Націсні на пімпачку
Спецыяльнасць: мехатроніка

Прадзядулю сённяшняга банкамата запатэнтавалі ў 1939 годзе. Яго ўсталявалі каля нью-йоркскага банка – і ў першы ж дзень ён прамок пад дажджом. Дзякуй богу, тады распрацоўшчыкі “скрынкі з грашыма” не пратупілі ўспышку і дапрацавалі агрэгат. У выніку зараз любы ўкладальнік крэдыткі можа забіраць свой бабос калі і дзе захоча, а мехатроншчыкі ўсяго свету маюць лішнюю нагоду ўсміхнуцца на пытанне “і што гэта за фігня такая, мехатроніка?”.

Радзіма мехатронікі – Японія. Напрыканцы 1960-х у карпарацыі Yaskawa Electics пры ўвядзенні электроннага кантролю за электраматорамі кампаніі ўпершыню выкарысталі тэрмін “мехатроніка” – МЕХаніка+элекТРОНІКА.

Актыўна мехатроніка пачала развівацца ў 1970-я. Дагэтуль вырашэнне пэўных тэхналагічных праблем інжынеры шукалі ў мехнічнай інжынерыі, электроншчыкі – у электроніцы і г.д. Для вырашэння ж комплексных пытанняў (напрыклад, як зрабіць так, каб чалавек кінуў у аўтамат манетку і палілася салодкая газіроўка) патрэбныя былі міждысцыплінарны падыход і веданне новых тэхналогій. Даследчыкам і інжынерам не было куды падзецца, як толькі распрацаваць кардынальна новы падыход да сваіх навукова-даследчых праблем. У выніку нарадзілася мехатроніка.

Яе мэта – аптымізаваць механічныя аперацыі і зрабіць іх найзручнейшымі для чалавека. Сутнасць жа мехатронікі ў тым, каб любы механізм адэкватна рэагаваў на знешнія фактары дзякуючы датчыкам. Класічны прыклад – дзверы і іншыя штукі на фотаэлементах, які ятсалі адным з самых крутых вынаходніцтваў 1970-х. Тады людзі перліся ад таго, як, напрыклад, жалезная скрынка глытала іхнія бабкі, а ўзамен давала каву, снікерсы ці пачак цыгарэт.

Ужо ў 1980-90-я ў мехатранічных сістэмах пачалі ўжываць гэтак званыя мікрапрацэсары – так з’явіліся кампутарныя драйверы, станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, прамысловыя робаты і інш. Сёння прыклады мехатронікі на відавоку ў кожнага: струмянёвыя прынтэры, капіры, усе лічбавыя інструменты, маніпулятары і інш. Яны пакрываюць усю гаму прадуктаў – ад мініяцюрных відэакамер і CD-плэераў да вялікіх сельскагаспадарчых машын.

Ясная справа, лідэрам мехатронікі з’яўляецца Японія, што займае першыя пазіцыі ў свеце па распрацоўцы і вытворчасці мікра- і лічбавых працэсараў сігналаў, якія засоўваюць паўсюль дзе толькі не лянота.

Гісторыя ў “рыс-унках”

Японцы адны з першых у свеце вырашылі, што без мезатронных прычындалаў і жыццё не жыццё. Яскравы прыклад прынцыпу “мехатроніка ва ўсе дзіркі” – стварэнне аўтаматычнай рысагатавалкі.

Для іх рыс – што для нас бульба. Японцы здаўна карысталіся Kamado – пасудзінай, у якой гатаваўся рыс, -- і ледзь не маліліся на яе. Хаця пытанне, “што б такое зрабіць, каб не рабіць” (у сэнсе не гатваць рыс уручную) турбавала астраўлянаў даўно. Таму як толькі ў Японіі з’явілася электрычнасць, эксперыменты над Kamado пачаліся...

Першы электрычны кацялок для варэння рысу з’явіўся ў сярэдзіне 1920-х. Праз 30 год яго паспрабавала ўдасканаліць карпарацыя Mitsubishi – у выніку атрымалася фіговіна з награвальнай спіраллю і без аніякай аўтаматыкі. Японцы гэтую фіговіну лажанулі...

Тады эстафету перахапіла Sony, але таксама безвынікова. Нарэшце 10 снежн 1956 года праектная група кампаніі Toshiba, аб’яднаўшы механічную інжынерыю з электронікай, рапрацавала і выпусціла 700 аўтаматчыных рысагатавалак. Гэта быў сапраўдны прарыў у рысагатаванні. Праўда, шараговыя японцы напачатку вырашылі не рызыкаваць і лажанулі таксама Toshiba. Але праз настойлівую рэкламу продажы рысагатавалак узняліся да нябёсаў – па ўсёй Японіі прадавалася да 200 тысяч экземпляраў прыстасавання штомесяц.

Мехатронікі ўсяго свету дагэтуль пяюць дыфірамбы тошыбаўцам, якія дадумаліся ўбудаваць у падазроную каструльку для варэння рысу таймер. У выніку не трэба было стаяць над каструляй – апарат сам гатаваў рыс і пасля закіпання вады аўтаматчына вырубаўся. Простыя японкі ад радасці плакалі і кідалі ў неба сабо...

... З часам рысагатавалкам зрабілі апгрэйд – зараз тэмпературу ў іх кантралююць кампутарныя сістэмы. Рысагатавалкі аздобленыя тэфлонавым пакрыццём, сістэмным меню са шматлікімі функцыямі і таймерам, які таксама дазваляе падтрымліваць рыс цёплым. Карацей, нам толькі і застаецца, што памарыць пра аўтаматычную дранікагатавалку, якую распрацуюць беларускія мехатронікі...

ІТ-шматстаночнікі

Тым не менш, мехатроніка досыць перспектыўная не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. 25-гадовы Цім Эбелін, які скончыў Deakin University (Вялікабрытанія) па спецыяльнасці “мехтроніка і праграмнае забеспячэнне” і зараз разам з двума аднакруснікамі трымае фірму, кажа, што мехатроніка – адна з самых высокааплатных галін інжынерыі. Нават калі вы толькі скончылі універ, ваша рысагатавалка чакае вас! Напрыклад, кантора Ціма выпускае прылады для аўтаматычных дзвярэй і крэслаў – на хлеб з маслам яму хапае. Хаця хлопец лічыць, што самая перспектыўная галіна мехатронікі – індустрыя цацак.

Па словах Кевіна Крэйга, малодшага прафесара мехатронікі ў Rensselaer Polytechnic Institute (Вялікабрытанія), развіццё мехатронікі істотна паўплывала на змены ў адукацыі: “Мы вучым інжынераў-механікаў, як выкарыстоўваць электроніку, як ствараць сістэмы кампутарнага кантролю, як кантраляваць дызайн, а потым аб’ядноўваць усе гэтыя комплексныя веды ў працэсе распрацоўкі”. Мехатронікі – гэта, так бы мовіць, шматстаночнікі ад інжынерыі, якія маюць сістэмнае мысленне, разумеюць, што адбываецца ў сучасным ІТ, і гатовыя выкарыстоўваць самыя апошнія вынаходніцтвы ў сваёй працы.

Факультэт мехатронікі трэба шукаць у навучальных установах машынабудавання і электрамеханікі (ці ў кожным паасобку, ці на аб’яднаным факультэце). Зразумела, што на такой спецыфічнай спецыяльнасці вывучаюць незвычайныя прадметы.

Вас пачынаюць вучыць уводзінам у інжынерную графіку і візуалізацыю, пасля – кампутарныя тэхналогіі, крэатыўны дызайн і розныя машынабудаўнічыя “азы”. Студэнты асвойваюць сістэмны дызайн і кантроль, інтэрактыўную кампутарную графіку, эксперыментальную інжынерыю, кінематыку, структурныя вібрацыі, трыбалагічныя ўласцівасці матэрыялаў (паводзіны пры трэнні), аналіз і дызайн энергетычных сістэм, лічбавы дызайн, мікракампутары, прыкладную мехатроніку, біявадкасную механіку, выбар матэрыялаў і прагнозы зносу абсталявання.

“Інжынер-мехатронік валодае больш комплекснымі ведамі, -- кажа сп. Крэйг, -- таму канцэпцыі, якія распрацоўваюцца, больш поўныя, а камунікацыі з іншымі інжынернымі дысцыплінамі – больш шматгранныя”.

У Штатах вартая ўвагі Школа мехатронікі імя Джорджа Вудрафа (Georgia University of Technology, George Woodruff School of Mechatronics). Кошт навучання 19 060 долараў. Стыпендыі даюць ва Універсітэце Клемсана (Clemson University). Кошт навучання тут – каля 18 тысяч долараў за год.

У Вялікабрытаніі кошт прыкладна такі ж самы – ад 8 да 12 тысяч фунтаў стэрлінгаў, а першымі трапляюцца на вока універсітэт Ланкастэр (Lankaster University) і Loughborough University. Паўсюль студэнтаў заахdочваюць стыпендыямі.

 

WEB: ведай больш

У якасці карысных спасылак можна спакойна карыстацца сайтамі буйных кампаній – лідэраў па мехатроніцы. Напрыклад, галандская кампанія Finn, Inc.(www.fin.nl): яна спецыялізуецца на мехатроніцы, дакладных механічных апрацоўках, доследных распрацоўках і даследаваннях ужо 30 год.

Апошнія навінкі вынаходніцтваў мехатронікі, тэндэнцыі і ўсялякая карысная інфа ёсць на сайце кампаніі Mechatronics Division of Enprotech Corporation, што ў Мічыгане. Чэлы займаюцца сервапрывадамі, рэгулятарамі, сэнсарамі, паветранымі сістэмамі пазіцыянавання, робататэхнікай, праграмаванымі лагічнымі кантралёрамі, лінейнымі прывадамі і г.д.

“Маці” мехатронікі – кампанія Yaskawa Electric Corporation, заснаваная ў 1915 годзе, займаецца распрацоўкай кампанентаў, сістэм мехатронікі, робататэхнікай.

 

http://knihi.net/index.php?productID=425

 

  • Оцени статью: