Нахіра практыка?
Спецыяльнасць: нетрадыцыйная (альтэрнатыўная) медыцына

На адну з прэм’ер свайго фільма актрыса Гвінэт Пэлтроў заявілася ў сукенцы з адкрытай спіной. Заявілася – і хай сабе, але папарацы заўважылі на спіне маладой маці сляды ад уколаў іголкай. Пасля нядоўгага расследавання жонка саліста Coldplay прызналася, што захапляецца іголкаўколваннем. У сэнсе, не “зрабі мне балюча”, а напрамкам нетрадыцыйнай медыцыны.

Што б ні казалі скептыкі, за апошнія дзесяцігоддзі нетрадыцыйная медыцына  ва ўсім свеце зарэкамендавала сябе як надзейная альтэрнатыва традыцыйнаму лячэнню.

Паводле звестак Нацыянальнага цэнтра альтэрнатыўнай медыцыны і Нацыянальнага цэнтра статыстыкі здароўя ЗША, у 2004 годзе каля 40% амерыканцаў звярталіся да якога-небудзь віду нетрадыцыйнай медыцыны. А газета Daily Mail сцвярджае, што 68% брытанцаў вераць у цудадзейнасць альтэрнатыўнай медыцыныі, каля 81 % збіраецца карыстацца толькі натуральнымі медыцынскімі практыкамі ў будучыні. У 2004 годзе брытанскія даследчыя агенцтвы ацанілі рынак нетрадыцыйнай медыцыны ў 147 мільёнаў фунтаў, што склала 44% росту ў параўнанні з 1999 годам. І тэндэнцыя хуткага росту працягваецца.

А ручкі – вось яны!

Паказальна, што ў ЗША і ў некаторых краінах Еўрасаюза пасля традыцыйнай медыцыны і стаматалогіі хірапрактыка – найбуйнейшая галіна медыцыны.

Каб папярэдзіць дурныя смяшкі, адзначым, што “хірапрактыка” паходзіць ад грэчаскага “рука” і “рабіць рукамі”. Хірапрактык рукамі ўздзейнічае на хрыбет, каб выраўнаваць ссунутыя пазванкі. Аказваецца, гэта часта з’яўляецца прычынай многіх хваробаў “без дыягназу”.

Бацькам хірапрактыкі лічыцца амерыканец Даніэль Давід Палмэр, які адкрыў першую вышэйшйю школу хірапрактыкі ў Дэвенпорце ў 1903 годзе. Доктар Палмэр правёў першую “карэкціроўку” на сваім вартаўніку Лілардзе. Бядак скардзіўся на кепскі слых цягам 17-ці год, і таму Палмэр, які быў крэўна зацікаўлены ў тым, каб той не правароніў бандзюкоў, прапанаваў агледзець яго хрыбет. Як і варта было чакаць, адзін з пазванкоў мужычка стаяў не на месцы. Пасля некалькіх сеансаў “карэкціроўкі” пацыент заўважыў паляпшэнне слыху. З таго часу мінула стагоддзе, а людзі ні на кроплю не расчараваліся ў хірапрактыцы. Уладальніца хірапрактычнай клінікі Келі Дзімс з Канзас Сіці ўпэўненая, што гэты від медыцыны мае шыкоўныя ўмовы для развіцця. Прынамсі, пра гэта сведчыць досвед ЗША: “Хірапрактыка дазваляе пацыентам выбраць, як лячыць хваробу. Раней была толькі традыцыйная медыцына, і ніхто не пытаў, хочаш ты, каб табе праз меру давалі лекі, ці не. Сёння ў вас ёсць некалькі варыянтаў, -- кажа Келі. – І вы самі можаце несці адказнасць за сваё здароўе. Я здзіўляюся, як хутка з’яўляюцца навокал прыватныя клінікі хірапрактыкі. Думаю, у амерыканцаў ужо ўваходзіць у звычку хадзіць да хірапрактыка раз на некалькі месяцаў для абследавання – як да стаматолага”.

Па вялікім рахунку, мэта хірапрактыка – знайсці і выправіць праблемы з хрыботом, якія перашкаджаюць нарамальнай перадачы нервовых імпульсаў паміж мозгам і кожнай клеткай, органам ці тканкай. Пазванкі, ссунутыя са свайго месца, выпраўляюццца падчас некалькіх сеансаў “карэкціроўкі”, калі адбываецца аднаўленне нармальнага функцыянавання нервовай сістэмы. Так паляпшаецца здароўе без лекаў і хірургічнага ўмяшання.

... Па сціплых падліках Келі Дзімс, у ЗША практыкуе каля 60 тысяч дыпламаваных хірапрактыкаў. У сярэднім амерыканскі хірапрактык зарабляе на год 105 тысяч долараў...

Рукатворнае шчасце

Келі Дзімс вучылася ў Cleveland Chiropractic College у Канзас Сіці, штат Місуры. “Суперуніверсітэт, глыбокая адукацыя! – кажа яна пра альма-матэр і раіць звярнуць увагу на Logan Chiropractic College у Місуры, Parker Chiropractic College ў Даласе. – А Northwestern Chiropractic College вядомы сваёй моцнай, анват жорсткай акадэмічнай падрыхтоўкай”.

Першая ВНУ, дарэчы, мае філію ў Лос-Анджэлесе, ва універах ёсць стыпендыі, аднолькавыя ўмовы (TOEFL, атэстаты, апрацаваныя праз міжнародную арганізацыю WES). У Канзасе бакалаўрскі дыплом абыйдзецца ў 21 525 долараў за год, сертыфікат – у 15 750 долараў. У Лос-Анджэлесе бакалаўрскае навучанне каштуе 26 937 долараў, а сертыфікат – 19 710 долараў. Для параўнання: у Canadian Memorial Chiropractic College навучанне каштуе 23 899 долараў за першы год (з кожным курсам аплата зніжаецца на штуку баксаў). Плюс стыпухі. У Лондане можна пайсці вучыцца ў The College of Naturopathy and Complementary Medicine, які мае філіі ў Ірландыі. Ва універсітэце ёсць завочныя курсы і дыпломнае навучанне – коштам ад 6 950 фунтаў на год.

“Наколькі я ведаю, -- дзеліцца Келі, -- зараз усё больш і больш універаў патрабуюць ад абітурыента два ці тры гады папярэдняй адукацыі. На хірапрактыка вучаць чатыры гады, два з іх – практычныя. Таму вам проста неабходна нейкая тэарэтычная база”.

Юны натураліст

Гіпакрат, які жыў каля 2 400 гадоў таму, лічыцца першым натурапрактыкам. Узгадайма яго вядомае “Прырода – лекар усіх захворванняў”. Менавіта натурапрактыкі, а не традыцыяныя медыкі, маюць права лічыць Гіпакрата сваім настаўнікам. Бо ён завяшчаў лячыць зёлкамі, пэўнымі прадуктамі харчавання, вадой, пастом і г.д.

Натурапрактыкі (у ЗША дыплом у іх пазначаны ND – доктар натурапрактыкі замест традыцыйнага MD – доктар медыцыны) за аснову сваёй дзейнасці бяруць натуральныя і нетаксічныя метады лячэння: лячэбнае харчаванне, гамеапатыя, раслінная медыцына, гідратэрапія, фізіятэрапія, іголкаўколванне.

У 1920-я гады па ўсім свеце існавала безліч натурапрактычных школ і каледжаў. І хаця з развіццём “навуковай медыцыны”, са з’яўленнем антыбіётыкаў атрымалі папулярнасць высокатэхналагічныя і фармацэўтычныя метады лячэння, натурапрактыка нядоўга лічылася “метадам бабулек”. Зараз натурапрактыка (іголкауколванне, ароматэрапія, масаж і гамеапатыя) актыўна спрабуе прыцягнуць веды і досвед традыцыйнай медыкаметознай медыцыны.

У 1994 годзе Нацыянальны інстытут здароўя ЗША абраў адзін з універаў Вашынгтона ў якасці нацыянальнага даследчага цэнтра па распрацоўцы альтэрнатыўных метадаў лячэння СНІДу. Фінансавыя ўліванні на суму больш за мільён долараў наглядна даказалі: федэральныя ўлады ставяць на натурапрактыку. У выніку сёння сярэдні заробак натурапрактыка складае каля 104 тысячы долараў у год.

Нашы продкі лічылі, што ўсе хваробы пачынаюцца з галавы – зараз гэта называецца “псіхасаматычнымі” хваробамі. Навукова даказана, што эмацыйны стрэс спараджае шматлікія захворванні. І таму, каб адносіны паміж псіхікай і сомай прывесці ў гармонію, трэба займацца практычнай ёгай. Некаторыя адносяць ёгу да накірункаў нетрадыцыйнай медыцыны. Некаторыя лічаць яе фэшн-закідонамі знакамітасцяў. А іншыя проста ставяцца да ёгі як да самадастатковага метаду лячэння.

Наогул, розныя крыніцы даюць розную класіфікацыю нетрадыцыйных відаў медыцыны: іголкауколванне, аюрведа, хірапрактыка, дыеты Адкінса, Орніша, Зоўна, гамеапатыя, масаж, медытацыя, натурапрактыка, рэлаксацыя, ой-гонг, рэйкі, тайчы, ёга. Так што выбірайце!..

У позе лотаса

Адзін з самых прэстыжных медыцынскіх універаў – універсітэт Бастыр (Bastyr University). Кошт навучання – 19 060 долараў у год, хаця стыпендыі тут таксама даюць.

Варта звярнуць увагу на Canadian College of Naturopathic Medicine  у Таронта. Кошта навучання тут – 20 145 канадскіх долараў. Працягласць навучання – 4 гады, па сканчэнні дыплом ND – доктара натурапрактыкі. Класічную ёгу выкладаюць у першую чаргу ў Bihar Yoga Bharati University ў Індыі. Акрамя факультэта ёгі тут ёсць факультэт натурапрактыкі і іншых нетрадыцыйных дысцыплін. Асаблівых патрабаванняў няма, хіба што ўзрост (ад 18 гадоў на атрыманне сертыфіката і 21 год на бакалаўрскае навучанне), фізічны стан (добрае здароўе), валоданне англійскай мовай. Кошт навучання складае 1500 долараў у год на сертыфікат і 4 000 долараў у год на бакалаўра.

WEB: ведай больш

www.nccam.nih.gov – расповед пра нетрадыцыйную медыцыну: апісанне неверагодных метадаў, якія існуюць і лічацца альтэрнатыўнымі, афіцыйныя звесткі і каментарыі, інфармацыя пра навучальныя гранты.

www.yoga.com – ну што тут сказаць? Сайт пра ёгу для тых, хто хоча займацца ёгай па-сапраўднаму.

www.alternativemedicine.com – звычайныя раздзелы па адукацыі, інфармацыі, карысных спасылках. Клікніце на спасылку “Press here to stay awake” – гэта студэнтам, якія любяць падрыхнуць на нудных лекцыях, але не супраць пачытаць парады альтэрнатыўнай медыцыны, як застацца бадзёрым на ўсіх парах.

www.chiroweb.com – карысная інфа па ўсіх хірапрактычных універах.

www.chirofind.com – спасылкі на міжнародныя асацыяцыі хірапрактыкаў, а таксама хірапрактыка для малых дзетак і нованароджаных.

http://indianmedicine.nic.in – лінк да адукацыйных магчымасцяў у галіне нетрадыцыйнай медыцыны ў Індыі.

www.holisticonline.com – інфа пра традыцыйную і нетрадыцыйную медыцыну; раздзелы па ёзе, медытацыі і харчаванні. Цікава пачытаць пра стрэс-менеджмент і нетрадцыйныя метады лячэння фобій.

http://knihi.net/index.php?productID=425

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 3
  • Балл: 5