Каго хочаш выбірай
Спецыяльнасць: прыкладная палітыка

Герберт Гувер не сам прыдумаў свой знакаміты слоган “Па курыцы на патэльню і па машыне ў гараж”. Джодж Буш не сам дадумаўся да знакамітай фразы: “Чытайце па вуснах. НІЯКІХ НОВЫХ ПАДАТКАЎ!”. За гэтым, як і за іміджам, біяграфіяй, праграмай, спічамі, стаіць каманда, кіруе якой спецыяліст па практычная ці прыкладной палітыцы. А прасцей – менеджэр палітычных кампаній.

Прыкладная палітыка http://knihi.net/index.php?productID=425.

– практычная галіна палітычных навук, у рамках якой рыхтуюцца прафесіяналы. І займаюцца яны вось чым:

-- непасрэдны ўдзел у арганізацыі і правядзенні палітычных і выбарчых кампаній;

-- прасоўванне грамадскіх інтарэсаў у дзяржаўным апараце (плюс аказанне ўплыву на заканадаўства);

-- падрыхтоўка кандыдатаў (трэба папросту зляпіць з іх тое, што патрэбна);

-- праца з электаратам;

-- падтрымка палітычных арганізацый;

-- фэндрайзінг (пошук сродкаў);

-- PR.

Карацей, людзі з такой прафесіяй ведаюць працэс прыняцця палітычных рашэнняў ад A да Z. Прыкладной палітыцы вучацца не толькі зялёныя студэнты, але і пузатыя дзядзькі, якія не першы год задзейнічаны ў палітычным жыцці. Напрыклад, у 2002 годзе ў ЗША была заснавана Школа прыкладной палітыкі (SOAP, School of Applied Politics) – спецыяльна для рэспубліканцаў, каб яны маглі рыхтавацца да сваіх кампаній.

 

Let’s do it

Адной з самых цікавых сфер прыкладной палітыкі з’яўляецца арганізацыя кампаній – палітычных і сацыяльных. Гісторыя палітычных кампаній пачалася яшчэ ў антычнасці. Варта ўзгадаць “пакараць і выгнаць Сакрата з Афін” у V ст. да н.э., паўстанне дробнай шляхты супраць англійскага караля Джона ў XIII ст. Ці нядаўнія спробы скінуць Майкла Айзнэра з пасады кіраўніка кампаніі “Уолт Дыснэй”.

Самай першай больш-менш сучасная палітычная кампаніяй лічыцца кампанія Мідлаціан. Усё пачалося з таго, што ў 1876 брытанская прэса забіла трывогу: туркі зноў тэрарызуюць балгараў! Пры гэтым прэм’ер краіны Дызраэлі па-ранейшаму падтрымліваў туркаў – сваіх хаўруснікаў у Крымскай вайне. Тады ліберал Уільям Глэдстоўн пачаў адзін за адным друкаваць артыкулы, што заклікалі спыніць эканамічную падтрымку туркаў. Кампанія выбухнула падчас выбараў 1880 г.: Глэдстоўн раз’язджаў па ўсёй краіне і штурхаў прамовы па 5 гадзін. У выніку Дызраэлі хутка пакінуў прэм’ерскія апартаменты.

 

Не забудзься паціснуць ручку

Увогуле выбарчыя кампаніі лічацца адным з асноўных кампанентаў дэмакратычнага ладу. Тут маюцца самыя розныя тактыкі, стратэгіі і дапаможныя сродкі, такія як, напрыклад, агітацыя, стратэгіі будавання кампаній, прагназіраванне магчымых рэакцый, стварэнне у таргет-групы пэўнага настрою. У якасці каналаў распаўсюджвання могуць быць СМІ, білборды, т.зв. грамадскія медыя (нефармальныя каналы перадачы – “адна бабка сказала”), сацыяльныя івэнты (мітынгі, акцыі, сустрэчы з аўдыторыяй і інш.).

Уільям МакГоні, амерыканскі палітык, які парываўся ў кандыдаты ад дэмакратаў у 2004 годзе, увогуле ўпэўнены, што палітычныя кампаніі зараз сталі часткай забаўляльнай культуры. Цяпер у палітычнай сферы ўсё больш задзейнічаны зоркі, знакамітасці і фота- ды медыягенічныя лялькі. МакГоні лічыць, што ў ЗША самым паспяховым прэзідэнтам быў акцёр Рональд Рэйган. “Палітычныя кампаніі вельмі простыя. Усё, што патрабуецца – гэта размаўляць і пастаянна падтрымліваць сувязь з выбаршчыкамі. Калі ў вас хопіць часу і энергіі паціснуць усім руку, то хутчэй за ўсё вы пераможаце”.

Як ні банальна гучыць, але ўсім гэтым парадам камандуюць менеджэры кампаній. Мала таго, што яны плануюць кампаніі, распрацоўваюць сцэнарыі, -- кадры і бабло таксама на іх. Яны – першыя людзі пасля лідэраў. У іх каманду ўваходзяць спічрайтэры, прэс-сакратары, спецыялісты па PR, іміджмэйкеры і, натуральна, скарбнікі. Бо нехта ж павінен лічыць грошы.

 

Лобі—наша хобі

Тое, што палітыцы можна навучыць, зразумелі зусім нядаўна. І той факт, што існуе ўсяго некалькі палітычных інстытутаў, дзе можна атрымаць бакалаўра ці магістра палітычных навук, сведчыць толькі пра іх элітнасць.

Галоўнае, што студэнты выходзяць са сцен сваіх альма-матэр не тэарэтыкамі, а з канкрэтнай прафесіяй на руках і канкрэтнай схемай працы ў галаве. Курсы, якія там чытаюцца, маюць свае асаблівасці. Звычайна ў спісе прадметаў можна ўбачыць: менеджмент кампаній, палітычнае лідэрства, лабіраванне, палітычныя камунікацыі, палітэканомію, фінансаванне кампаній, фэндрайзінг, грамадскую палітыку, тактыкі і стратэгіі кампаній, грамадскую думку, выбары, медыя, метады даследаванняў, палітычныя партыі, публічныя прэзентацыі і спічы.

У асноўным выпускнікі працуюць менеджэрамі кампаній, але можна працаваць у любым іншым сектары на пасадах дарадцаў, піяршчыкаў, лабістаў, іміджмэйкераў і г.д.

На жаль, такіх праграм яшчэ зусім не шмат. Затое яны адкрыты для ўсіх, хто здасць TOEFL і будзе мець за спіной 4 гады навучання ў вышэйшай адукацыйнай установе (бакалаўр альбо яго эквівалент). Напрыклад, у інстытуце практычнай палітыкі Рэя Бліса пры універсітэце Акрон (Ray C.Bliss Institute of Applied Politics, university of Akron, USA) прапануюць нават магістарскую праграму онлайн. Каштуе гэтае задавальненне каля 14 тысяч долараў. І недзе 20-22 тысячы за звычайнага “магістра”.

 

WEB: ведай больш

www.cnn.com/ALLPOLITICS/1996/candidates/ad.archive -- тут можна паслухаць перадвыбарчыя рэкламы кандыдатаў на пасаду прэзідэнта ЗША.

www.completecampaigns.com/campaignguide.asp -- даведайся, як працуюць кампаніі знутры.

www.csmonitor.com/specials/decision2004/bennett/slide7.html -- а тут можна проста пахіхікаць з таго, якія малюнкі, прысвечаныя выбарам у ЗША 2004 года, зрабіў мастак Бенэт.

http://knihi.net/index.php?productID=425.

  • Оцени статью: