Першы хлопец на вёсцы
Спецыяльнасць: мясцовае кіраванне

Калі ў дзяцінстве продкі сплаўлялі цябе на вакацыі не ў летнік піянераў-герояў, а ў вёску да бабулі з дзядулем, ты лёгка назавеш самы просты прыклад мясцовага самакіравання – дзед дае табе пугу і кажа: “Заўтра ніякай рэчкі – наша чарга кароў пасвіць”. А калі ты патрапіў/патрапіш у больш-менш адэкватны універ, раней ці пазней знойдзеш у курылцы прыкладна такі постэр: перакрэсленая бабка за кампутарам і вясёлыя маладыя фізіяноміі з надпісам “Бюракратыі – не, студэнцкаму самакіраванню – так!” І калі ты сам паўдзельнічаеш у такім кіраванні, то зразумееш: гэта можа працаваць, дзе заўгодна.

Размеркаванне ў ратушу

На мясцовае (сама)кіраванне.

можна зірнуць з двух бакоў: зверху і знізу. З аднаго боку гэта юрыдычнае права, якое дзяржава дае сваім часткам (абласцям, гарадам, карпарацыям ці ВНУ) – самастойна вырашаць свае справы з дапамогай уласных выбраных камітэтаў. З іншага боку гэта ініцыятыва грамадзянаў арганізоўвацца для абароны сваіх правоў і вырашэння канкрэтных задач. Некаторыя, вядома ж, скажуць, што з ідэяй надаць больш самастойнасці мясцовым урадам цывілізаваны свет пачаў насіцца адносна нядаўна – недзе ў 1980-я, але гэта будзе няпраўдай. Па прынцыпе самакіравання ў Сярэднявеччы жылі гарады ўсёй Еўропы і першыя еўрапейскія пасяленні ў Амерыцы. Пра беларускую традыцыю самакіравання, больш вядомую як “наданне магдэбургскага права”, напісана ў любой шпаргалцы па гісторыі Беларусі. Прыдуманы ў 13 ст. У Германіі прывілей самакіравання першай абламіўся Вільні (1387 г.), а потым Берасцю (1390) і Горадні (1391) . Гэта азначала, што горад атрымліваў герб, дазвол развіваць рамёствы, варыць піва і трымаць корчмы (гэтак пачыналася ў Лідзе), ладзіць кірмашы, даход ад якіх ішоў у гарадскую казну, самастойна судзіць сваіх злачынцаў, выбіраць гарадскую раду і іншыя маленькія радасці. Пасля адыходу Беларусі да Расійскай імперыі ўся гэтая ідылія пайшла кату пад хвост, і на карце ўмомант з’явіліся “вялікія гарады” і “правінцыі”. Але беларускія магдэбургскія гены прачнуліся як толькі, дык адразу: закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні” быў прыняты ў БССР 20 лютага 1991 года Ясная справа, што сённяшнія эрбэшныя “мясцовыя саветы” працуюць ад рухавічка, які стаіць, умоўна кажучы, крыху вышэй. Але ідэал грамадства, які культывуюць тыя ж ЗША і да якога імкнуцца ў аб’яднанай Еўропе – гэта такія мясцовыя саветы, якія “саветуюць” самі сабе. “Больш правоў рэгіёнам!” – кажуць у камітэце рэгіёнаў Еўрасаюза, які актыўна праводзіць у новадалучаных краінах палітыку “дэцэнтралізацыі”. Калі б нешта такое пачалося ў нас, адвучыўшыся ва універах, студэнты не клалі б жывот на тое, каб застацца ў сталіцы, а спакойна вярталіся б працаваць дамоў – без усялякага размеркавання і нават у Хойнікі, бо грашовай працы хапала б і там.

Мэр у штармоўцы

Квазідэмакратычны лозунг “мясцовыя ўлады павінны быць блізкімі да народу” чым далей на захад, тым больш абсурдны: там мясцовая ўлада – гэта сам народ. Еўрапейскі патоп 2002 года прыспеў аўтара гэтага матэрыялу ў чэшскім горадзе Тржэбань, які стаіць на самым здаровым у краіне штучным возеры. Тыя два дні, калі вада пагражала пераліцца на стары горад і замак, на дамбе тусіў дзядзька ў штармоўцы, які не зводзіў вачэй са шкалы ўзроўню вады і перадаваў іх па мабілцы на гарадское радыё.

“Спускаем ваду на палі!” – адказваў ён на пытанне мінакоў “як у нас справы?” Гэта быў пан староста – мэр гарадка, які арганізаваў насельніцтва на супраціў паводцы: мяхі з пяском не цягалі па горадзе хіба што турысты, жанчыны і дзеці.

У саміх чэхаў у сістэме мясцовага кіравання усё як мае быць. І тым больш цікава, якім чынам яны выкарыстоўваюць уласны вопыт. Галоўны біч краіны – цыганы, якія, атрымліваючы дзяржаўную падтрымку, лайдачаць цэлымі табарамі, ператвараюць пабудаваныя для іх сацыяльныя гарадкі ў баракі і з ўсяе моцы павышаюць узровень чэшскай злачыннасці. Але ясна, што не ўсе цыганы такія – ёсць разумныя хлопцы і дзяўчаты, якім прыкра бачыць свой народ у лайне. У дадзены момант універсітэт Масарыка ў Брне праводзіць навучальную праграмму па развіцці самакіравання цыганоў у Чэхіі, такім чынам спрабуючы падлячыць свой самы балючы мазоль.

Акадэмікі кіравання

Моладзь СНД ужо ведае: калі хочаш стаць міністрам адукацыі, не варта пачынаць з працы настаўніка, лепш адразу паступаць вучыцца на “цётачку з РАНА”: для гэтага і створаны ВНУ накшталт Акадэміі кіравання. Але ў нас націск робіцца на дзяржаўнае кіраванне. Разам з тым некаторыя магчымасці для будучых спецыялістаў па мясцовым самакіраванні прапануюць ВНУ краін-навічкоў Еўрасаюза.

Чэхія: Masarykova univerzita, Pravnicka fakulta – юрыдычны факультэт Масарыкавага универсітэта, Брно. Тут можна атрымаць ступень бакалаўра па спецыяльнасці “мясцовае кіраванне и сацыяльнае забеспячэнне” (трохгадовае навучанне з дзяржіспытам у канцы). Падрабязней па-чэшску на www.muni.cz/to.cs/law/misc/about.html.

Польшча: Wyzsza Szkola Administracji Publicznej w Bialymstoku – Вышэйшая школа кіравання ў Беластоку. Проста пад бокам Беларусі знаходзіцца ВНУ, якая не проста спецыялізуецца на мясцовым кіраванні, але мае цэлы факультэт у гэтай галіне: “Мы рыхтуем кіраўнікоў ХХІ стагоддзя – абазнаных у праве, палітыцы і адміністрацыйных працэдурах. Ты зможаш працаваць у мясцовым кіравані, у недзяржаўных арганізацыях, дзяржаўных фундацыях і фірмах, што працуюць у галіне еўрапейскай інтэграцыі”.

На 2006 год школа набірала гадавыя курсы для асоб з дыпломамі аб в/а “самакіраванне ў дэмакратычнай дзяржаве”, “развіццё грамадзянскай супольнасці” і еўрапейская інтэграцыя”; форма навучання – завочна-сесійная, мова – беларуская. Праграма, дарэчы, бясплатная, а што да ўласна адукацыі ў WSAP, то ўсе варыянты атрымання стыпендыі ці частковай падтрымкі пазначаны на сайце www.wsap.bialystok.pl.

WEB: ведай больш

www.lgib.gov.uk/index.html -- Міжнароднае бюро мясцовага кіравання (Local Government International Bureau). Сайт брытанскай арганізацыі, якая пашырае сувязь паміж рэгіёнамі Еўропы, свету і займаецца маніторынгам галоўных падзей у сферы.

http://sed.iatp.org.ua/lm.htm -- Статут г. Мікалаева (Украіна). Крыху пафасны і рамантычны, але прафесійна напісаны маніфест гарадскога самакіравання: канкрэтны прыклад арганізацыі жыцця па сучасных прынцыпах local government.

http://beljournal.by.ru/1998/4/7.shtml -- Чудаков М.Ф. “Местное самоуправление и управление за рубежом (некоторые вопросы теории)”: лікбез ад выкладчыка міжнароднага права ў БДУ.

 

http://knihi.net/index.php?productID=425

  • Оцени статью: