Беражыце прыроду нашу
Спецыяльнасць: экалагічная адвакатура

Калі ў 1989 годзе ў галоўны офіс кампаніі McDonalds прыйшоў факс з наездам ад “зялёных”, старшыня рады дырэктараў звыклым рухам дастаў чэкавую кніжку — забашляць камандзе адвакатаў за чарговы працэс. І цяжка апісаць здзіўленне гэтага ўдарніка капіталістычнай працы, калі “зялёныя” павялі сябе неадэкватна. Яны НЕ ПАДАВАЛІ ў суд...

Птушачку шкада

Упершыню эка-адвакаты спатрэбіліся каля трыццаці год таму, калі чатыры вучоныя з Лонг-Айленда (ЗША) вырашылі дабіцца забароны на выкарыстанне ДДТ — папулярнага на той час інсектыцыду, які, як аказалася, быў шкодны для птушак.

Вучоныя даказалі, што менавіта ДДТ робіць шалупінне на птушыных яйках больш тонкім, і такім чынам гінуць цэлыя папуляцыі сокалаў і белагаловых арлоў. Але даказаць — толькі палова справы. І вучоныя зрабілі тое, што сёння лічыцца нармальнай практыкай, але ў 1967 годзе было як гром сярод яснага неба — яны перадалі матэрыялы ў суд. Можна толькі здагадвацца, якім ёлупнем адчуваў сябе міністр сельскай гаспадаркі, калі яму патэлефанавалі з навіной: гэтыя універсітэцкія батанікі выйгралі працэс!

Прэцэдэнт быў створаны, і далей справы пайшлі як па масле. З’явіліся дзесяткі арганізацый і фондаў па ахове навакольнага асяроддзя, сярод якіх найбуйнейшая — Environmental Defense, амерыканская асацыяцыя экалагічных адвакатаў. Сёння яна налічвае каля 400 тысяч супрацоўнікаў.

Менавіта Environmental Defense у кастрычніку 1989-га прапанавала кампаніі McDonalds перагледзець прынцыпы утылізацыі адкідаў. Напачатку адносіны юрыстаў з рэстаранам былі, мякка кажучы, не фантан. Але “адвакаты-дэфэнсаўцы”, у адрозненне ад сваіх легендарных папярэднікаў, ужо навучыліся абыходзіцца без пікетаў і судоў: яны прапанавалі Макдону альтэрнатыўныя стратэгіі. Менавіта з іх падачы для ўпакоўкі сэндвічаў цяпер замест полістыролу выкарыстоўваюць паперу, што скарачае аб’ёмы ўпаковачных адкідаў на 70-90%.

А з 1991-га поліэтыленавыя пакеты і зусім зніклі з рэстарана.

Environmental Defense дагэтуль лічыць супрацоўніцтва з Макдонам адным з самых паспяховых сваіх праектаў.

Дыхайце глыбей!

Доктар Стыў Чэйз — пісьменнік, актывіст і выкладчык — чытае экалагічную адвакатуру ў Antioch New England School і паралельна піша дысертацыю на тэму “Выкладанне экалагічнай адвакатуры”. Чэйз перакананы, што эка-адвакатура — адна з самых важных на планеце спраў. Калі б не эка-адвакаты, замест 1,2 мільёна акраў Амазонскіх лясоў ужо даўно была б пустыня.

Ужо з пачатку 1990-х, пасля таго як быў граматна апрацаваны Макдон і праведзеныя папраўкі ў Закон аб чыстым паветры, пра эка-адвакатаў загаварылі ўсур’ёз — і на, думку Чэйза, гэта надоўга.

Доктар Чэйз кажа, што экалагічных адвакатаў можна ўмоўна падзяліць на дзве групы: адны займаюцца заканадаўствам: распрацоўваюць папраўкі, вылічваюць парушальнікаў, прапануюць альтэрнатыўныя стратэгіі буйным карпарацыям і дзяржустановам. Іншыя працуюць у незалежных фондах і грамадскіх асацыяцыях па ахове навакольнага асяроддзя. Такіх як, напрыклад, створанае ў 2001 годзе міжнароднае кам’юніці ActionNetwork, якое налічвае больш за 750 тысяч актывістаў па ўсім свеце. Без іх удзелу не вырашаецца ніводная экалагічная праблема — ад высечкі Вісконсінскіх лясоў да пабудовы чыгункі ў некранутых мясцінах Тыбета.

Па словах доктара Чэйза, важныя любыя, нават самыя маленькія перамогі: “Часам цяжка спраўляцца з уласнымі эмоцыямі, калі справа, над якой ты працуеш не адзін месяц, стаіць на месцы з-за ўпартасці буйных карпарацый ці дзяржавы. Тады надыходзіць дэпрэсняк, і ты перастаеш заўважаць, што змены, хоць невялікія, але ж ёсць”.

Чэйз кажа, што звычайна эка-адвакатурай займаюцца сапраўдныя фанаты. Зарабляюць яны не так шмат — не па беларускіх, вядома ж, мерках. “Па маіх уласных назіраннях, мінімальны заробак тут можа складаць каля 20 тысяч долараў на год. Максімальны — 80 тысяч долараў. Не мільёны, натуральна, але на жыццё хапае”.

Больш, чым ганарар, Чэйза цікавіць вынік. “У аднаго майго сябра на машыне ёсць прафсаюзная налепка “Рух пацоўных: гэта тыя чувакі, якія падарылі нам выходныя”. Вось ён, сэнс: калі б нашы бацькі не кучкаваліся, не абіваліся пераменаў, то мы б і паловы з таго не мелі, што маем сёння, — упэўнены Стыў. — Моц у тым, што нас шмат. Самыя звычайныя людзі разам могуць дабівацца глабальных рэформ, нават калі ім супрацьстаяць карпарацыі ці чыноўнікі”. Добры прыклад: у 2002 годзе адвакаты пераканалі мэра Нью-Йорка Джорджа Патакі падпісаць адміністрацыйны ўказ пра ўжыванне “чыстых” тэхналогій у раёне Манхэтана. Хутка гэты дакумент пачаў дзейнічаць і ў іншых раёнах мегаполіса.

Save the world

Самыя распаўсюджаныя назвы гэтай праграмы — environmental advocacy і environmental law. Але уінверы па усім свеце прапануюць і кучу сумежных праграм: environmental defense, environmental activism, environmental leadership і г.д.

Як даказвае спіс прадметаў, эка-адвакат — на самой справе вельмі вузкаспецыяльная прафесія.Студэнты пачынаюць з гісторыі экалагічных рухаў, кантролю за забруджваннем вады, паветра і глебы, прынцыпаў аховы навакольнага асяроддзя ў бізнесе і далей пераходзяць да міжнародных экалагічных законаў, міжнародных гандлёвых стасункаў, міжнародных перамоў па экалагічных пытаннях, экалагічных злачынстваў і міжнародных экалагічных канфліктаў.

Самы папулярны факультэт environmental law знаходзіцца ва ўніверсітэце імя Джорджа Вашынгтона (George Washington University Law School) . Дыплом экалагічнага адваката, як і любога іншага юрыста, паўсюль каштуе нятанна, а тут і наогул — 34 500 долараў за год. Але студэнты ўсё адно лезуць у “Вашынгтона” пішчом: з такой “коркай” праца на выскоай дзяржпасадзе ці ў міжнароднай арганізацыі — амаль вырашаная справа. Патрабаванні да абітурыентаў — іспыты TOEFL i LSAT (Law School Admission Test — уступны іспыт на юрыдычныя факультэты). Да таго ж, на LSAT няма мінімальнага прахаднога бала: яго трэба толькі здаць.

Для параўнання — яшчэ адзін, дарэчы, таксама прэстыжны экалагічны каледж, Antioch New England School (www.antiochne.edu) , факультэт экалагічнай адвакатуры (Environmental Advocacy). Кошт складае 6 тысяч у семестр, ёсць магчымасць атрымаць стыпендыі. У Канадзе — таксама значная разбежка ў коштах: ад 22 900 тысяч за год у Royal Roads University (www.royalroads.ca)  да 8 250 у Fleming College (www.flemingc.on.ca ). У Брытаніі ж адпаведнае навучанне абыходзіцца студэнтам каля 6880 фунтаў у год (напрыклад, у Bath Spa University College, www.bathspa.ac.uk).

WEB: ведай больш

Самы карысны лінк — www.enviroeducation.com.

Тут — суветны спіс універсітэтаў з рознымі экалагічнымі спецыяльнасцямі, а таксама эфектыўны пашукавік, дзе можна знайсці дыстанцыйную адукацыйную праграму.

www.environmentaldefense.org — гучныя экалагічныя справы па ахове, сусветныя кампаніі, акцыі і вакансіі для эка-адвакатаў.

www.environmentalprograms.net поўнае апісанне спецыяльнасці, інтэрв’ю, парады і спасылкі.

www.noacentral.org — арганізацыя The National Organizers Alliance: сітуацыя на экалагічным “рынку працы”, валанцёрскія праекты і канферэнцыі па тэме.   

 http://knihi.net/index.php?productID=425 ..

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5