Элементарна, Ватсан!
Спецыяльнасць: прыватны дэтэктыў

Кліентка прыватнага дэтэктыва Боба, які працуе на амерыканскае агенцтва Baker Street Florida Investigations, была ўпэўненая, што па начах у яе дом наведваюцца нейкія падазроныя асобы. Па яе просьбе Боб пачаў назіранне за домам. Па ўсіх памяшканнях ён панапхаў самых сучасных прыбораў праслухоўвання і назірання, а сам прыпаркаваўся побач у мікрааўтобусе. Літаральна праз некалькі гадзін запрацаваў магнітафон, і дэтэктыў пачуў: “Нож у лёгкае – гэта было клёва, але прыкончыў яе мой, той, што ў сэрцы. Толькі пазыр, колькі крыві. Трэба куды-небудзь прыбраць цела”. Боб ужо ліхаманкава набіраў 911, калі з калонак загучала мелодыя з серыяла “Закон і парадак”. Аказалася, прыборы чамусьці падрубіліся да кабельнага TV.

Стаяць! Баяцца!

Відаць, кожны бачыў галівудскія фільмы пра прыватных дэтэктываў, якія сочаць за нявернымі жонкамі, шукаюць зніклых дзяцей, раскрываюць бізнес-злачынствы і нават забойствы. Аказваецца, для большасці нармальных краін гэта абсалютна не пустыя фантазіі. Каб атрымаць дыплом шпега і адкрыць сваё агенцтва, спатрэбіцца ўсяго які-небудзь год. Як гэта, напрыклад, зрабіў Фрэнк Мэрыт, які скончыў праграму школы падрыхтоўкі прыватных вынаходнікаў улетку 2005 года і адразу ж адкрыў уласнае агенцтва Merritt&Merritt Investigations. У Беларусі, колькі мы ні шукалі, афіцыйных прыватных дэтэктываў папросту не знайшлі. А шкада – хоць “мая міліцыя мяне беражэ”, але з прафесіяналамі яно неяк спакайней.

Are you all right, mam?

Вядома ж, неад’емны атрыбут працы дэтэктыва – рызыка. Арышты злачынцаў, адсочванне шантажыстаў і кілераў, праца пад прыкрыццём у наркакартэлях... Але ўсё гэты часцей здараецца ў кіно, чым у рэальным жыцці. А сапраўдным дэтэктывам застаюцца справы больш празаічныя: пошук дакументаў, збор інфармацыі, рэканструкцыя падзей, вытупленне на судзе ў якасці сведкі альбо апытанне тых жа самых сведкаў. Брытанца Пітэра Рэя з Security Consultants and Special Investigations наняў дырэктар буйной вытворчай кампаніі, калі даведаўся, што інфа пра новыя распрацоўкі ягонай фірмы даходзіць да канкурэнтаў раней, чым да яго самога. Пітэру і яго калегам авялося апытаць каля 300 супрацоўнікаў, і толькі пасля гэтага высветлілася, што прамысловым шпіёнам была банальная сакратарка.

Часцей за ўсё дэтэктыўныя агенцтвы маюць сваю “спецыялізацыю”. Напрыклад, польская Aslavia займаецца патроху ўсім – ад пільнавання да аховы, але спецыялізуецца на зборы інфармацыі для разводных працэсаў. Натуральна, працуюць на карысць аднаго з бакоў – мужа ці жонкі.

Наогул, асноўная частка працы “прыватнікаў” звязаная якраз не з крадзяжамі і “макрухай”, а са справамі куды больш мірнымі: бізнес, сям’я...

... Багатая амерыканская парачка наняла брытанскіх дэтэктываў, каб тыя сабралі інфармацыю пра будучага мужа іх дачкі. Нявеста і насамрэч была зайздросная, асабліва сваім пасагам. А вось жаніх падкачаў: хоць і сцвярджаў, што скончыў адзін з самых прэстыжных універсітэтаў свету, але апранаўся неяк проста і ездзіў на сціплым аўто. Дэтэктывы “правялі расследаванне” і прыйшлі да высновы, што хлопец не хлусіў. Мала таго, у сілу прыроднай сціпласці нават не сказаў пра тое, што ў сваім маладым узросце ўжо меў даволі прыбытковы бізнес. Карацей, вяселле адсвяткавалі праз тры месяцы.

Кліент саспеў

Асноўныя працоўныя інструменты прыватнага дэтэктыва – комп, тэлефон і машына. Далей усё залежыць ад канкрэтных спраў: скажам, для пільнавання спатрэбяцца як мінімум біноклі, рацыі, відэакамеры і прыборы начнога бачання. А пры элементарным зборы інфармацыі часта хапае і добра падвешанага языка ці пары баксаў “на гарбату”.

Дэтэктывы збіраюць інфармацыю для судовых спраў, для працадаўцаў, крымінальныя і камерцыйныя звесткі. Яны часта супрацоўнічаюць з адвакатамі, страхавымі кампаніямі і прафсаюзамі.

Аднойчы Дэніс Грэйс, дэтэктыў з Небраскі, расследаваў справу жанчыны, якая выбівала кампенсацыю за маральныя страты (маўляў, на працы яна пашкодзіла спіну і цяпер не можа нават сагнуцца). Пад’ехаўшы да дома Суб’екта – так дэтэктывы называюць тых, за кім сочаць – ён убачыў як яе муж расчышчаў пляцоўку на міні-трактары, а сама Суб’ект на заднім плане з задавальненнем варочала каменне.

Прадставіўшыся студэнтам-архітэктарам, ён узяў камеру і пачаў здымаць “будаўніцтва”. На пытанне “што гэта будзе?” задаволены гаспадар адказаў: “А во мая жонка хутка атрымае кампенсацыю, дык мы тут вырашылі на гэтыя бабкі пабудаваць мне майстэрню”. Словам, пабудавалі...

Зарабляюць прыватныя дэтэктывы зусім няблага: для пачатку ад 25 долараў у гадзіну, а потым і да 300-500 тысяч. Іх паслугі заўсёды запатрабаваныя, бо гэта спецыялісты шырокага профілю: яны вывучаюць метады інфармацыйнай бяспекі і абароны ад хакераў, даследуюць камерцыйныя злачынствы (скажам, аферы з рахункамі), займаюцца адсочваннем хакераў. Да таго ж “на ўсялякі выпадак” іх навучаюць тактыкам арышту і забеспячэння бяспекі кліентаў. Таму прыватныя дэтэктывы вельмі часта самі вучаць будучых целаахоўнікаў. Яшчэ адзін канёк прыватных дэтэктываў – пошук людзей: старых сяброў, былых пасій, сведкаў ці збеглых падлеткаў. Напрыклад агенцтва Children Kidnapped to Poland спецыялізуецца на... дзецях, што зніклі ў накірунку Польшчы. І мае ў архівах шмат гісторый накшталт шасцігадовага хлопчыка Міка, які ўжо 18 месяцаў не бачыў тату і брата, бо ягоная маці-паляка ўзяла і звезла малога ў Польшчу.

... А тым часам у Амерыцы самыя анекдатычныя гісторыі пра прыватных дэтэктываў звязаныя, здавалася б, з бяскрыўдным заняткам. Часта ім, -- як у другога гатунку галівудскім кіно, даводзіцца адлаўліваць і аддаваць каму-небудзь позву ў суд. У Флорыдзе супрацоўнікі Baker Street Investigations перадалі аднаму “кліенту” позву ў скрыначцы з яшчэ гарачай піцай. Проста хлопец быў буйны.

Шпег з дыпломам

Сапраўдны дыплом сапраўднага прыватнага дэтэктыва можна атрымаць, не адыходзячы ад свайго кампутара. Існуе шмат онлайн-праграм, але тут трэба быць акуратным: сярод іх ёсць і не акрэдытаваныя. Таму перш-наперш варта ўдакладніць усе нюансы наконт будучага дыплома і магчымасцяў, якія ён адкрывае.

Звычайна “прыватнікаў” вучаць у спецыялізаваных школах. Напрыклад, адна з самых вядомых у Амерыцы – Private Investigator Training School (Школа падрыхтоўкі прыватных дэтэктываў) прапануе акрэдытаваную онлайн-праграму з крштам каля 700-800 долараў. Студэнт сам размяркоўвае свой час, нікуды выязджаць не трэба, а каб паступіць у школу, трэба толькі мець 18 год. І даходліва тлумачыць сваю матывацыю.

WEB: ведай больш

www.pimall.com – апошнія навіны ў сферы прыватных расследаванняў, кнігі, карысныя спасылкі. Акрамя гэтага – інфа пра адукацыю (праграмы, семінары, школы).

www.bls.gov/oco/ocos157.htm -- дэталі пра саму працу. У першую чаргу – заробкі і ўмовы працы.

www.infoguys.com – што рабіць, каб стаць прыватным дэтэктывам, і як потым раскруціць сваё агенцтва.

www.nettrace.com.au/resource/investigation/private.htm -- спасылкі на амаль усе існуючыя асацыяцыі “прыватнікаў”, форумы і часопісы. Прынамсі, некалькі слушных парадаў наконт таго, як зарабляць 100 тысяч баксаў у год, працуючы прыватным дэтэктывам.

http://knihi.net/index.php?productID=425

  • Оцени статью: