Спецыяльнасць: прыгодніцкі і экалагічны турызм
Галадуй у holiday

У далёкія 1970-я, калі малалетнія хіпозы адцягваліся пад песню Mammas&Pappas “California Dreaming”, іх сапраўдныя мамы і таты вар’яцелі па дзвюх рэчах. Шопінг і трэвэлінг захапіў розумы амерыканцаў і еўрапейцаў, японцаў і аўстралійцаў, якія табунамі перліся зырыць на “dostoprimachatelnosti” адзін да аднаго. Але хутка фармат “проста хадзіць і глядзець” усіх запарыў – захацелася чаго-небудзь “гэткага”.

Так у 1990-я з’явіўся прыгодніцкі і экалагічны турызм. Людзі зразумелі, што гуляць у “Апошняга героя” на балотах Палесся – сапраўдная маза. А калі так, то на ёй можна зарабляць бабкі. А калі пайшла такая п’янка, то эка- і прыгодніцкаму турызму можна вучыць. Як, дзе і чаму канкрэтна – пра гэта і пагутарым ніжэй.

Марш энтузіястаў

Каб вы ведалі, увесь “цывілізаваны” свет зараз прэцца ад таго, як бы гэта з’ездзіць да абарыгенаў у Азію ці... ва Усходнюю Еўропу. Ясна, можна запарыцца, чаму гэта мы абарыгены – маўляў, самі такія. Але, на добры лад, граматна наладжаны турбізнес з рамантыка-прыгодніцкім адценнем можа пакаціць у любой мясцовасці. І ў любой кропцы свету прыносіць барыш.

Адпаведна нам, дужа разумным беларусам, варта прыкінуцца затурканымі абарыгенамі і вывучыць чужы досвед па прыцягненні замежнай валюты ў бюджэт сінявокай Бацькаўшчыны і ва ўласную кішэнь.

... Сярод Галапагоскіх астравоў ёсць Эспакола, якому каля 3-х мільёнаў гадоў. Вядомы Эспакола тым, што тут пражывае шмат рэдкіх птушак – больш глядзець няма на што. А тысячам турыстаў, якія едуць сюды ў экатуры, больш нічога і не трэба. Дай ім толькі паглядзець на птушак у іх натуральным асяроддзі.

Каму хочацца больш экзотыкі, адрэналіну і выпрабаванняў сваёй сілы волі – пліз ю.

Вядомая фірма прыгодніцкага турызму Lindblad (ЗША) арганізоўвае захапляючыя падарожжы ў Антарктыку. 25 год таму Свэн Ліндблад, заснавальнік фірмы, пачынаў уласныя падарожжы ў Антарктыку з невялікай камандай энтузіястаў. Тады іх сапраўды можна было назваць першапраходцамі, а іх падарожжы – надзвычай небяспечнымі і рызыкоўнымі для жыцця. Потым Ліндблад убачыў: нічога, што можа перашкодзіць яму вазіць у Антарктыку натоўпы японцаў з фоцікамі, няма. Прадумаў “сцэнарый” тура, каб сапраўды і цікава, і халадок у жываце з потам на скронях, але і каб для жыцця бяспечна. “Самыя-самыя” мясціны яму даўно былі вядомыя, а для навічка – усё дзіва. І вось вам: экстрым-тур гатовы. У праграме: катанне на байдарцы сярод айсбергаў і побач с пінгвінамі; начное плаванне на маленькім караблі; смерць ад абмаражэння і цырымонія пахавання турыста ў вечнай мерзлаце.

Апошні пункт у праграме – наш няўдалы жарт, які закліканы паказаць: нават калі ў нашым двары стаіць іржавая дзіцячая пляцоўка, пастаўленая ЖЭСам у 1973 годзе да н.э., можаце спакойна арганізоўваць экстрым-тур. Адно што назавіце як-небудзь “атракцыйна” – і замежнікі вашы.

Чарапаха з трацілам

Зрэшты, адмаўляцца ад эка-турызму таксама не варта. Ён найбольш выгадны як для мясцовых кам’юніці (прыбытак без разбурэння і забруджвання наваколля, інвестыцыі ў адраджэнне мясцовых традыцый і культурных асаблівасцяў), так і для самой прыроды. А што да прыбытку, то і дурню ясна: сфера бяспройгрышная. Тут зноў-ткі галоўнае – навучыцца рабіць з лайна цукерку.

... Жыў-быў нехта Рычард Эвансан – паспяховы амерыканскі бізнесмен, які зарабіў бабло на кабельным тэлебачанні. Але аднойчы Эвансан зразумеў, што звычайнае багатае жыццё ўжо задрала. Тады, захапіўшы генератар, лядоўню і мора піва, ён махнуў у нейкія дзікія краі на востраў Nanuva Levu, які набыў праз два гады і перайменаваў у Чарапашы.

Спачатку і Эванс, і востраў былі не ў самай лепшай форме: дзядзька – стомлены і абыякавы ад жыцця, востраў – пустынная глеба і пара-тройка казлоў (у прамым сэнсе). Але калі ўжо пачынаць новае жыццё – дык пачынаць, -- вырашыў бізнесмен і з дапамогай мясцовых жыхароў ператварыў кавалак зямлі ва ўзор экалагічнага турызму.

За ўвесь час існавання Чарапашага вострава Эванс пасадзіў больш за 300 тысяч дрэў, якія, па сутнасці, і павінны былі тут расці: бананы, манга, папайя, ліставыя дрэвы, што пазней сталі выкарыстоўвацца ў вытворчасці мэблі. За уласнае бабло мільянер аднаўляў прыбярэжныя рыфы і пляжы, а таксама купляў на іншых астравах Фіджы мясцовых птушак і жывёл. Напрыканцы 1970-х гадоў Columbia Pictures задумала здымаць фільм “Блакітная лагуна” з Брук Шылдс у галоўнай ролі.

Невядома як, але кампанія выбіла з Эванса дазвол на здымкі на ягоным дзецішчы. Так Рычард уцяміў, што квітнець і ўзбагачацца востраў можа не толькі на ягоныя бабкі, але і на фінансы турыстаў. І бізнес пайшоў як па масле...

Што да нашай Бацькаўшчыны, то ідэальным прыкладам экатурызму ў нас маглі б стаць Строчыцы, што каля возера Пціч. У адным месцы сабраны розныя хаты, гаспадарчыя пабудовы з усіх рэгіёнаў Беларусі. Месца вельмі каларытнае – так і просіцца, каб сюды вазілі турыстаў сотнямі тысяч. Калі б адміністрацыі музея даць волю, яна, мы ўпэўненыя, абавязкова адрадзіла б тут і аўтэнтычнае жыццё. Прыкіньце: у хатах, заселеных адно што прусакамі, пасяліць жывых людзей, чыя праца заключалася б у тым, каб жыць, як звычаныя беларусы сто-дзвесце год таму. Ніякіх тэлекаў, мабілак, электрычнасці – усё як тады. Вопыт іншых краін сведчыць, што такія “аўтэнтычныя Дыснэйлэнды” карыстаюцца неймавернай папулярнасцю ў замежнікаў!

А пакуль Строчыцы паціху гібеюць, чакаючы вас, будучыя менеджэры эка- і прыгодніцкага турызму, паглядзім, дзе і як можна павучыцца гэтай прафесіі.

А мы турысты-авнтурысты

Лепей за ўсё на менеджэраў гэтай сферы вучаць у Канадзе, ЗША, Аўстраліі і Брытаніі. Прычым у Канадзе і Брытаніі большасць праграм так і называецца – adventure tourism. У ЗША і Аўстраліі часцей сустракаюцца факультэты экатурызму (ecotourism). Таксама не пужайцеся, калі ўбачыце назвы sustainable tourism (экалагічна рацыянальны турызм), adventure travel (прыгодніцкія падарожжы), outdoors travel (падарожжы на свежым паветры). Гэта ўсё сінонімы. Будучых гандляроў экстрымам вучаць цэламу шэрагу розных патрэбных дысцыплін: індустрыя прыгодніцкага турызму, тэорыя падарожжаў у незвычайных мясовасцях, аказанне дапамогі ў крызісных сітуацыях, культурнае асяроддзе, рызыка-менеджмент і інш.

З 2-га курса студэнты выбіраюць спецыялізацыю, якая датычыцца пэўнага экстрымальнага віду спорту: веславанне на байдарках і каноэ, альпінізм, пешыя паходы, каякінг, лыжныя віды спорту. Амаль усе тэарэтычныя заняткі правяраюцца на практыцы. Так што задавальненне можна адчуць на ўласнай скуры ўжо падчас навучання. Патрабаванні да паступлення даволі спецыфічныя. У некаторыя ВНУ ёсць узроставы ліміт (звычайна гэта 19-20 гадоў), абсалютна для ўсіх устаноў абавязкова неабходная добрая фізічная падрыхтоўка. Спецумовай з’яўляецца і добры ўзровень валодання якім-небудзь відам спорту, пажадана хаця б з намёкам на экзатычны, бо футболам наўрад ці кліентаў прыцягнеш.

Нягледзячы на тое, што турыстычны бізнес прыносіць прыстойныя грошы, само навучанне каштуе параўнальна няшмат. Напрыклад, у канадскім універы Thompson Rivers University, які лічыцца “the best” сярод сабе падобных, год навучання каштуе 7225 долараў з улікам выдаткаў на падарожжы (пражыванне, абсталяванне, транспарт) і платы мясцовым інструктарам.

Самае таннае навучанне па спецыяльнасці “прыгодніцкі і экатурызм” можна атрымаць у Fleming University – усяго 2957 долараў за год. У Брытаніі можна выдзеліць University of Worcester: тут ёсць стыпендыі і часовая праца для замежных студэнтаў. Даволі танны амерыканскі універсітэт Hocking College. Спецыяльнасцю “прыгодніцкі і экатурызм” на факультэце Natural Resources можна авалодаць за 9000 долараў у год.

WEB: ведай больш

www.ecotourism.org – сайт Міжнароднай асацыяцыі экатурызму. Шмат адукацыйных спасылак, апісання экатурызму і міжнародных праектаў.

www.touristtravel.com – прыклады ўдалых прыродных і экатураў, артыкулы па экатурызме, фотагалерэя.

www.funadventure.com – усе віды экстрэмальнага спорту ў любой кропцы свету. А спасылка next generation распавядзе, якімі ж відамі спорту мы будзем займацца ў будучыні.

 

  • Оцени статью: