А ў цябе “СПІДО”
Спецыяльнасць: спартыўная інжынерыя

Нацыянальны алімпійскі камітэт ЗША ўмее лічыць грошы падаткаплацельшчыкаў, таму і апранае сваіх спартсменаў у адзенне SPEEDO. Даўно прызнана, што брытанцы руляць на рынку спартыўнай экіпіроўкі вось ужо колькі дзесяткаў год. І пакуль большасць канкурэнтаў фірмы калупаецца ў носе, супрацоўнікі SPEEDO увасабляюць у жыццё пастулат: апрача ўласных здольнасцяў, добра трэнера ды размяшэчэння зорак перамога спартсмена – гэта ўдала абраны спартыўны касцюм. Стварыць які – сапраўдная навука. Як вы зразумелі, ніжэй гаворка пойдзе якраз пра такую – спартыўную інжынерыю.

Група ў паласатых купальніках

Адзін з самых паспяховых прадуктаў кампаніі SPEEDO апошніх гадоў – купальнікі. Распрацоўка супернаварочаных плавак і ліфчыкаў серыі FastSkin2, на якія SPEEDO выдаткоўвае фантастычныя бюджэты, праходзіць у спецыяльна створанай лабараторыі Aquqlab, што забяспечвае кампаніі мільённыя прыбыткі.

Брытанцы працавалі над купальнікамі FastSkin2 чатыры гады. Перад распрацоўшчыкамі стаяла мэта: зборная Вялікабрытаніі па плаванні на летніх Алімпійскіх гульнях у Афінах мусіць абставіць усіх. Дзякуючы FastSkin2 планавалася павялічыць хуткасць плыўца за кошт змяншэння пасіўнага супраціўлення руху цела ў вадзе на 4%. Каб было зразумела: такі працэнт можа стаць розніцай паміж залатым медалём і чацьвёртым месцам.

Распрацоўкай купальнікаў FastSkin2 займаліся Фіёна Фэрхерст і Джэйн Капаэрт, спецыялісткі па спартыўнай інжынерыі. (Адзначым, што міс Фэрхерст вучыцца на атрыманне ступені PhD ва універсітэце Дэрбі па спецыяльнасці “купальнікі. Вось да чаго прыводзіць “паглыбленне” у вузкую галіну!). Ідэя стварэння стварэння тэхналогіі нарадзілася ў цётачак падчас вывучэння асаблівасцяў рухаў акулы. Да ідэі дадалісчя веды па самой тэхніцы плавання і канспекты па анатоміі ды фізіялогіі, на лекцыі па якіх дзеўкі, бачна, хадзілі ва універы.

З універа Фіёна і Джэйн ведалі, што звычайна купальнікі робяць з эластычнага матэрыялу, які макісмальная аблягае цела. Калі паміж целам і купальнікам трапляе вада, узнікае супраціўленне і ў выніку – хай нават і мінімальнае, але спаўзанне купальніка. Мала дапамагае дызайн, які змяншае вібрацыю мускулаў плыўца. Таму цёткі са SPEEDO выкарысталі тэхналогію “швонацяжэнне” паміж дэталямі купальніка. Такія ўстаўкі дапамаглі “зрасціць” купальнік з целам, асабліва ў вобласці зада і жывата.

KRISS KROSS

У выніку вынаходніцтва тэхналогіі FastSkin2 кампанія SPEEDO заключыла некалькі дзесяткаў кантрактаў з алімпійскімі зборнымі па плаванню розных краін свету на сотні мільёнаў бакаў. Тым часам Фіёна і Джэйн на аснове FastSkin2 пачалі распрацоўку касцюмаў для бобслея. Да працэсу падключылі алімпійскіх чэмпіёнаў па гэтым відзе спорту Ванэту Флаўэрс, Крыса Соўла і Наэль Пікус-Пэйс. “Розніца паміж залатым і срэбным медалём у Алімпійскіх гульнях – сотая доля секунды, -- гаворыць Флаўэрс. – Таму мы рабілі Ice Speed Suit з улікам патрэбаў спартсменаў. Вынікі ашаламляльныя.

Ясна, што спартыўныя інжынеры займаюцца не толькі распрацоўкай нейлонавых майтак.

Прыдумаць мадэль кросаў, у якіх можна выіграць любы алімпійскі забег. Распрацаваць корпус гоначнай яхты, якая будзе самай хуткай, вызначыць аэрадынамічны каэфіцыент фрызбі-дыска – вось толькі некалькі прыкладаў дзейнасці спартыўных інжынераў. Паколькі спорт рухаецца наперад сямімільнымі крокамі, становіцца сур’ёзным прыбытковым бізнесам, ад спартыўных інжынераў чакаюць усё больш фантастычных і наварочанных адкрыццяў. Напрыклад, спецыялісты ADIDAS у сакавіку 2005 года прапанавалі шырокай публіцы кросы з кампутарнымі сэнсарамі на падэшвах, якія на кожны крок вымяраюць ціск на заднік абутку. Падушачкі на задніках, якія кантралююца мікрапрацэсарам, падганяюць неабходную цвёрдасць. На горных дарогах, напрыклад, падэшва становіцца больш цвёрдай, а пры хадзе па асфальце больш мяккай. 250 долараў – і кросы вашы!

Інжынеры ад спорту

Спецыялізацыю “спартыўная інжынерыя” вам трэба шукаць на факультэтах інжынерыі. Зрэшты, у залежнасці ад краіны і спецыфікі універсітэта спартыўная інжынерыя можа хавацца і ў кінэтыцы (Human Kinetics), спартыўных навуках (Sports Sciences) , біямеханіцы (Biomechanics), кінезіялогіі. Спартыўная біямеханіка як больш вузкая спецыляізацыя займаецца апісаннем, тлумачэннем і прадказаннем механічных аспектаў жывых арганізмаў (ад жывёл да дрэваў-кусцікаў) і выкарыстаннем, як той казаў, атрыманых ведаў на практыцы – у спартыўнай дзейнасці чалавека.

Вывучае рухі і кінезіялогія. Але калі спартыўная інжынерыя займаецца распрацоўкай спартыўнага абсталявання і атрыбутаў, то кінезіялогія – фізіялогіяй і псіхалогіяй рухаў цела, а таксама фактарамі, якія спрыяюць ці перашкаджаюць чалавеку рухацца. У яе аснове – вывучэнне цяглічных рэакцый, свайго роду бія-фідбэк. Такім чынам вызначаецца адказ чалавечага арганізма на розныя віды стрэсаў – фізічныя (спартыўная дзейнасць) і эмацыйныя, а таксама выяўляюцца спосабы найбольш эфектыўна спраўляцца з гэтымі стрэсамі. Звычайна студэнтаў на спецыяльнасці спартыўная інжынерыя дручаць па механіцы вадкасцяў, інжынерыі матэрыялаў, аналізе стрэсаў, дынаміцы, бяімеханіцы, фізіялогіі фізічных нагрузак, інжынерным дызайне, вібрацыі і дынамічных сістэмах, спартыўных траўмах, кампутарнай і тканкавай інжынерыі, менеджменце спартыўнага комплекса. У лідэрах па спартыўнай інжынерыі – Вялікабрытанія. Універы менавіта гэтай краіны дакладна, без усялякай блытаніны і канкрэтна фармулююць назвы факультэтаў, спецыялізацыю ў дыпломе і рапісваюць патэнцыял спартыўнай інжынерыі. Таму хочаш не хочаш, а задумаешся: можа і мне падацца... Сярод вядомы факультэтаў спартыўнай інжынерыі такіх брытанскіх ВНУ, як Loughborough University, Bath University i University of Sheffild асабліва хочацца вылучыць круты лонаднскі універсітэт Queen Mary University of London. Патрэбную адукацыю тут можна набыць на факультэце спартыўнай інжынерыі, дызайну і інавацыі за 9 440 фунтаў у год. Але гэты універ паствіў сабе за мэту прыцягнуць да навучання як мага больш замежнікаў, таму стыпух тут – хоць гаць гаці. Пачатковыя гранты складаюць 2 фунтаў+фінансавая дапамога і ўзнагароды за ўдзел у праектах (кантактная асоба – Anita Walton a.walton@qmul.ac.uk).

У канадскім універсітэце Calgary University вялікую ўвагу надаюць менавіта вывучэнню кінезіялогіі. У ЗША цікава павучыцца ў College of Health and Human Performance (East Carolina University) на факультэце спартыўных навук. Заяву можна падаць за 50 бэ онлайн. Патрабаванні да паступлення паўсюль стандартныя: TOEFL 550-580, дакументы і аплата навучання каля 14 тысяч долараў (але ў апошняй ВНУ, напрыклад, абсалютна рэальна атрымаць някепскія стыпендыі). Варта толькі зразумець, што Беларусь у гэтым плане – поле неаранае, і перспектывы развіцця велічэзныя. Ну яшчэ адзін стымул: першыя, як вядома, заўсёды пераможцы. Так што лавіце шанец!

WEB: ведай больш

Асноўны інтэрнэт-рэсурс у гэтай галіне – сайт Міжнароднай асацыяцыі спартыўнай інжынерыі (International Sports Engineering Assotiation), дзе ёсць маса розных форумаў і праектаў, а таксама цікавая інфа пра летнюю школу з семінарамі па спартыўнай інжынерыі і спіс вядучых спартыўных кампаній.

www.sportsetnet.org.uk – карысны сваімі лінкамі да брытанскіх універаў спартыўнай інжынерыі і інфай па працаўладкаванні.

Паглядзець першую поўную базу звестак па галоўных мускулах чалавека з малюнкамі і апісаннямі можна на www.konesiology.net. Гэты сайт уражвае шматлікай інфай пра кінезіялагічную медыцыну і даўжэзным спісам еўрапейскіх і амерыканскіх універаў з факультэтамі кінезіялогіі. Нарэшце, www.popendsports.com – вельмі сцёбны сайт пад назвай “Спартыўная старонка Роба”. “Усё фігня, галоўнае – медаль”, -- нібыта сцвярджае Роб, які атрымаў 3-е месца невядома ў якіх спартыўных спаборніцтвах. Элітарны спорт, забавы, здаровае харчаванне і чамусьці боўлінг, але весела і з густам.

http://knihi.net/index.php?productID=425.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5