Іншамаркі падаражэюць, як мінімум, на 1700 еўра

27 чэрвеня падчас абмеркавання ў Палаце прадстаўнiкоў справаздачы аб выкананнi бюджэту намеснiк старшынi Камiтэта дзяржкантролю Раiса Саўрыцкая заявiла, што "асобныя катэгорыi грамадзян пераўтварылi продаж аўтамабiляў у вельмi выгадны бiзнес, а дзяржава не атрымлiвае ад гэтага вiду дзейнасцi адпаведных прыбыткаў." Па звестках "Заўтра тваёй краіны", ужо падрыхтаваны праект прэзiдэнцкага ўказа, згодна з якiм для ўвозу з-за мяжы больш за адзін аўтамабіль кожнаму перагоншчыку давядзецца рэгiстравацца ў якасцi iндывiдуальнага прадпрымальнiка i плацiць падаткi. У такім выпадку патрыманыя іншамаркі падаражэюць амаль на палову іх цяперашняга кошту.

Паводле звестак Камітэта дзяржкантролю, летась i ў першым квартале бягучага года з-за таго, што фізічныя асобы маюць магчымасць увозіць іншамаркі па даверанасці, дзяржбюджэт недаатрымаў ад прыватных аўтагандляроў 1,5 мiльёна еўра падаходнага падатку i больш за 180 мiльёнаў долараў мытных плацяжоў. Праект прэзідэнцкага ўказа прадугледжвае, што увезці па даверанасці можна будзе толькі адзін аўтамабіль у год, а ў іншых выпадаках перагоншчыку давядзецца рэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і плаціць падаткі.

Пакуль невядома якой будзе стаўка падаткаў, як і тое, будзе гэта фіксаваная сума, альбо адлiчэннi ў бюджэт будуць залежыць ад колькасцi рэалiзаваных аўто. Зрэшты, у любым выпадку адбудзецца рост коштаў на iншамаркi. Паводле папярэднiх разлiкаў, сама меней патрыманыя аўтамабiлi падрастуць у цане на суму каля 1500 еўра.

Да таго ж, Дзяржаўны мытны камiтэт выйшаў ва ўрад з прапановай, падвысiць "растаможку" на 0,05 еўра за кожны кубiчны сантыметр аб'ёму рухавiка -- гэтая яшчэ ў сярэднiм 100--200 еўра. Вось i атрымаецца, што пасля "удасканальванняў” заканадаўства замежныя аўтамабiлi стануць даражэйшыя дзесьцi на 1700 еўра. А гэта амаль палова кошту патрыманага аўтамабiля, якi набывае апошнiм часам большасць беларусаў. Такім чынам, для многiх айчынных аўтааматараў iншамарка пераўтворыцца ў недасягальную мару. Тым часам у Заходняй Еўропе назiраецца ўстойлiвая тэндэнцыя да знiжэння кошту патрыманых аўтамабiляў, паколькi растуць выдаткi на iх утылiзацыю i становяцца больш жорсткiмi экалагiчныя нормы.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыi экспертаў i сюрвейераў на транспарце (БАЭС) наша насельнiцтва на 1 долар валавога ўнутранага прадукту затрачвае на набыццё аўтамабiля ў 1,5 разы больш сродкаў, чым жыхары заможных еўрапейскiх краiн. Зараз у Беларусі налiчваецца больш за 3,5 мiльёны прыватных легкавых аўтамабiляў. Сярэднi ўзрост іншамарак, якiя эксплуатуюць беларусы, складае 10-12 гадоў. На маладзейшыя аўто ў грамадзян не хапае грошай.

Асноўнымi пастаўшчыкамi патрыманых іншамарак у Беларусь з'яўляюцца менавiта прыватныя асобы. Як сведчыць мытная статыстыка, за чатыры месяцы гэтага года iндывiдуаламi ўвезена 45,6 тысяч аўтамабiляў, а iх прыбытак склаў 197,5 мiльёна долараў. Усяго ж за гэты час у Беларусь iмпартавана 56,6 тысяч аўто. Фiзiчныя асобы займаюць амаль увесь сегмент рынку патрыманых машын i прыкладна 80 працэнтаў агульнага аўтаiмпарту.

Новыя правiлы ўвозу прымусяць многiх перагоншчыкаў альбо сыходзiць з аўтарынку, альбо шукаць шляхi ў аб'езд бар'ераў. Калi ж прыватнiкам не ўдасца перахiтрыць чыноўнiкаў, то, спынiўшы нашэсце iншамарк з Захаду, Беларусь рызыкуе пераўтварыцца ў звалку расiйскага, iранскага i кiтайскага аўтамабiльнага ламачча. Як вядома, нiзкаясныя расiйскiя легкавушкi завозяцца да нас без выплаты мытных пошлiн. Зборка iранскiх транспарных сродкаў ужо наладжана ў Беларусі. З кiтайцамi на гэты конт вядуцца актыўныя перамовы.

  • Оцени статью: