Адмянiць пошлiны на iншамаркi!

Беларускiя аўтааматары зноў у трывожным чаканнi павелiчэння мытных пошлiнаў на iншамаркi. Перапалох узнiк пасля нядаўняй заявы Надзвычайнага i Паўнамоцнаа пасла Расii ў Беларусi Аляксандра Сурыкава наконт таго, што падпiсанае 23 сакавiка гэтага года Пагадненне аб мерах па развiццю гандлёва-экнамiчнага супрацоўнiцтва памiж абедзвюма краiнамi, прывядзе да ўнiфкацыi мытных пошлiн у РБ і РФ. Няцяжка здагадацца, што ўнiфiкацыя будзе зроблена, як звычайна, у адпаведнасцi з расiйскiм заканадаўствам.

Беларусь ужо неаднаразова павышала мытныя пошлiны на iншамаркi. Праўда, пакуль беларускiя пошлiны не дасягнулi расiйскага ўзроўню, але i без таго моцна б'юць па кiшэнях. У нашай краiне стаўка мытнай пошлiны складае ад 0,6 да 0,75 еўра за 1 куб.см. аб'ёму рухавiка для аўтамабiля, чый узрост "маладзей" за 3 гады. Але такiя, па нашых мерках новыя аўто, па кiшэннi зусiм нямногiм беларусам. Пераважная большасць нашых суайчыннiкаў набывае аўтамабiлi ва ўзросце ад 3 да 10 гадоў, на якiя пошлiны складаюць ад 0,35 да 0,6 еўра за "кубiк". Сярэднi памер "растаможкi" такога транспартнага сродку вагаецца ў межах ад 600 да 800 еўра i складае прыкладна пятую частку кошту аўтамабiля. Для беларусаў гэта дорага. Калi ж наша кiрарўнiцтва ўнiфiкуе стаўкi мытных пошлiн з расiйскiмi, то iншамарка для сярэднестатыстычнага беларуса пераўтворыцца ў недасягальную мару.

Разам з тым, для краiны, якая не мае сваёй вытворчасцi легкавушак ( зборку мiзэрнай колькасцi iранскiх "Самандаў" у Абчаку пакiнем па-за ўвагай, бо гэты праект наўрад цi калi-небудзь зольны зрабiць "надвор'е" на беларускiм аўтарынку), мытныя пошлiны на ўтамабiлi ўвогуле не патрэбныя i нават шкодныя. Таму iх мэтазгодна адмянiць увогуле. Гэта дасць вiдавочную выгаду ўсёй краiне i асобным грамадзянам.

Па-першае, значная большая колькасць беларусаў зможа набыць прыватны аўтамабiль, прычым больш новы, за кошт зэканомленых на мытных пошлiнах грошаў.

Па-другое, цэнтр ўсходнеўрапейскага гандлю патрыманымi iншамаркамi адразу ж перамесцiцца з Лiтвы ў Беларусь. Бо ў нас "празрыстая" мяжа з Расiяй, бязвiзавы рэжым з краiнамi СНД. Таму не толькi грамадзяне РФ, але i Казахстана, Арменнii, Азербайджана, Грузii, Кiргiзii i iншых постсавецкiх дзяржаў, якiя зараз "атаварваюцца" ў Лiтве, аддадуць перавагу беларускiм аўтарынкам. А гэта не толькi дадатковыя дзесяткi тысяч працоўных месцаў для беларусаў, але i мiльённыя (у доларывым вымярэннi) падаткi ў дзяржаўную скарбонку, прыкладна такiя ж iнвестыцыi ў нашу эканомiку. Будзе дадзены магутны штуршок для развiцця прыдарожнага сэрвiсу, павелiчэння сеткi аўтазаправак, станцый тэхнiчнага абслугоўвання i г.д. I ўсё гэта можна зрабiць лёгкiм росчыркам пяра, падпiсаўшы адпаведны ўказ.

  • Оцени идею: