Менеджер для скул
Спецыяльнасць: школьны менеджмент

Брат дрэнна вучыцца? Задзяўблі “прэпады”? Маці-настаўніца прыходзіць з працы без сілаў і з дрэнным настроем? А слова “школа”, відаць, асацыюецца з тупой цяганінай? І хто ў гэтым вінаваты? Сусветны адукацыйны крызіс, з якім змагаецца ўжо амаль 50 год увесь прагрэсіўны свет! Толькі і застаецца надзея, што на развіццё школьнага самакіравання (aka школьнага менеджменту).

Яшчэ напрыканцы 1960-х гадоў Філіп Кумбз, дsрэктар міжнароднага інстытута адукацыйнага планавання (International Institute for Education Planning) пры ЮНЭСКА, выдаў кнігу “Сусветны адукацыйны крызіс”, дзе разганяў, што адукацыйныя сістэмы ў еўрапейскіх краінах дубеюць і прыходзяць у заняпад з-за неэфектыўнасці кіравання. Ён лічыў, што дастаткова толькі даць школам права самакіравання, каб пабачыць істотныя змены.

Пасля гэтага на праблему школьнага менеджменту звярнулі ўвагу шматлікія міжнародныя арганізацыі. З цягам часу многія краіны рэфармавалі свае адукацыйныя сістэмы і змянілі падыход да кіравання сярэднімі школамі. Глабалізацыя, інтэрнацыяналізацыя і ўсё такое спрыялі развіццю школьнага менеджменту.

Зараз у школах з самакіраваннем ідзе змаганне за кожнага дзіцёнка – бо гэта і хадзячы прэстыж (водгукі бацькоў, паказчыкі іспытаў, перамогі на алімпіядах), і жывыя бабкі (тут і стараецца школьны менеджэр).

Калі канкрэтна, то большую частку адказнасці па самакіраванні бярэ на сябе кіраўнічы

камітэт школы. Менавіта ён вызначае школьную палітыку: вырашае і плануе, як будзе адбывацца працэс навучання, час і працягласць вакацый, абірае праграму, размяркоўвае дзяржаўныя сродкі. Менеджэр у школе выступае галоўным бухгалтарам і прамоўтарам школы: сочыць за наборам персаналу (уладкаваннем выкладчыкаў), за станам школы (будынка, кабінетаў), прымае рашэнні аб тэхнічным забеспячэнні школы (закупка кампоў, абсталяванне для спартыўных залаў і інш.), сочыць за эрганамічным станам школы. Але найгалоўнейшы яго абавязак – фінансаванне ўсіх пералічаных мерапрыемстваў. Плюс пошук грантаў і субсыдый з боку грамадскіх аб’яднанняў ці кампаній не толькі на школьную дзейнасць, але і на факультатыўныя заняткі і гурткі.

Давайце – мы самі!

З мэтай павышэння эфектыўнасці навучання і працы, а таксама каб нейкім чынам падтрымаць і ўзняць прэстыж школ, у 1988 годзе брытанскі ўрад увёў права на школьнае самакіраванне. Асобы, якія непасрэдна адказвалі за школы (дырэктары, настаўнікі, бацькоўскія камітэты, кіраўнічыя саветы), атрымалі магчымасць рабіць тое, што лічаць патрэбным.

Перш за ўсё “перадача адказнасці” датычылася фінансаў, якімі зараз мусіла распараджацца сама школа. Але ўзяць пад кантроль бабло “на халяву” было нельга. Кіраўнічаму камітэту кожнай школы трэба было напісаць праект фінансавання школы на новы навучальны год з улікам агульных патрабаванняў Міністэрства адукацыі. Да гэтага брытанскі Мінадук самастойна выдаткоўваў штогод аднолькавую колькасць сродкаў, абапіраючыся на звесткі невядома якой даўніны. Зразумела, што новаўвядзенні прыводзілі да нашмат больш эфектыўнага размеркавання фінансаў: 80% налічэння сумы залежалі ад колькасці вучняў, і тут трэба было старацца і настаўнікам, і дырэкцыі, каб стварыць школе належную рэпутацыю. У Паўднёвай Ірландыі школы атрымалі права на самакіраванне ў 1990 годзе.

Кіраўнічыя саветы школ сталі аўтаномнымі і змаглі прымаць рашэнні адносна фінансавання і менджменту навучальнай установы на мясцовым узроўні. Чыноўнікі прынялі такі законапраект, каб павысціь эфектыўнасць навучання і працы, маўляў, “на месцах” лепш бачна, дзе якія дзіркі і як іх латаць. Зараз Міністэрства адукацыі краіны каардынуе толькі змест школьнай праграмы, і тое ў агульных рысах. Галоўная задача міністэрскіх чыноўнікаў – кансультаваць мясцовыя кіраўнічыя саветы, а прыклады станоўчага кіравання прамаціраваць сярод школьных менджэраў.

У 2003-2004 навучальным годзе школьны бюджэт Паўднёвай Ірландыі склаў больш як 1 мільярд фунтаў на 340 тысяч школьнікаў. Бюджэт адной школы можа складаць ад 50 тысяч фунтаў (маленькая пачатковая школа) да 6 мільёнаў фунтаў (вялікая гарадская школа). Дзяржава размяркоўвае, а мясцовыя кіраўнічыя саветы і школьныя менеджэры кантралююць 70% усёй сумы. Што гэта “гут” паказала сацыяльнае апытанне: 78% дзірыкаў школ упэўненыя, што “сам сабе гаспадар” – лепшая сістэма, чым цэнтралізаваны кантроль.

У 1999 годзе, калі школьнае самакіраванне дайшло да Аўстраліі, настаўнікі спачатку ўзнялі бунт. Здавалася, справа праваленая, новаўвядзенні не спрацавалі. Але дзякуючы спецыялізаваным навучальным установам, у прыватнасці, школе Блэкберн з музычным ухілам, што ў штаце Вікторыя, “нашы перамаглі”. Дзякуючы працы школьных менеджэраў Блэкберн ператварылася ў спецыялізаваны музычны скул. А з-за добра распланаванага школьнымі менеджэрамі бюджэту школа зараз можа запрашаць да сябе ў якасці выкладчыў вядучых музыкантаў краіны.

Прыкіньце, каб мінская музычная школа № 11 змагла запрасіць на выкладанне Мсціслава Растраповіча...

Вучыцца кіраваць

Большасць педагагічных універсітэтаў Еўропы, Амерыкі і іншых краін свету маюць курсы школьнага самакіравання ці асобныя спецыялізацыі. Праўда, называцца гэта ўсё можа па-рознаму: школьны менеджмент (school management), школьнае самакіраванне (school governing/school administration), адукацыйны менеджмент (educational management/educational administration).

Спіс прадметаў уражвае дысцыплнамі для сапраўдных лідэраў ці дзірыкаў са з’ехаўшым (у самым добрым сэнсе слова) дахам: каманднае кіраванне (team management), эфектыўныя камунікацыі, тэхналогіі вырашэння канфліктаў, метады ацэнкі адукацыйнага працэсу, менеджмент раскладу заняткаў і графіка працы, менеджмент часу (time management), мадэлі эфектыўных школ, кіраванне арганізацыйнымі працэсамі (organization leadership), эфектыўнае і пазітыўнае ўзаемадзянне з кам’юніці, прыцягненне мясцовых спонсараў , метады крэатыўнага навучання.

У ЗША найбольш вылучаюцца Сідэльская педагагічная школа Універсітэта Салісбуры (выпускнік атрымлівае дыплом магістра ў галіне школьнага кіравання (Seidel School of Education, Salisbury University). Кошт навучання складае 12 492 долараў у год, ёсць стыпендыі.

Асаблівыя ўмовы паступлення – мець дыплом бакалаўра (ці проста дыплом аб атрыманні вышэйшай адукацыі) у педагогіцы. “Корку” са спецыялізацыяй “адукацыйны менеджмент” можна атрымаць у Новарашэльскім каледжы ў штаце Нью-Йорк (College of New Rochelle). Яна абыйдзецца ў 11 900 долараў у год, стыпендыі ў наяўнасці.

У Вялікабрытаніі, каб атрымаць спецыяльнасць “адукацыйны менеджмент”, часта трэба быць старэйшым за 20 год, а таксама мець папярэднюю педадукацыю.

З астатніх навучальных устаноў варта звярнуць увагу на Хадэрсфілдскі універсітэт (University of Huddersfield) і Каледж Уэст Кент (West Kent College), дзе прапануецца ступень бакалаўра, а кошт навучання складае каля 8 тысяч фунтаў у год.

І стыпедыі тут жа...

WEB: ведай больш

Тым, каму патрэбныя падрабязнасці ў выглядзе онлайн-публікацый пра і для педагогаў-лідэраў, варта паглядзець рэсурс.

Акрамя гэтага, спасылкі на канадскія і амерыканскія адукацыйныя асацыяцыі, міжнародныя арганізацыі, онлайн-дарадчык, тэхналогіі кіравання.

Паглядзець, як маюцца амерыканскія ВНУ ў поўным складзе, можна тут.

Навінкі педагагічных канферэнцый, новаўвядзенні па педагогіцы ў краінах Еўропы асвятляюцца на сайце Еўрапейскага савета школьнага кіравання і менеджменту.

http://knihi.net/index.php?productID=425 ..

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5