Марціновіч: Рэпетыцыя апакаліпсісу праходзіць як па напісаным

Пра чарговы эканамічны канфлікт паміж афіцыйнымі Мінскам і Масквой, які ўзнік праз нафту нізкай якасці ў трубаправодзе «Дружба».

Віктар Марціновіч. Фота: nn.by

—Я не ведаю, што дакладна адбылося на самарскім участку трубы. У версію Хадаркоўскага — пра тое, што нехта імкнуўся падвысіць аддачу пласта і дадаў хлорарганікі — я не веру, бо адмыслоўцы кажуць, што хлорвуглярод нашмат даражэйшы за нафту і ў гэтай аперацыі не было б ніякага эканамічнага сэнсу, — разважае Віктар Марціновіч на budzma.by. — Да таго ж з Пуціным такіх супадух не бывае: як толькі афіцыйны Мінск асцярожна, сам пужаючыся, прыгразіў закрыць нафтавую трубу на рамонт (талмачы назвалі тое «ядзернай зброяй Беларусі”) — з Расіі, пры поўным маўчанні ў адказ на той закід, паперла брудная нафта, ад якой адразу ж адказаліся ў Польшчы і Украіне. Нават калі сапраўды адбылася «тэхнічная складанасць» (а якраз «тэхнічнымі патрэбамі» быў нібыта абумоўлены той рамонт, якім пагражала Беларусь), нават калі праверкі рускіх следчых выявяць эканамічны сабатаж — усё занадта ладна выбудоўваецца ў лінію «закід» — «атветачка».

Нафтавы экспарт стаіць, прапаганда прыпужана маўчыць, урад старанна падлічвае страты, спадзяваючыся прад’явіць дзядзю Вову (пры тым, што не факт жа, што Расія з усімі падлікамі пагодзіцца і што не спашлецца на неабходнасць дачакацца завяршэння расследавання, якое будзе цягнуцца 10 гадоў), а Беларусь адразу страчвае асноўны аргумент усіх часоў у любых перамовах з усходнім саюзнікам. Труба ўжо паралізаваная бруднай нафтай, то самы час задацца пытаннем, чым яшчэ «гразіць мы будам шведу».

Разумееце, тая «хворая нафта» — вычарпальная метафара ўсяго наогул тут. Ну вось гадамі нам талдычаць, што Беларусь — краіна з мнагавектарнай палітыкай, адносіны з ЕС, ляляля, але візы для ўкраінцаў адмяняюцца, а для нас даражэюць да 80 еўра. Бо адзіная «мнагавектарнасць», якая ў нас ёсць, скіраваная ва ўсходні бок.

Дзесяцігоддзямі нас запэўніваюць у тым, што ў Беларусь інвестары проста ў чарзе стаяць, але па факце мы бачым кітайцаў, якія вось-вось забрудзяць Брэст акумулятарным заводам, і сербаў, якія ўжо калупаюць Кастрычніцкую плошчу. Нарэшце, усё быццё суверэннай Беларусі нам далдоняць пра высокатэхналагічную прамысловасць, яе экспартны патэнцыял, прывабную і канкурэнтаздольную прамысловасць, але лішак тэкстылю кладзецца ў адзін момант пасля таго, як у грамадзян з’яўляецца доступ да AliExpress, а адзіным сапраўды канкурэнтаздольным прадуктам, які мы яшчэ можам кудысь прадаць, выяўляюцца перапрацаваная расійская нафта і перапакаваныя польскія яблыкі. Шмат гадоў краіна жыве ў жалезнай упэўненасці, што ў яе ёсць хаця б крутая сельская гаспадарка, але як толькі Масква ўводзіць «санкцыі» супраць нашай «малочкі» і нашага мяса, чамусьці варыянт пераарыентаваць тую «малочку» і тое мяса ў Еўразвяз нікому не прыходзіць у затлумленую натаўскімі шпіёнамі галавешку.

Рэпетыцыя апакаліпсісу праходзіць як па напісаным. Адзіная беларуская карова, якая захавала здольнасць даваць хоць якое малако, не доіцца (тая самая карова, якую мы толькі што гразіліся паставіць на рамонт, каб навучыць таго, хто прадае той карове сена). Расійская нафта прадаецца па іншых каналах. Нават калі ў момант выхаду гэтага тэксту на тэрыторыю Беларусі нарэшце ў папярэдніх аб’ёмах паступіць чысты расійскі вуглевадарод, кожную секунду, што доўжылася гэтая блакада, беларускі ўрад мусіў вучыць новыя для сябе тэрміны: энергазамяшчэнне, дыверсіфікацыя экспарту, мадэрнізацыя вытворчасці, прыватызацыя. Я б тут мог дадаць, што быў у Непале ў 2015 годзе, калі Індыя вырашыла паказальна спыніць пастаўкі нафтапрадуктаў у гэтую краіну. І не буду вам расказваць, што рабілася ў чэргах на запраўках, як выглядала гарадская інфраструктура і транспарт праз два тыдні пасля таго, як бензін скончыўся ў сховішчах. Проста каб нікога не пужаць.

Бо вось што тут самае цікавае. Яны наогул нічым і ніяк не вучацца. Гэта не першая энергетычная заруба і не першы крызіс у адносінах. Кожны раз, калі самае горшае ўжо скончылася, яны абяцаюць энергазамяшчэнне, аптымізацыю вытворчасці і вывядзенне з-пад залежнасці. А потым наступае ключавы выхад да публікі, калі ад кіраўніцтва ўсе чакаюць нейкіх рэвалюцыйных, прарыўных рашэнняў, і мы замест іх чуем нейкую марудную пургу ў стылі позняга Брэжнева. Імкненне не сказаць анічога, прагаварыўшы тры гадзіны. Нікога не пакрыўдзіць. Нічога не «ламаць», бо мы ўжо, аказваецца, загуляліся ў рыначную эканоміку.

То трымайцеся за трубу і маліцеся, каб яна нарэшце выздаравела і ніколі болей не хварэла.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 12
  • Балл: 5