Смех у залі
Спецыяльнасць: сцэнарыст сіткомаў, ТБ-сцэнарыст

Сітуацыю, што пануе апошнія гады ў эсэндэшнай тэлеіндустрыі, можна ахарактарызаваць як “харэ зырыць – пара рабіць”. Руліць тут, вядома, расія, дзе на стварэнне шматсерыйных народных сагаў пра “сапраўдных пацаноў” кідаюцца найлепшыя творчыя сілы ўсяго былога саўка.

Сітком у кожны дом

Пры гэтым страляркі “пра мянтоў” перасталі быць актуальнымі. Затое сутнасць слова “сітком” вам патлумачаць на любой кухні.

Sitcom (анг.скарачэнне ад “сітуацыйная камедыя”) паходзіць ад тэатральнай “камедыі становішчаў” – любімага відовішча галёркі ва ўсе часы. У 1920-я гады на радыё ЗША з’явіліся скетчавыя выпускі, аб’яднаныя агульнымі персанажамі, якія траплялі ў розныя смешныя сітуацыі. У 1940-я сіткомы перасяліліся ў тэлевізары, і было іх з таго часу да нашых дзён дахалеры. Вельмі часта перадачы запісваліся з аднаго дублю з гледачамі ў студыі – адкуль і традыцыя пускаць “тупы смех” за кадрам.

Пры тым, што жанр для нас не новы, сіткомавы бум, які зараз адбываецца на ТV, выглядае парадаксальна: дзе яны былі раней? Але ўсё лёгка тлумачыцца: раней, можа, і хацелі рабіць, ды не ведалі як. Цяпер жа навучыліся рабіць сваё, да таго ж яшчэ і зарабляць на гэтым грошы: усе серыялы самага сіткомавага расійскага канала СТС знятыя па ліцэнзіі. Гэта перапісаныя на рускі манер амерыканскія хіты – такія сабе бігмакі з чырвонай ікоркай.

ЗША нездарма адступае на яшчэ не наетыя бесклапотным смехам рынкі. У 2005 годзе выпуск сіткомаў амерыканскімі тэлеканаламі скараціўся амаль удвая, а NBC – вытворца “Сяброў” – дык і ўвогуле зваліўся з 16-ці “смяшылак” да 4-х. А ўсё таму, што сезон reality show абыходзіцца ў тры разы танней за сезон сіткому, а прыбытку піп-шоў прыносяць нават болей. 1,5 мільёны далараў і 500 тысяч долараў – розніца адчувальная. І калі прыкінуць, чым адрозніваецца reality show ад знятай у аналагічнай студыі камедыі, то адразу стане зразумела, куды ідзе мільён. На ганарары акцёрам – гэта раз. А рэшта каму? Правільна: тым, хто гэта ўсё піша.

Shakespeare team

Тыя, хто яшчэ верыць у святасць напісанага слова, абураюцца: маўляў сцэнарыстаў серыялаў прадзюсеры за людзей не лічаць. Гэта так і адначасова не так. Калі ты вырашыў, што твой хлеб – дыялогі ў серыялах, першае, чаго трэба пазбавіцца, -- шэкспіраўскае “панты”. Рэжысёр Юрый Беленькі, першапраходца расійскага сіткому, сцвярджае, што тэлесцэнарый – гэта ніякая не творчасць, а на 100% рамяство. Табе даводзіцца пісаць пад канкрэтных акцёраў, якіх ты штодзень бачыш пад сафітамі. Прыходзіцца ўлічваць, што тая зацяжарыла, а той пасварыўся з прадзюсерам ды зваліў (і цяпер яго трэба неяк прыбраць з дзеяння). Пішучы сцэнарый першай серыі, ты не ведаеш, што будзе ў 20-й. І нікога не турбуе, што ад цябе сышла муза, і таму сёння табе не пішацца. Не пішацца табе – напіша іншы: вас, аўтараў, у прыстойнага рэжысёра 30-40 на двухсотсерыйны праект. Але калі табе паперла – я пагляджу, ці адцягнеш цяпер цябе за вушы ад гэтага крэатыву, за які яшчэ і плацяць (мінімум, які атрымлівае за стандартную 26-хвілінную серыю сцэнарыст у Маскве – ад 400 да 500 долараў).

Першы блін сіткомам

У ЗША тэлесіткомы больш за паўстагоддзя з’яўляюцца элементам нацыянальнай культуры, і таму стварэнне TV-мыла – досыць паважанае рамяство, якое пакідае табе шанец аднойчы прачнуцца багатым і знакамітым. Таму тамтэйшаму пачаткоўцу лагічна пачаць з папулярных самавучыцеляў для сцэнарыстаў: “Купі сёння – і заўтра ты будзеш такі ж круты, як перац, што напісаў гэтую кнігу!”

У нашай тэлепрасторы сцэнарыст серыялаў – пакуль што занятак новы і сумнеўны. Беспрацоўнымі нашы сцэнарысты не ходзяць найперш з натупнай прычыны: пакуль іх не нанялі, яны і не здагадваюцца, што яны – сцэнарысты. Выпускнікі беларускіх жур- ці філфакаў працэс працаўладкавання апісваюць так: “Звычайна табе тэлефануе маскоўскі сябар знаёмага знаёмага і кажа: “Трэба. Будзеш?”

Такім чынам, першы крок, які цябе ні да чаго не абавязвае, гэта фрыланс: здзельная праца ў брыгадзе сцэнарыстаў. Заробак залежыць ад тваіх здольнасцяў. На справе сцэнарыст у серыяльным бізнесе – трэці чалавек пасля рэжысёра і прадзюсера, але ў таблоідах згадваюць хіба што аўтара ідэі. Скажам, сітком пра “прыўкрасную няню” адаптавалі да расійскіх рэаліяў некалькі мацёрых сцэнарыстаў КВЗ, але ў цітрах фігуруе аўтар амерыканскай версіі Фрэн Дрэшэр.

... Не расчытае і сабака

Доўгатэрміновая адукацыя: у любой расійскай кіна-ВНУ (ВГИК, Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве і інш. гэтаму ўжо вучаць). Іншая справа – пакуль што ў рэжыме спецкурсаў. Па словах рэжысёра Юрыя Беленькага, студэнтам гэта нецікава. Яно і зразумела: звычайна туды паступаюць юнакі і дзяўчаты з палаючымі вачыма, у якіх чытаецца прага схапіцца за камеру і адразу жа пачаць здымаць арт-хаўс.

“Хаця 90% тых, хто застанецца ў прафесіі, будуць займацца серыяламі”, -- прадказвае Беленькі.

Кароткатэрміновая адукацыя: у ЗША і Еўропе папулярныя курсы сцэнарыстаў, якія могуць займаць ад некалькіх тыдняў да года – гэта выключна практычныя заняткі: Круты Перац (спіс зорных праектаў прыкладаецца) дапамагае студэнтам крок за крокам напісаць іх уласныя сцэнарыі, праходзячы ўсе стадыі ад сінапсісу (сціслае апісанне ідэі) і распрацоўкі характараў да прапрацоўкі дыялогаў ды рэмарак. Паралельна магчымыя азнаямяльныя курсы тэле- і кінарэжысуры – уводзіны ў кантэкст прафесіі. Гэтак у New York Film Academy: выпускная работа сцэнарыста там – знятая па ўласным сцэнарыі кароткаметражка. Плюс такой арганізацыі навучальнага працэсу ў тым, што студэнт выносіць з вучэбнай студыі не проста дыплом і не толькі рамяство, але і гатовае партфоліё. Каштуе такое шчасце 9 тысяч долараў за семестр.

У Расіі такія школы адкрываюць самі тэлеканалы, зацікаўленыя ў новых кадрах. Навучанне бывае нават бесплатным, але трапляюць звычайна туды тыя, каго заўважылі, па рэкамендацыі рэжысёра ці прадзюсера. Калі меркаваць па тым, як пруцца гледачы новых рускіх сіткомаў, гэтая шыза – гады на тры мінімум. А там, можа, і да нас мода дакоціцца. Так што калі ў малодшых класах прыдуманыя табой смяшынкі друкавалі ў газеце “Зорька” – вось табе магчымы варыянт of future career. А калі мода на сіткомы пройдзе і прыйдзе новая тэлефіча – то што табе? Дыялогі пісаць ты ўжо напрактыкаваўся.

WEB: ведай больш

www.nyfa.com – New York Film Academy – сайт вышэйшай школы для тых, хто “хоча рабіць кіно”. Тут ёсць пералік школ тэле- і кінамайстэрства ў ЗША і Еўропе.

www.poznerschool.ru – Школа тэлевізійнага майстэрства Уладзіміра Познера. Той самы выпадак, калі Круты Перац вучыць канкрэтным рэчам. Па спасылцы даступна лаканічная і вычарпальная інфармацыя, ххто і чаму вучыць, як патрапіць. Колькі каштуе набор майстар-класаў.

http://knihi.net/index.php?productID=425

  • Оцени статью: