканструкцыі парку Сеанюда ў еуле (Паўднёвая Карэя).

З пачатку 1990-х гадоў мэрыя Сеула пачала ажыццяўляць так званую “зялёную праграму”, якая павінна была змяніць аблічча горада і выправіць экалагічныя памылкі і хібы планавання будынкаў, зробленыя падчас хуткага і часта хаатычнага росту горада.

Асноўнай задачай была рэканструкцыя велічэзнага гарадскога парку Ханган, пабудаванага ў 1980-я гады па ўсіх правілах і з улікам лайфстайлу таго часу.

Асаблівую ўвагу дызайнеры звярнулі на парк Сеанюда, размешчаны на востраве пасярод ракі. Напачатку ХХ стагоддзя гэтае месца было прыстанішчам пустэльнікаў – сюды прыходзілі медытаваць манахі-даасісты. У сярэдзіне стагоддзя востраў быў спустошаны кар’ернымі распрацоўкамі, у 1965 – амаль зруйнаваны апорамі для маста Янгхва, а ў 1978 – канчаткова забруджаны з-за ачышчэння завода. Таму трэба было нешта рабіць з жалезным ламаччам і бетоннымі камлыгаім.

Чувакі абвясцілі конкурс на лепшы праект, у якім перамагла фірма SeoAhn Total Landscape. Спецыялісты фірмы прапанавалі не зносіць ламачча, а прыстасаваць старыя формы пад новае абсталяванне. Архітэктары трансфарміравалі пакінутыя пасля ачышчэння завода канструкцыі і выкарысталі іх прамысловыя формы. У выніку па бетоне пусцілі ваду, побач пасадзілі зелень – атрымалася галерэя “Рэкі Ханган”. Галерэя мае мультымедыйны пакой, выставачныя залі і кнігарню.

Таксама тут ёсць музей, які тлумачыць і інтэрпрэтуе гісторыю Сеула ў кантэксце цыкла жыцця ракі і блізразмешчанай флоры і фаўны.

Калі ўзгадаць, што раней гэта была проста апрацаваная груда хламу, размешчаная на месцы помпавай станцыі, то вынік працы ландшафтных дызайнераў сапраўды ўражвае.

Наогул у Сеуле на месцы сметнікаў, пустэчаў і былых тэрыторый прамысловых прадпрыемстваў разбілі 12 паркаў. У залежнасці ад месцазнаходжання кожны парк атрымаў сваю тэматыку. Напрыклад, Yeouido, Jamsil і раёны Ttukseom вельмі папулярныя, дзякуючы круізу на пароме па рацэ Hangang.

А паколькі побач з паркам Yeouido размяшчаліся галоўныя тэлевізійныя студыі Сеула, то яго вырашылі аформіць у стылі “шоў-драмы”. Ёсць спартыўны парк Ttukseom, які завуць меккай для аматараў водных лыжаў.

На прастор, на шырокі прастор!

Спецыялізацыя “ландшафтны дызайн” і “дэкаратыўнае садаводства” сёння прызнаныя Міжнароднай арганізацый працы. Спецыялісты гэтай галіны нават маюць свой прафсаюз – Міжнародную федэрацыю ландшафтных дызайнераў (International Federation of Landscape Architects). У многіх краінах існуюць бюро архітэктараў па ландшафце, дзе прапануюць паслугі ад распрацоўкі дызайну ландшафтаў, дарог, басейнаў, кар’ераў і лясоў да афармлення веласіпедных трас і пляцовак для гольфа.

Будучых спецыялістаў па ландшафтным дызайне рыхтуюць звычайна на факультэтах дызайну ці архітэктуры. Студэнты вывучаюць біясістэмы, дызайн паркаў і адкрытай прасторы, кампутарную апрацоўку дызайнаў, дызайн будынкаў і жылых памяшканняў, інжынерыю, ландшатную флору, гарадскі і сельскі дызайн, зямельнае заканадаўства, ацэнку зямельных надзелаў, эканамічнае развіццё і кіраванне зямельнай уласнасцю. Самае галоўнае, што акрамя агульнаадукацыйных дысцыплін будучых дызайнераўландшафту вучаць і практычным рэчам. Напрыклад, як даведацца, якія землі выкарыстоўваюць пад пэўны тып будынкаў? Альбо як прадказаць тэндэнцыі развіцця мегаполісаў?

З ходу можна атрымаць ступені бакалаўра ці магістра ў галіне ландшафтнага дызайну, з якімі працаваць ці працягваць займацца навукай.

Выпускнік Бірмінгемскай школы архітэктуры і ландшафтнага дызайну Скот Дайд вельмі раіць менавіта сваю ВНУ для атрымання адукацыі: “Я проста не мог бы дасягнуць таго, што маю на сённяшні дзень, без адукацыі і практыкі, якую я атрымаў тут. Выкладчыкі школы – вышэйшы клас, а якасць студый не паддаецца апісанню”.

Скот адзначае, што ў Бірмінгеме яго навучылі самастойна вынаходзіць крэатыўнае рашэнне праблем, а не зубарыць факты і лічбы.

Наогул, ВНУ, дзе можна атрымаць адукацыю, дахалеры па ўсім свеце. Але самае прыемнае, што дыстанцыйнага навучання па ландшафтным дызайне – заваліся! Седзячы за ўласным кампом, можна атрымаць актуалныя веды і прыстойны дыплом.

Амерыканскае аб’яднанне ландшафтных архітэктараў (American Society of Landscape Architects, ASLA) прапануе дыстанцыйныя курсы для цікаўных. Больш сур’езная падрыхтоўка ў Мастацкім онлайн-інстытуце (The Art Institute Online) – курсы па такіх спецыяльнасцях, як асновы дызайну, малюнка, архітэктуры. Адметны ў гэтым плане і Міжнародны аддзел універсіэтат Пенсільваніі (Penn State’s World Campus). Круты дыстанцыйны адукацыйны партал E-train прапануе ўсё што душы заўгодна. Дыстанцыйнае навучанне па спецыяльнасцях новага стагоддзя (у тым ліку і ландшафтны дызайн) можна знайсці на сайце прыватнага прадстаўніка Гегарафічных інфармацыйных сістэм (Geographik Information Sistems, GIS) – ESRI.

Кар’ерныя магчымасці спецыялістаў не абмежаваныя. Дарэчы, цу 2004 годзе пачынаючы ландшафтны архітэктар меў сярэдні заробак 34 700 даляраў, а дасведчаны прафесіянал – 74 644.

WEB: ведай больш

Па ландшафтным дызайне і архітэктуры карыснай інфы вельмі шмат. Амаль у кожнай краіне ёсць аб’яднанні ландшафтных архітэктараў, пры якіх і вучоба, і гранты на навучанне, і рэйтынгі універаў па спецыяльнасці, і стажыроўкі і магчымасці развіцця кар’еры (напрыклад, www.csla.ca, www.asla.org).

Сапраўдны онлайн-дапаможнік па ландшафтным дызайне з уісмі патрэбнымі звесткамі можна знайсці на http://www.gardenvisit.com. Апошнія навінкі гэтай галіны дызайну можна паглядзець – пад птушыныя спевы – на http://www.laprofession.org/.

Можа таксама спатрэбіцца і Міжнародная федэрацыя ландшафтных архітэктараў (International Federation of Landscape Architects, IFLA).

 

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 4