Экспэрт: Беларусь і Расея звяртаюцца да нармальных стасункаў

Пасьля сарванага 1 сьнежня паседжаньня Вышэйшай дзяржрады Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, а таксама падпісаньня расейскім прэм’ерам Пуціным распараджэньня аб будаўніцтве нафтаправоду ў абыход Беларусі сытуацыя ў стасунках паміж лідэрамі дзьвюх краінаў абвастрылася. Як вырульваць?

-- Так ці іначай трэба дамаўляцца, і дамаўляцца ў цэлым шэрагу пытаньняў, важных як для Беларусі, так і для Расеі, - лічыць палітоляг Аляксандр Класкоўскі. – Прычым, у гэтых пытаньнях нельга сказаць, што хтосьці з іх мае поўнае дамінаваньне, бо любая праблема мае два бакі. Напрыклад, Расея можа дыктаваць кошты на газ, а зь іншага боку, ёсьць пытаньне транзыту. Таму пасьля такога абмену выпадамі, уколамі і ўзаемнымі абвінавачаньнямі, як гэта ўжо не аднойчы бывала пасьля газавых войнаў, бакі пойдуць на нейкі кампраміс, тым больш што кошт газу аб’ектыўна ня можа быць вельмі вялікім, таму што ўпалі нафтавыя цэны.

На думку Аляксандра Класкоўскага, калі казаць пра агульную тэндэнцыю, то “проста адбываецца паступовы зварот да нармальных стасункаў без трызьненьня пра брацкую інтэграцыю і гэтага фантомнага праекта саюзнай дзяржавы, які зараз відавочна каляпсуе”, Проста патрэбен час, каб рэчы былі названыя сваімі імёнамі.

-- Трэба будаваць нармальныя двухбаковыя стасункі, -- лічыць палітоляг, -- таму што ў межах гэтага праекту мэты бакоў былі апрыёры несумяшчальныя – Расея хацела ціхай сапай паглынуць Беларусь, а беларускае кіраўніцтва хацела атрымаць прэфэрэнцыі і, разам з тым, ня здаць ні каліва ўлады. Так што было б найлепшым адсунуць гэты праект у бок, і паступова яно так і будзе адбывацца.

Былы старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі Аляксандр Вайтовіч не выключае, што цяжкасьці ва ўзаемадачыненьнях з Расеяй абумоленыя недахопам вытрымкі і дыпляматыі ў беларускіх чыноўнікаў. Такія недахопы, на ягоную думку, будуць праяўляцца і ў той палітыцы, якая праводзіцца ў дачыненьні да Захада.

-- Трэба так будаваць палітыку з Захадам, каб нашы адносіны з Расеяй не пагаршаліся, тут трэба больш дыпляматыі. У тым, што нам трэба будаваць адносіны з Захадам, няма сумневу, але спакойна, дыпляматычна, тое ж трэба рабіць з Расеяй, -- падкрэслівае экспэрт.

  • Оцени статью: