Спецыяльнасць: фінансавы планіроўшчык

Тыя, хто мяркуе, што шчасце не ў грошах, а у іх колькасці, крута памыляюцца. Шчасце ў людзях, якія ведаюць, што рабіць з баблом, каб яно не цякло праз пальцы, а расло і памнажалася. Бум на спецыялістаў, якія могуць правільнакупіць-прадаць-укласці грошы кліента, ахапіў увесь свет. Бо і дурню зразумела: калі ў цябе ёсць грошы сёння, ніхто не гарантуе, што яны будуць заўтра.

“У вашай бабці з’явіўся бойфрэнд...”

Прыкладна такога зместу артыкулы можна пачытаць у рубрыцы “Фінансаванае планаванне” папулярных замежных часопісаў кшталту Forbes. Гэта ў нас у галовах адразу ўзнікне сюжэт да серыяла “Сэкс у пансіянаце” – замежнікі сякуць фішку злёту: “Ага, тут пра фічы атрымання і пакідання спадчыны”. У нармальнай бабці бойфрэнд ніколі не стане адзіным уладальнікам яе назбіранага за цэлае жыццё багацця – некалі ў маладосці фінансавы планіроўшчык распісаў ёй, што, як і куды ўкласці, каб пад старасць розныя малойцы не клялілся ў каханні, гледзячы на банкаўскі рахунак.

Прафесія фінансавага планіроўшчыка стала папулярнай напрыканця 1970-х гадоў, калі “лішнія грошы” з’явіліся не толькі ў мільянераў. І раней былі людзі, якія мелі адмысловы нюх на спарвы з каштоўнымі паперамі, купляй-продажам нерухомасці і г.д. Але з цягам часу проста парады стала мала – узнікла патрэба ў спецыялістах, якія б улічвалі ўсе фінансавыя выдаткі аднаго чалавека ці канторы: страхоўку, планаванне пенсійнага фонду, маёмасць, сродкі на адукацыю. Бо “простаму смяротнаму” цяжка пралічыць канчатковы вынік фінансавай аперацыі на момант прыняцця рашэння, а фінансавае планаванне якраз рэгулюе і ўлічвае ўсе магчымыя наступствы прынятага рашэння.

Спецыяльнасцяў ў галіне фінансавага планавання – колькі душа пажадае. Пачынаючы ад банальных юрыстаў, фінансавага аналітыка ці спецыяліста па каштоўных паперах і да спецыяліста па індывідуальным фінансавым планаванні, кансультанта па пытаннях карпарацыйных актываў, спецыяліста па падатках.

Уплывовы амерыканскі часопіс U.S.News and World Report назваў прафесію фінансавага кансультанта адной з 20-ці найбольш запатрабаваных прафесій будучыні.

Па апошніх звестках, самыя высокія заробкі планіроўшчыка перавышаюць 150 тысяч долараў, нізкія – не менш за 55 100 долараў.

Багатыя таксама плачуць

Спецыяліст па фінансавым планаванні патрэбен і тым, каму няма куды падзець грошы, і тым, у каго іх няшмат. Хаваць нажытыя непасільнай працай бабкі ў ашчадным банку ці трохлітровым слоіку – ваша справа. Але час паказвае, што ні першае, ні другое далёка не лепшыя варыянты.

Мільярдэры, якія думаюць, што іх фінансы ніколі не скончацца, і пускаюць справы на самацёк, памыляюцца. Гісторыі вядомыя сотні прыкладаў банкрутства менавіта з-за абыякавага стаўлення да грошай, нават калі іх было фантастычна шмат. Узяць хаця б трэцяга прэзідэнта ЗША і аўтара дэкларацыі незалежнасці Томаса Джэферсана. Пасля таго як ён зваліў з прэзідэнтаў у 1809 годзе, яго пазыкі складалі 107 тысяч долараў (прычым, толькі за віно ён быў вінен камусьці 10 тысяч долараў). У выніку містэр Джэферсан “пацягнуў” толькі на адбітак на двухбаксавай паперцы ды пяціцэнтавай манеце.

Каля 10 год таму мільярдэр Дональд Трамп, уладальнік гатэля “Плаза”, конкурса “Міс Сусвет”, сеткі казіно і фешэнебельных будынкаў у Нью-Йорку, ледзь не стаў банкрутам. Працаголік з выдатнай інтуіцыяй, ён увесь час працаваў літаральна адзін, дасягаючы поспеху праз свае абаяльнасць і нахабства.

У шэрагу яго правілаў з разраду “як стаць мільянерам” было і такое: будзь сам сабе фінансавым кансультантам”. За што і пацярпеў. Адсутнасць канкрэтных стратэгій і смаўпэўненасць прывялі да таго, што у 1990-м годзе мільярдэр рызыкаваў згубіць усё. Толькі пасля шматлікіх перамоў з інвестарамі і перакання, што сам ён ужо не справіцца, Трамп наняў фінансавага планіроўшчыка, каб той кантраляваў усе целарухі ягонай імперыі. Новы адміністратар адказваў за распродаж уласнасці, што дазволіла нармалізаваць катастрафічнае становішча.

Зараз пазыкі кампаній Дональда Трампа хоць і немалыя 1,8 мільярда долараў, -- але матэрыяльнае становішча таксама застаецца стабільна станоўчым – у 2,5 мільярды долараў.

Часопіс Forbes крытыкаваў мільярдэра за тое, што пазыкі пастаянна растуць, што ён так і не навучыўся планаваць свой бізнес. Праекты, якія распачынаў Дональд Трамп, былі для яго інвестараў і прыбытковымі, і смяротнымі адначасова. А калі б той узяў спецыяліста адразу, хто ведае, каму б належала зараз палова свету.

Нашмат горшыя справы ў Майкла Джэксана – ён вінен 200 мільёнаў долараў. Калі поп-кінг агледзеўся і звярнуўся па прафесійную параду да спецыяліста па фінансавым планаванні, той змог дапамагчы спеваку хіба што адзіным: прапанаваў здаваць асабняк у Бэвэрлі-Хілз за 100 тысяч долараў у месяц. Пакуль гэта працуе.

Пі-і-іражкі! Гарачыя!!!

Майкл Хорвіц, акрэдытаваны фінансавы планіроўшчык PhD, уладальнік кампаніі Life Strategies Financial Planning па фінансавым планаванні ў Остыне (Тэхас, ЗША), упэўнены, што прадстаўнікі яго прафесіі граюць важную ролю ў жыцці кліента.

1 ліпеня 2004 года яго кліентка Джыл пакінула пасаду фінансавага аналітыка і адкрыла ўласную фірму па дызайне інтэр’ера. Яго кліент Джон забіў на кар’еру псіхолага і вырашыў пісаць містычныя трылеры. А нейкі Джордж прадаў уласнае кансалтынгавае агенцтва і стаў прадаваць піражкі з латкоў. “Джыл, Джон і Джордж раптам зразумелі, што могуць рэалізаваць сябе ў тым, чым ім хочацца займацца. А хіба гэта не мая праца – у якасці фінансавага кансультанта дапамагчы ім рэалізаваць сябе?” – кажа Майкл.

“Я дакладна ведаю кошт іх маёмасці. Ведаю, у якія акцыі ім выгадна ўкласці грошы, якую нерухомую маёмасць у якім месцы варта набыць, якія карціны зараз лепш за ўсё прадаюцца... Але нават я злёту не магу ацаніць рэнтабельнасць продажу піражкоў”.

Планіроўшчыку патрэбныя дакладныя звесткі, колькі прыбытку прыносіць кожны латок з піражкамі ў тым ці іншым месцы, трэба падлічыць агульны прыбытак такога бізнесу. Неабходна вызначыць, колькі прыбытку прынясе такі бізнес таму ж Джорджу. Колькі спатрэбіцца часу, каб акупіць сабекошт, ці хопіць у кліента сродкаў пакрыць усе выдаткі ў выпадку банкруцтва... Ды й першы раман невядомага аўтара містычных трылераў наўрад ці прынясе які-небудзь прыбытак.

“Не хачу быць занудлівым для сваіх акрыленых новымі перспектывамі кліентаў. Але калі мы не падлічым магчымыя страты/выгаду зараз, потым будзе кепска ўсім, -- адзначае Хорвіц.—Мая праца – быць рэалістам і рызык-менеджэрам, а не групай падтрымкі, якая крычыць “Мы лепшыя!”, “Мы пераможам!”.

Фінансавы планіроўшчык сапраўды плануе будучыню свайго кліента. Бо фінт яго працы не толькі ў тым, каб проста параіць, а ў тым, каб сказаць кліенту, што зрабіць у складанай сітуацыі, пралічыўшы ўсе фінансавыя рызыкі, скіраваўшы энтузіязм падапечнага ў прыбытковае рэчышча.

“Калі вы здолееце дасягнуць гэтых мэтаў і захаваць добрыя адносіны з кліентам – вы рэалізаваліся як прафесіянал”, -- упэўнены Хорвіц.

Money, money, money

Вучацца на фінансавага планіроўшчыка ў вядучых ВНУ фінансаў і бізнесу. Менавіта ў гэтых галінах варта шукаць спецыяльнасць фінансавага планіроўшчыка.

На першым курсе студэнтаў завальваюць звычайнымі “фінансавымі” прадметамі: статыстыкай, матэматыкай, бухгалтарскай справай. Далей – больш і цікавей: ім выкладаюць працэс фінансавага планавання, этыку фінансавага планіроўшчыка, індустрыю страхавання, страхаванне жыцця і маёмасці, рызыка-менеджмент, планаванне аховы здароўя, рынкі каштоўных папер, ацэнка і прагнозы кошту акцый міжнародных кампаній, міжнародны эканамічны клімат, планаванне сямейных падаткаў, фінансавае планаванне і навучанне, планаванне маёмасці.

Асабліва прыемна тое, што такую актуальную спецыяльнасць можна атрымаць дыстанцыйна, маючы тэлефон, доступ да Інтэрнету, трохі (вельмі мала ў параўнанні са звычайным навучаннем) грошай і жаданне.

Каледж фінансавага планавання (College for Financial Planning) якраз па тэме: навучанне за 3670 долараў+шматлікія стыпендыі. Навучанне працягваецца ад 6 месяцаў да трох гадоў. Часу на навучанне – прыкладна 10 гадзін на тыдзень. Іспыты – кожныя 6 месяцаў.

Аўтаматычна і адразу на дзве стыпендыі падаюцца ўсе студэнты Альфрэд каледжа (Alfred State College). Навучальны год каштуе каля 17 тысяч долараў.

І ніяк вам не абмінуць нью-йоркскі універсітэт Фордэм (Fordham University), адзін з амых прэстыжных. Нягледзячы на кошт навучання (27 775 долараў), сярод абітурыентаў увесь час конкурс, бо прэстыжнасць ВНУ адчыняе любыя дзверы.

У Вялікабрытаніі славутыя падрыхтоўкай фінансавых планіроўшчыкаў Sheffield Hallam University з коштам 7175 фунтаў у год і Універсітэт Брыстоль (University of Bristol) з 12 400 фунтамі ў год.

WEB: ведай больш

Звычайныя сайты з агульнай інфай пра фінансавае планаванне (напрыклад, www.fpanet.org, www.cfp-ca.org), на кожным з якіх – раздзелы пра пенсійнае планаванне, планаванне навучання.

Амаль у кожнай краіне ёсць асацыяцыі фінансавых планіроўшчыкаў, на сайтах якіх таксама асноўная інфа (www.cgpc.net, www.cafp.org, www.devfp.de, www.financialplanning.org.uk ).

Вартыя ўвагі раздзелы кшталту “знайдзі сабе фінансавага планіроўшчыка” і спасылкі на універы.

http://knihi.net/index.php?productID=425 ..

 

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 3.5