Парк культуры і адпачынку
Спецыяльнасць: менеджмент паркаў і адпачынку

У красавіку 1992 года ў Францыі з помпай адкрылі першы еўрапейскі “Дыснэйлэнд”. Месца было выбрана не выпадкова: пасля доўгіх разважанняў старшыян кіраўніцтва “ЕўраДыснея” Майкл Эйснер іпрэзідэнт Фран Уэлс, адхіліўшы Грэцыю, партугалію, Іспанію і Італію, спыніліся на самай буйной еўрапейскай турыстычнай меццы – Парыжы. Яшчэ ў пачатку 90-х яны марылі, што гэты самы вялікі ў свеце Дыснэй-парк ператворыцца ў сапраўдную скарбніцу, куды штогод будуць трапляць сотні мільёнаў баксаў. Але лёс скалаўся так...

Хрусь—і папалам

Нягледзячы на шчодрыя датацыі з боку французаў – тыя праклалі да парку не толькі шашу, але і рэйкі, -- на банкаўскія інвестыцыі і адбаханыя гатэлі, ужо ў першы 1992-1993 год працы кампанія выйшла ў мінус на 1 мільярд баксаў. Да таго ж, на вуліцы павыходзілі фермеры – яны пратэставалі супраць экспансіі зорна-паласатай Мікі на іх землі. Ды і самі французы былі не ў захапленні.

Прычын некалькі. Па-першае, у французаў на той момант ужо быў свой любімы мультперсанаж – Астэрыкс, і аднайменны парк Asterix, нядаўна пашыраны, узвышаўся зусім побач.

Не ўлічылі менеджэры і той факт, што тым жа летам у Барселоне праходзілі Алімпійскія гульні, а ў Севільі – сусветная выстава.

Атрымалася, што калі ва ўсіх астатніх парках госці ў сярэднім затрымліваліся на ўсе 3 дні, то ў парыжскім ледзь трывалі два – не хапала ні атракцыёнаў, ні магчымасці хаця б бухнуць вінчыку. Даходзіла да абсурду: “адна бабка нашаптала” кіраўніцтву парку, нібыта французы... не снедаюць. Пасля таго як французы ў першыя ж дні перакрэслілі гэты міф, патрабуючы зранку бекон з яйкамі, амерыканцам давялося абслугоўваць па 2500 чалавек у залах, разлічаных максімум на 350. А ўзімку парк проста стаў колам – холадна, слізка ды і іншых магчымасцей адпачыць без абмаражэння ў Парыжы хапае... Карацей, першыя гады “ЕўраДыснэя” былі зусім не казачныя. І вінаватыя ў гэтым не пераборлівыя “сыраеды”, а непасрэдна менеджэры парку.

Усе ў сад

Кожны год мільёны людзей губляюць шмат часу на пошук цікавых спосабаў адпачынку. Індустрыя адпачынку, адна з вядучых у свеце, за год пракручвае каля трох трыльёнаў долараў. Паводле інфармацыі Міністэрства працы ЗША, агульная колькасць людзей, задзейнічаных у гэтай сферы, вагаецца паміж 17,8-28% ад усіх працоўных.

Адукаваныя кадры ў recreation-сферы прыдумляюць і арганізоўваюць праграмы адпачынку для паркаў, летнікаў, курортаў, гатэляў, клубаў альбо нават цэлых гарадоў падчас святаў. А калі, скажам, гаворка ідзе пра парк атракцыёнаў, то апрача пералічанага менеджэр яшчэ і вырашае, дзе паставіць вунь тую карусель, дзе будзе “дзвіжуха” з гульнямі, а дзе – шапік з марозівам. Дэвід Роймер, галоўны менеджэр парку атракцыёнаў Six Flags у Сэнт-Луісе, кажа: “Натуральна, мне даводзіцца шмат займацца адміністрацыйнымі справамі – паперкамі, дамовамі, рэкламай. Але ўсё ж большую палову дня я кантралюю працу парку: атракцыёны, персанал, забаўляльныя праграмы. На тыдзень даводзіцца працаваць па 60-80 гадзін, таму вельмі чакаю лістапада, калі працы менш і атрымліваецца каля 45-50.

Робін? Good!

Але талковыя менеджэры патрэбныя не толькі ў парках атракцыёнаў. У парках-заказніках, напрыклад, яны плануюць экскурсіі, вандроўкі, лекцыі, семінары і забаўляльныя івэнты. Галоўны іх абавязак – павышэнне наведвальнасці, таму ім даводзіцца ўвесь час ламаць галаву: якую яшчэ легенду прыдумаць ці якую вуду закінуць у газеты.

Ізі Бантан, менеджэр нацыянальнага парку “Шэрвудскі лес” – таго самага, дзе некалі валтузіўся Робін Гуд – распавядае: “Штогод да нас прыязджаюць каля 650 тысяч чалавек. А калі ў 1991 вяліся здымкі фільма “Робін Гуд – прынц злодзеяў” з Кевінам Коснерам, лічба дасягнула мільёна. Менавіта гэтая легенда і сама магічная атмасфера вабяць не толькі аматараў адпачыць на прыродзе, але і турыстаў з усяго свету. І каб падтрымаць такі арэол, мы робім розныя фэсты, інсцэніроўкі і тэатральныя пастаноўкі пра Робіна”.

Ёсць кантакт

У адрозненне ад менеджэраў паркаў, менеджэры адпачынку могуць працаваць усюды, дзе патрэбныя расслабон і весялуха: у гатэлях, летніках, на курортах, у разнастайных кам’юніці-цэнтрах і нават у рэлігійных арганізацыях.

У невялікім гатэлі менеджэр адпачынку амаль што з усім змагаецца адзін. Ён сам распрацоўвае праграму і сам скача перад навдвальнікамі з балалайкай. А вось у буйных курортных гатэлях ролі падзяляюцца: ад менеджэра басейна, які адказвае за арганізацыю водных гульняў, і да менеджэраў канцэртных праграм.

Увогуле людзі, якія працуюць у менеджменце паркаў і адпачынку, кажуць, што досвед арганізацыі забаўляльных праграм лепей набываць яшчэ падчас вучобы, не зважаючы на тое, плацяць вам за гэта ці не. Студэнт мінскага Лінгвістычнага універсітэта, які прадставіўся нам як Юджын К., распавёў пра сваю валанцёрскую працу ў адным нямецкім гатэлі. Праз расійскую праграму ён трапіў у аддзел аніматараў і разам з маладымі немцамі, балгарамі і амерыканцамі арганізоўваў забавы для турыстаў: “Нам насмарэч было важна, каб ім спадабалася. Таму спачатку мы апытвалі наведвальнікаў гатэля, што з актыўнага адпачынку ім падабаецца, якая музыка даспадобы – і ўвогуле выбівалі з іх асабістыя пажаданні... У асноўным мы праводзілі чэмпіянаты па водным пола, валейболе ў басейне і розныя спартландыі на вольным паветры. Ладзілі дыскатэкі ў бары, а ў перапынках – конкурсы накшталт “танцаў на газеце”. Нават на танец “ручаёк” турысты вяліся не раз. Увогуле было весела – гэта вялікі досвед у наладжванні кантактаў з людзьмі”.

Граматная паркоўка

Вельмі часта вывучэнне менеджменту паркаў і адпачынку спалучаецца са спратыўнымі і турыстычнымі праграмамі. Але ёсць і “чысты” Parks and Recreation Management. Такая праграма працуе, напрыклад, на факультэце геаграфіі ў амерыканскім Northern Arizona University. Там студэнты з 70 краін вывучаюць такія прадметы, як арганізацыя і кантроль адпачынку, складанне праграм, менеджмент “дзікага” адпачынку, прававыя, этычныя і глабальныя аспекты бізнесу, прыкладную статыстыку і інш. Задавальненне гэтае каштуе 15 600 долараў за год, але, маючы нармальныя адзнакі, можна прэтэндаваць на стыпуху, якая пакрывае да паловы гэтых грошай. Той жа універ прапануе онлайн-праграму, па заканчэнні якой можна атрымаць бакалаўра ці сертыфікат. На сайце універа ўвогуле сцвярджаецца, што на дадзены момант такая праграма існуе толькі там: усе веды тут атрымліваюць выключна праз інтэрнэт.

Каб паступіць на Parks and Recreation Management ва унівресітэт Вермонт – адзін са старэйшых універаў Амерыкі, -- замежныя абітурыенты павінны здаць TOEFL, а ў атэстаце за сярэднюю школу ў іх мусяць быць нармальныя адзнакі па матэматыцы, фізіцы і грамадскіх навуках.

Еўрапейскія праграмы па менеджменце паркаў і адпачынку амаль нічым не адрозніваюцца: напрыклад, Roehampton University (Брытанія) за год навучання здымае каля 7200 фунтаў і прапануе стыпухі выдатнікам – да 2000 фунтаў.

А ўвогуле, большасць онлайн- ці онкампус-праграм па Parks and Recreation Management лёгка адшукваецца праз www.gradschools.com i www.universities.com.

WEB: ведай больш

www.lin.ca/resource/html/car.htm#7a – асацыяцыя паркаў і адпачынку канадскага універсітэта Alberta. Падрабязнае апісанне ўсіх магчымых прафесій у сферы адпачынку: абавязкі, заробкі ў Амерыцы, карысныя адрасы. У дадатак – пералік адукацыйных праграм. На жаль, толькі па Канадзе.

www.und.nodak.edu/dept/rls/linkjobs.htm -- універсітэт Паўночнай Дакоты сабраў лінкі на асацыяцыі паркаў і адпачынку, а таксама статыстычныя дадзеныя ад міністэрства працы ЗША. Даведайся, якое месца займаюць workers у рэйтынгу HOT JOBS.

http://knihi.net/index.php?productID=425 .

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5