Зянон Пазьняк і Івонка Сурвіла наўрад ці прыедуць на з’езд беларусаў свету ў Беларусь

V з’езд беларусаў свету, арганізатарам якога выступае згуртаванне “Бацькаўшчына”, мае адбыцца 18-19 ліпеня ў Мінску, але ўжо ў двух цэнтральных будынках сталіцы -- Палацы чыгуначнікаў і Палацы прафсаюзаў арганізатарам адмовілі ў памяшканні. Як ідзе падрыхтоўка да з’езда, ці выпадзе на ім сустрэцца былым прэтэндэнтам на прэзідэнцкі пост Зянону Пазьняку і Аляксандру Лукашэнку, распавядае сустаршыня аргкамітэту з’езда, вядомы беларускі мастак Алесь МАРАЧКІН.

-- Спадар Алесь, ці можа так здарыцца, што беларусам свету прыйдзецца сустракацца не ў Беларусі?

-- Хацелася б верыць, што гэтага не будзе. Усе папярэднія форумы нам усё ж такі дазвалялі праводзіць у Мінску. На гэты раз пакуль прагнозы рабіць рана. У Палацы чыгуначнікаў і Палацы прафсаюзаў нам ужо адмовілі, спаслаўшыся на рамонт. Усё яшчэ “думае” канцэртная зала “Мінск”, куды мы таксама накіравалі ліст. Мяркую, што трымаць нас ў напружанасці ўлады будуць да лета, а потым могуць прапанаваць, напрыклад, дзяжурную залу ДК “МАЗ”. Тым больш зараз, калі Лукашэнка наладжвае стасункі з Еўропай, не даць мажлівасці правесці з’езд, выглядае занадта. Але мы прапрацоўваем і іншыя варыянты. У крайнім выпадку форум правядзем у Вільні альбо Кіеве. Ёсць і іншыя прапановы.

-- Наколькі гэта важна -- праводзіць з’езды беларусаў свету?

-- Перш за ўсё гэта ўнікальная магчымасць сустрэцца з нашымі землякамі, якія жывуць за межами Беларусі. Паслухаць, што яны думаюць пра нас, нашу дзяржаву, нашыя праблемы. Я нядаўна вярнуўся з Амерыкі, адкрываў там дзве выставы і хачу сказаць, што амерыканская дыяспара вельмі зацікаўленая ў тым, каб прыехаць у Мінск на форум. Тым больш, што ў гэтым годзе заяўленая вельмі важная тэма форуму -- "Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце: праблемы захавання і развіцця". Мы губляем нашу мову, нашу культуры, і гэта тым больш небяспечна ў сённяшні час усеагульнай глабалізацыі.

-- Прабачце, ці будзе вынік ад таго, што вы сустрэнецеся, паразважаеце, паспрачаецеся?

-- Безумоўна, якой быць Беларусі ў будучым залежыць таксама і ад сітуацыі, якая сёння склалася ў краіне. На ўзроўні ўладных структур як быццам бы прымаюцца нейкія дзяржаўныя праграмы, напрыклад, абмяркоўваецца палажэнне аб беларускай дыяспары за мяжой. Але далей за размову справа пакуль не ідзе, ніякага дакумента так і не выпрацавана. А ў ва многіх краінах, напрыклад, Літве, Украіне існуюць палажэнні аб дыяспары і ёсць кантакты на дзяржаўным узроўні. Кантакты, якія абагачаюць краіну. У Беларусі гэтыя кантакты адбываюцца толькі ў межах “калі ты мяне любіш, падтрымліваеш дзяржаўную палітыку, тады сябруем, калі не, то і ты нам не цікавы”.

-- Дзяржава па-ранейшаму не хоча падтрымліваць ідэю з’езда беларусаў свету?

-- Так, усе выдаткі па арганізацыі форуму бяруць на сябе беларусы замежжа.

-- Вядома, хто збіраецца прыехаць на з’езд?

-- Вячка Станкевіч, Янка Запруднік ужо далі згоду. Збіраецца прыехаць вядомы ў Амерыцы святар Святаслаў, які служыць у царкве Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку.

-- Можа, Зянон Пазьняк у рэшце рэшт вернецца на Радзіму? З’езд можа стаць добрай нагодай. Я ведаю, што не так даўно вы з ім сустракаліся, можа і пра будучы з’езд ішла размова?

-- Думаю, Пазьняк не прыедзе. Мы сапраўды сустракаліся і шмат гаварылі не толькі пра з’езд, але і пра будучае Беларусі. Пазьняк лічыць, што яму небяспечна вяртацца ў Беларусь, не хоча рызыкаваць. А сітуацыя, якая дазволіць яму прыехаць на Радзіму, наўрад ці можа ўзнікнуць улетку гэтага года.

Дарэчы, амаль па гэтай жа прычыне адмаўляецца прыязджаць і Івонка Сурвіла. Яна кажа, што пакуль не выпадае ехаць у Беларусь, што тут, дзе пануе рэжым Лукашэнкі, яна будзе некамфортна сябе пачуваць. Іншая справа – Вільня. У літоўскую сталіцу яна б прыехала.

-- А ўвогуле як адбываецца вылучэнне кандыдатаў на з’езд?

-- Нядаўна прайшло пасяджэнне рады, на якой былі агучаныя прозвішчы сябраў аргкамітэту. У хуткім часе будзем абмяркоўваць, каго запрашаць на з’езд, таму што нашыя дыяспары ў замежжы не зусім адназначныя. Напрыклад, дыяспары ў Малдове, у Маскве, іншых расійскіх гарадах маюць свае погляды на беларускасць, на тыя працэсы, якія адбываюцца ў нашай краіне. А хочацца, каб на з’езд прыязджалі сапраўдныя патрыёты, беларусы, якія прагнуць незалежнай, вольнай Беларусі.

-- Чыноўнікам з уладных кабінетаў будзеце дасылаць запрашэнні?

-- Мы кожны год іх запрашаем на форум: і прадстаўнікоў Саўміна, і Міністэрства замежных спраў. І даем магчымасць ім выступіць. Мы за дыялог. Ненармальна, калі ў Беларусі арганізацыю -- згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ганяюць з аднаго месца ў другое. У нас адабралі памяшканне ў цэнтры Мінска -- “Беларускі дом” на вуліцы Рэвалюцыйнай, потым кінулі ў іншае месца, другое, трэцяе. Зараз месцімся на ўскрайку сталіцы, у прыватным доме.

Што тычыцца першых асоб дзяржавы, то... Ведаеце, я мяркую, што бессэнсоўна грукацца ў дзверы, якія не адчыняцца. Наш вядомы змагар за беларускую мову, кіраўнік ТБМ, мною паважаны Алег Трусаў напярэдадні 2009 года напісаў Лукашэнку ліст, маўляў, Аляксандр Рыгоравіч час ужо, відаць, павіншаваць беларусаў з новым годам на тытульнай мове нацыі. Вельмі слушны ліст. Ну і што? Хіба ж царскі гонар дазволіў нашаму кіраўніку “апусціцца” да просьбы старшыні ТБМ?! Я нават не магу ўявіць, пры якіх умовах беларускае кіраўніцтва пачне размаўляць на роднай мове. Хіба калі гэта стане абавязковай умоваў утрымання ўлады.

-- Спадар Алесь, вы прысутнічалі амаль на кожным з’ездзе беларусаў свету. Што для вас асабіста яны значаць?

-- Пагадзіцеся, не кожны раз беларускаму мастаку, літаратару, вучонаму выпадае паехаць у Амерыку, Канаду, Аўстралію і сустрэцца там з вядомымі землякамі. А тут прадастаўляецца ўнікальная магчымасць убачыць амаль усіх у адным месцы. Ды і не толькі ўбачыць, але пагаварыць, паспрачацца...

 

  • Оцени статью: