Абы-што і збоку вушы
Спецыяльнасць: прадукт-дызайн

Мы жывем у свеце тавараў. Імі пад завязку напханы нашы дамы, гаражы і офісы. Час ад часу мы іх выкідаем, але потым ідзем і набываем новыя. Але ў гэтым замкнёным коле ёсць рэчы, якія сваім дызайнам і практынасцю затрымліваюць наш позірк: ад сёмага “бумера” да новага iMac.

Гэта вы файна прыдумалі!

У 1999 годзе па замове кампаніі British Airways дызайнерская студыя Tangerine цалкам змяніла праектыроўку салонаў бізнес-класа ў самалётах. Калі раней пасажыры сядзелі тварам адзін да аднаго, то цяпер былі спраектаваныя крэслы, якія займалі менш прасторы і “глядзелі” у адзін бок. Месцаў стала болей, і пасажыры, нікому не перашкаджаючы, маглі трансфармаваць свае крэслы ў “ложкі”. Планіроўка прыжылася: тыя ж стваральнікі знакамітага “Аэробуса” былі вельмі ўдзячныя прадукт-дызайнерам Tangerine за ідэю.

Дызайн  ..

– неад’емная частка працэсу распрацоўкі і вытворчасці любой новай прадукцыі. Прадукт-дызайнеры ўдзельнічаюць у кожным этапе распрацоўкі, але асноўная праца часцей за ўсё выконваецца ў самым пачатку. Праектаванне прадукцыі – напэўна, самая важная стадыя ў жыцці кожнай кампаніі, таму што менавіта ад эфектыўнага і ўдалага дызайну залежаць імідж і продажы прадукту... Сапраўднай знаходкай для кампаніі Apple стаў Джонатан Айві, які скончыў факультэт прамысловага дызайну політэхнічнага універсітэта ў Ньюкасле (Англія). Ужо яго першы праект для Apple, пресанальны кампутар iMac, у 1998 годзе меў грандыёзны поспех. Следам з’явіліся iBook, Power Mac, PowerBook, Mac Mini і, нарэшце, iPod, які стаў штуршком да эканамічнага адраджэння кампаніі. У верасні 2005 года Apple заявілі, што гэты год стаў для кампаніі ў фінансавым плане лепшым за папярэднія 9 год. Усяго за год аб’ём продажаў iPod па ўсім свеце вырас на 500%. А сам Джонатан у 2006 годзе атрымаў ордэн Брытанскай Імперыі ІІ ступені.

Crasy Frogs

Канкурэнцыя прымушае кампаніі ўвесь час шукаць неардынарныя крэатыўныя рашэнні: як толькі адзін брэнд стварае лінейку новай прадукцыі, ты проста абавязаны прыдумаць што-небудзь цікавае ў адказ.

У гэтым плане затык іншым дызайнерскім агенцтвам на сусветным рынку стварае кантора Frog Design. “У 1969 годзе чалавек прайшоўся па Месяцы. Моладзь хацела палепшыць наш свет, а я проста хацеў зрабіць, каб людзі ўсміхаліся”, -- кажа Хартмут Эслінгер, заснавальнік і кіраўнік кампаніі. За 36 год працы “жабяняты” нахапалі замоў па ўсім свеце і на сённяшні дзень працуюць з такімі глабальнымі трэндамі, як Sony, Ford, Lufthansa, Apple Macintosh, Walt Disney, Miron, Microsoft.

... Disney прыйшлі да Frog Design з прапановай, якую сур’ёзныя аналітыкі рынку ўжо дзесяць разоў залажалі як загадзя правальную. “Дыснэі” хацелі распрацаваць і ўвесці ў продаж сапраўдную электратэхніку для дзяцей. Плюс быў у тым, што брэнд “Дыснэй” (кампанія, якая стварае казку) ведаюць і любяць усе – і дзеці і дарослыя. Мінус: ну не асацыюецца Дысней з CD-плэерам і магнітафонамі!

Калі дызайнеры Frog узяліся за канцэпцыю, яны сцямілі, што сапраўднай візітоўкай Дыснэя з’яўляюцца... правільна, вушы Мікі Маўса. На гэтым і спыніліся: менавіта вушы і пыска Мікі сталі кнопачкамі кіравання і дынамікамі на ўсёй распрацаванай прадукцыі: бумбоксы, DVD, мабілы, караоке-мікрафоны...

Самае галоўнае, што хацелі зрабіць “жабы”, -- стварыць уражанне, быццам гэтая тэхніка сапраўды існуе ў рэальнасці Мікі: “Менш за ўсё гэта павінна было нагадваць гульню, калі дарослыя падымаюць дзіцячую мабілку і сюсюкаюць: “Ой, гэта Мікі тэлефануе”. Спалучыўшы ўдалую дызайн-канцэпцыю з класнай маркетынгавай стратэгіяй, Frog і Дыснэй заткнулі ўсіх “аналітыкаў”: у 2005 годзе іх караоке-мікрафон узяў плацінавы медаль на Best toy award”.

Халява, сэр!

Любы жадаючы, які добра ведае інгліш і пацвердзіць гэта вынікамі TOEFL/ITELS, можа спакойна выбраць сабе магістарскую ці бакалаўпскую праграму навучання ў ЗША, Канадзе ці Англіі. Нават у Швецыі ёсць англамоўныя праграмы для замежнікаў (напрыклад, Umea Institute of Design). Але, калі навастрыць лыжы ў японскі Kobe Design University ці іспанскі Istituto Europeo di Design (Барселона), то тут гэты нумар не пройдзе. Давядзецца вывучаць тамтэйшыя мовы. Да таго ж любы студэнт з-за мяжы пры паступленнні павінен мець усе зацверджаныя паперкі аб папярэдняй адукацыі. Трэба сказаць, асабліва шмат універаў, дзе можна вывучыцца на прамысловага дызайнера, у Швецыі, Японіі, Германіі ды Карэі. Спецыфічных (а часам і ўвогуле!) іспытаў здаваць ніхто не патрабуе. А канкрэтны універ табе дапамогуць знайсці універсальныя акадэмічныя пашукавікі кшталту www.gradschools.com.

Адукацыя каштуе па-рознаму: ва University College for the Creative Arts at Rochester (Англія www.ucreative.ac.uk) за год навучання трэба адваліць 8500 фунцікаў, а ў шведскім Umea Institute of Design у пераліку на у.а. атрымаецца 7500 долараўна год. Затое вельмі часта замежніку можа абламіцца стыпуха: скажам, ва University of Sussex (Англія, www.ucreative.ac.uk) стыпендыя ў 2200 фунтаў – гэта яшчэ не мяжа. Але ўсё залежыць ад канкрэтных выпадкаў: напрыклад, ва універсітэце Дандзі, што ў Англіі (www.dundee.ac.uk) замежнаму студэнту наогул не трэба плаціць за адукацыю, калі ён сам ці ягоны бацькі апошнія тры гады жылі ў Еўрасаюзе. Халява, сэр!

WEB: ведай больш

www.frogdesign.com – даведайся, як выглядае бумбокс з вушамі Мікі Маўса.

www.prospects.ac.uk – выпускнік брытанскага універа з дыпломам прадукт-дызайнера па першым часе зарабляе 16-20 тысячаў фунтаў. Колькі ён атрымлівае праз пяць год, а таксама з чаго складаецца яго працоўны дзень, глядзі тут.

www.designcouncil.org.uk – падрабязна пра дызайн прадукцыі ва ўсіх аспектах: бізнес, тэндэнцыі, праблемы. А таксама як стварыць сапраўдную крэатыўную каманду: парады ад Дзіка Паўэла, дырэктара агенцтва, якое стварыла ў 2000 г. Сенсацыйны тостэр SEB для Tefal. Аказваецца, тосты можна гатаваць і без рызыкі для жыцця.

http://knihi.net/index.php?productID=425 ..

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 3