Няма чалавека – ёсць праблемы
Спецыяльнасць: кадравы менеджмент

Спецыялісты лічаць, што кадравы менеджмент існаваў ва ўсе часы. Матывавалі ж неяк рабоў на будоўлю піраміды Хеопса ці цэнтурыёнаў, якія пашыралі рымскія ўладанні. Дзякуй Богу, нам пашанцавала болей: кадравы менеджмент даўно “абсмактаны” тэарэтыкамі, і навучыцца гэтаму цяпер – раз плюнуць. Яшчэ шатландскі эканаміст XVII стагоддзя Адам Сміт, прыдумляючы сваю тэорыю “падзелу працы”, прыйшоў да высновы, што каб кадры працавалі як след, з імі таксама трэба... працаваць.

Вам якога боса?

Калі раней табе даводзілася чуць нешта пра аддзел кадраў, ва ўяўленні, напэўна, узнікаў такі класічны “канцылярскі павук” у трыкатажным касцюме, кантора дзе-небудзь на цокальным паверсе і стосы жоўтай паперы. Але за мяжой твайму ўяўленню як мінімум здзівілся б: кадравы менеджмент ужо даўно адна з самых прыбытковых і перспектыўных прафесій. К-менеджэр – злучальнае звяно паміж персаналам і кіраўніцтвам. Калі проста, то К-менеджмент – гэта мастацтва кіраваць персаналам. Сюды ўваходзіць пошук кадраў, наём на працу (плюс забеспячэнне рознага кшталту сацыяльнымі і страхавымі пакетамі), кантроль выканання абавязкаў (як працадаўцаў, так і працаўнікоў) і працы (каб кліент застаўся задаволены), распрацоўка пенсійных планаў... Сам КМ узнік у Амерыцы, дзе ўпершыню кампанія NCR (National Cash Register), што займалася касавымі апаратамі, у 1890 годзе адкрыла аддзел кадраў. Мода на такі выбрык перакінулася ў Еўропу. Але сапраўды неабходным кадравы менеджмент стаў толькі ў 1980-90-я гады. Прычына банальная: бізнес развіваваўся сямімільнымі крокамі.

Таму што мы банда

Кадравы менеджмент трымаецца на так званай “мадэлі дзесяці С”. Прымяненне гэтых прынцыпаў дазваляе дасягнуць глабальнай мэты – падняць прыбытковасць прадпрыемства:

1.Control (кантроль) – кадравы менеджэр сочыць, каб праца кожнага клерка адпавядала пастаўленым мэтам. Ніякіх “у лес” ці “па дровы”!

2. Cohertnce (зладжанасць) – з тым, хто першы прыдумаў фразу “таму што мы банда!”, добра папрацаваў менеджэр па кадрах.

3. Cost-effectiveness (суадносіны выдаткаў і эфектыўнасці) -- часам рэкламнаму агенцтву мэтазгодна наняць арт-дырэктара за 100 тыся долараў у месяц. Гэты дызайнер “з імем” прынясе ім за той жа месяц мільённы прыбытак. Да таго ж, менавіта кадравы менеджэр размяркоўвае прэміі і прызначае санкцыі.

4. Credibility (давер) – калі персанал не давярае дырэктару -- ну яго нафіг такога кадравага менеджэра.

5. Communication (узаемаадносіны) – рукі робяць тое, што прыдумала галава.

6. Competence (кампетэнтнасць) – “не ўмееш-навучым”. У добрага кадравага менеджэра ўсе супрацоўнікі – нават сам дырэктар – дастаткова кампетэнтныя, каб займаць сваё крэсла.

7. Creativity (крэатыўнасць) -- выжывае хітрэйшы. І яго знойдзе кадравы менеджэр.

8. Change (змены) – ніякага застою, наперад з песнямі!

9. Commitment (прыхільнасць) – матывуй сваіх супрацоўнікаў, і яны аддадуць за справу апошнія майткі.

10. Сomprehensiveness (усебаковасць) – кадравы менеджэр займаецца ўсімі без выключэння аспектамі “менеджменту людзей”: ад працоўнага дня да колькасці ўжытага кафеіну ў суткі.

“Нашы кліенты стаяць па значнасці на другім месцы. Пасля нашых супрацоўнікаў”, -- кажа Дэван Кінкід, прэзідэнт амерыканскай карпарацыі Extractions Systems, Inc. – Чаму? Усё проста: колькасць кліентаў наўпрост залежыць ад ступені задаволенасці супрацоўнікаў”.

Падшэфны калгас

Звычайна ў невялікіх фірмах ці арганізацыях кадравы менеджэр выконвае ледзь не ўсе абавязкі сам. “Весялухай” такую працу не назавеш. Каля 40% працоўнага часу К-менеджэр аддае на вырашэнне “бягучых” праблем, бюджэтнае і стратэгічнае планаванне, інтэрв’ю з патэнцыйнымі супрацоўнікамі.

Рэшту дня разграбае паперы і вісіць на тэлефоне, кантактуючы з дапаможнымі службамі: страхавымі агенцтвамі, медыцынскімі ўстановамі, банкамі і інш.

У буйных канторах кадравы аддзел налічвае некалькі дзесяткаў “галоў”:

-- кіраўнік аддзела кадраў, то бок “асноўны”, падпарадкоўваецца непасрэдна кіраўніцтву і кантралюе працу ўсіх менеджэраў сярэдняга звяна;

-- аналітыкі кампенсацый вызначаюць, які заробак і прэмію атрымае Вася Пупкін;

-- менеджэры па найме шукаюць прз СМІ і хэдхантэраў новых супрацоўнікаў. Гэта тыя дзядзькі і цётачкі, якія на чарговым інтэрв’ю дастануць вам усе вантробы;

-- менеджэры па далейшай адукацыі і развіціі персаналу арганізоўваюць адукацыйныя семінары, накіроўваюць супрацоўнікаў на курсы, ладзяць відэа-класы – карацей, трымаюць персанал у форме;

-- спецыялісты па ахове здароўя (як фізічнага, так і разумовага) кіруюць рознымі аздараўленчымі праграмамі (санаторыямі, прафілакторыямі), змагаюцца з дрэннымі звычкамі і вырашаюць псіхалагічныя праблемы.

Таксама ёсць менеджэры, якія вырашаюць унутраныя канфлікты, звязаныя з сэксізмам, дыскрымінацыяй па ўзросце, фінансавымі прэтэнзіямі і – крый Божа! – расавай прыналежнасцю. Працуюць кадравыя менеджэры звычайна ва ўтульным асобным офісе і косяць неблагія бабкі. У ЗША, напрыклад, гадавы заробак К-менеджэра ў залежнасці ад пасады складае ад 40 да 99 тысяч долараў. Магчымасці кар’ернага росту ў сферы кадравага менеджменту ёсць заўсёды. Так адбылося, напрыклад, з канадцам Уільямам Мэрсэрам, які ў 1945 годзе з 25 баксамі ў кішэні і 1 000 долараў крэдыту заснаваў у Ванкуверы сваё кансалтынгавае агенцтва. Сферу Вілі выбраў вузкую – пенсійнае планаванне. Тады яму было ўсяго 26 год, і ён быў першым канадцам, упэўненым, што пенсійны план павінен складацца індывідуальна для кожнага супрацоўніка і ў кожнай фірме. Сёння, хаця Мэрсэр ужо адышоў у лепшы свет, яго кантора працуе ў 150 гарадах 40 краін свету і налічвае 13 тысяч персаналу.

Свежыя кадры

Спецыяльнасць “кадравы менеджмент” можна знайсці ў самых розных краінах: ад ЗША і Францыі да Іспаніі і Грэцыі. Прасцей за ўсё зрабіць гэта ў Сеціве: напрыклад, на www.gradschools.com выбіраеш спецыяльнасць Human Resourcers – і адразу маеш спіс адукацыйных праграм (у тым ліку онлайн) па ЗША, Канадзе і Еўропе. Звычайна гэтая спецыяльнасць вывучаецца на факультэце менеджменту (Management Department) альбо на спецыялізаваным факультэце – Human Resources Management Department. Комплекс прадметаў, якія вывучаюць студэнты, прыблізна аднолькавы. Так, напрыклад, ва універсітэце Бэтэль (Bethel University) у праграму ўключаны бізнес-камунікацыі, працоўнае заканадаўства, інфармацыйныя тэхналогіі, развіццё арганізацый, працоўныя адносіны, стратэгічны менеджмент і планаванне, маркетынг, менеджмент фінансаў, індывідуальнае і прафесійнае развіццё, культурныя аспекты менеджменту кадраў. Каб трапіць на такую праграму, напрыклад, у брытанскі Універсітэт Портсмаўс (Portsmouth University), трэба падаваць заяву праз UCAS. Іспыты здаваць не трэба, але неабходна пацвердзіць узровень англійскай мовы праз IELTS ( у іншых універах магчыма і праз TOEFL). Апошні штрых – кошты: такая адукацыя, напрыклад, ва універсітэце Лінкальна ў Англіі (Lincoln University) абыйдзецца ў 7300 еўра за год (прыемна тое, што тут усім першакурснікам-замежнікам даюць па 1 000 еўра стыпендыі).

WEB: ведай больш

www.ipma-hr.org – міжнародная асацыяцыя паблік менеджменту і менеджменту персаналу. Карысныя спасылкі, канферэнцыі, апошнія навіны. Акрамя гэтага, тут можна наведваць онлайн-курсы па менеджменце персаналу ўсяго за 35 долараў.

www.managementhelp.org/hr_mgmnt/hr_mgmnt.htm -- карысныя спасылкі на інфармацыю аб розных аспектах менеджменту персаналу. У раздзеле онлайн-абмеркаванняў ты даведаешся , чым адрозніваецца кадравы менеджмент у прыбытковых і непрыбытковых фірмах.

www.shrm.org – таварыства па менджменце персаналу. Канферэнцыі, навіны, дадзеныя даследаванняў у сферы КМ. А яшчэ ў раздзеле «Students» -- інфа пра сытпендыі і конкурсы.

www.busreslab.com - xітрыя адміны сайта плацяць па 10 долараў усім, хто распавядае цікавую гісторыю пра свайго боса. Раздзелы так і называюцца: “гуд бос” і “бэд бос”.

http://knihi.net/index.php?productID=425

 

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 2