Прыбярыце смецце

Пару год таму супрацоўнікі брытанскай галерэі Тэйт (Лондан) былі шакаваныя выбрыкам прыбіральшчыцы.
Яна выкінула ў драбілку для смецця “Першую грамадскую дэманстрацыю аўтадэструктыўнага мастацтва” – экспанат, які быў зроблены з кардону і паперы і вельмі нагадваў пакет са смеццем. У выніку музей быў вымушаны выплаціць аўтару работы вялікую кампенсацыю, а той – тэрмінова “зваяць” дублікат.

Экшн сваю ідэю

На шчасце, неадукаваных прыбіральшчыц, не здольных адрозніць высокае мастацтва ад горкі смецця, у наш час засталіся адзінкі. І не ў апошнюю чаргу гэта заслуга адной вельмі прыкольнай тусоўкі – “Флюксус” (“Fluxus”) – творчага руху, які ў 60-70 гады ахапіў Амерыку, Еўропу і Японію. Гэта быў той час, калі любыя праявы самавыражэння лічыліся мастацтвам вышэйшага гатунку. Прадстаўнікі розных мастацтваў – візуальнага арту, літаратуры і музыкі – з высокай званіцы пазіралі на класіку і сумяшчалі несумяшчальнае.

Дзесьці ў 1960-я мастак з аб’яднаднання “Fluxus” Дзік Хайгінс вырашыў паставіць патрэбныя кропкі над патрэбнымі літарамі і даць назву таму бардаку, якім займаліся ўсе ягоныя сябры. Так з’явіўся выраз intermedia arts – сфера мастацтва дзесьці паміж маляваннем і паэзіяй, жывапісам і тэатрам. Як трусы пачалі пладзіцца “памежныя жанры”: візуальная паэзія, рэдзі-мэйд, відэа-арт, бодзі-арт. Прымаліся любыя формы экшну – перфоманс, хэпенінг – якія нібы здзекваліся з тупасці палітыкаў і таўстадупасці “сярэдняга класу”.

У музыцы таксама быў раздрай: той жа “Флюксус”, напрыклад, праводзіў фэсты, пад час якіх музыку выконвалі па партытурах, напісаных кроплямі дажджу, малацілі лакцямі па клавішах піяніна і наогул – “жглі як маглі”. У шэрагах “Флюксуса” пачыныла сваю кар’еру славутая Ёка Она. І хоць кажуць, што яе музычныя здольнасці на той час былі вельмі сціплымі, гісторыя ўсё ж пакінула для нашчадкаў кампазіцыю “4,33” – роўна столькі часу Ёка проста маўчыць. Да інтэрмедыя-буму прыклаў руку і яе муж Ленан: менавіта Джону належыць першы музычны індастрыел-эксперымент – “Рэвалюцыя № 9”.

А тым часам у візуальных мастацтвах у фавор уваходзяць так званыя рэдзі-мэйд творы, зробленыя па прынцыпе “з таго што было”. Вядомая амерыканская мастачка Ліза Лідо пару год таму выставіла свае “Шахматныя эцюды” – велічэзную інсталяцыю, якая скаладалася з 32 фігур манекенаў. Чырвоныя (жанчыны) і сінія (мужчыны) стаялі на шахматнай дошцы 8х8 метраў і ўяўлялі сабой адначасова і шахматныя фігуры, і людзей з іх складанымі зносінамі. Прычым у гэтай партыі перамагалі заўсёды чырвоныя, бо жанчыны для Лідо – гэта ўвасабленне надзеі і працягу жыцця.

Contemporary life

Каб уявіць, што такое сучаснае інтэрмедыя-мастацтва, дадайце да апісанага вышэй хаосу кампутар. Пару год таму ў лонданскім Музеі дызайну праходзіла выстава-інсталяцыя “Лічбавы акварыюм”. У шкляной пасудзіне былі падвешаныя 150 мабілак, якія свяціліся і вібравалі, нагадваючы рыбак у акварыюме. Кожны наведнік мог патэлефанаваць на адну з мабілак, па ланцужку пачыналі званіць іншыя, і карціна змянялася.

Добры прыклад таго, як спалучаюцца традыцыйнае мастацтва, крэатыўныя мазгі і лічбавыя тэхналогіі – французскія харэографы Ніколь і Нарбер Карсіно (Н+Н. Карсіно). З канца 1980-х гг. Ніколь і Нарбер пачалі ўводзіць у свае харэаграфічныя сцэнарыі лічбавыя карцінкі. У 1993 парачка нават напісала кампутарную праграму Life Forms для стварэння інтэрактыўных харэаграфічных кампазіцый, за што атрымала прэмію “Віла Медчы”. А ўжо ў 1998-99 яны здымаюць фільм “Палонніцы”, дзе ўсе танцоры замененыя на віртуальных акцёраў.

І гэта былі толькі кветачкі. Ягадкамі стаў праэкт “Тапалогія імгнення”: 50 унікальных інсталяцый, дзе глядач сам выбірае шлях сваёй “экскурсіі”. Адна з інсталяцый – трохвымерная і інтэрактыўная: на ўваходзе глядач атрымлівае пульт і паглыбляецца ў прастору, поўную віртуальных танцораў.

Дваяк па графіці

За апошнія 40 год статус “напаўгалодных вольных мастакоў” моцна падрос: цяпер спецыялісты па інтэрмедыя працуюць на даволі грашовых пасадах: ад менеджэраў арт-праектаў, арт-адміністратараў і спецыялістаў у медыя-індустрыі да мультымедыя-дызайнераў, візуальных мастакоў і крэатыўнага дырэктара.

Ва універах інтэрмедыя-мастацтвы з’явіліся яшчэ напрыканцы 1960-х: у 1968 годзе Ханс Брэдэр заснаваў у ЗША першую такую праграму. Зараз будучых спецыялістаў па інтэрмедыя рыхтуюць настолькі сур’ёзна, што “флюксісты” на іх фоне выглядаюць двоечнікамі з 2-га “Б”. Першы закон інтэрмедыя – міждысцыплінарнасць. Аснову інтэрмедыя складаюць візуальныя мастацтвы, музычныя тэхналогіі і камунікатыўны дзайн. Такімі прадметамі, як эксперыментальнае відэа і мадэляванне інсталяцый, цяпер ужо нікога не здзівіш.

Тэорыя, тэхніка і развіццё інтэрмедыя-мастацтваў, выставы і перфомансы, крэатыўнае пісьмо, прадакшн музыкі, крэатыўная індустрыя, відэа-арт і культура – усе гэтыя курсы давядзецца праслухаць будучаму “інтэрмедыйшчыку”. І мы ўжо не кажам про традыцыйную музыку, танец і тэатральнае мастацтва.

Як кажуць многія студэнты, інтэрмедыя – гэта не навуковыя занудствы, а хутчэй стыль жыцця. Наўрад ці магчыма ўявіць лысага прафесара, які прымае дзяржіспыт па флэш-мобах ці адпраўляе на перасдачу па трафарэтным графіці.

Спецыяльнасць “інтэрмедыя-мастацтва” можа хавацца пад рознымі назвамі, якія, па сутнасці, абазначаюць адно і тое ж: Visual Arts, Music Technology and Communication Design, Intermedia Arts – назвы праграм, якія сустракаюцца ў ВНУ па ўсім свеце.

Патрабаванні да паступлення амаль аднолькавыя: абавязковае партфоліё і інтэрв’ю. Але ледзь не ў кожнай ВНУ абітуру чакаюць дадатковыя пытанні ці іспыты.

Кошт навучання на спецыяльнасці можа быць як невысокім, так і проста фантастычным.

Адна з самых старых у свеце праграм па інтэрмедыя-мастацтве чытаецца ў Школе мастацтваў пры унівесітэце Аёва.Зараз там прапануюць двух- і трохгадовыя магістарскія праграмы. Кошт навучання – ад 16 да 18 тыс. Долараў.

У Каледжы мастацтваў і прыкладных навук пры універсітэце Метраполітан (Metropolitan State University) усе кошты больш сур’ёзныя – 5000 долараў за семестр. Спецылізацыя Visual Arts ёсць у аўстралійскім Queensland University of Technology

(www.creativeindustries.qut.com) -- ступень бакалаўра тут атрымліваюць за тры гады. Асаблівасць гэтага універа ў тым, што тут вывучаюць сувязі мастацтва і бізнесу. Кошты таксама “бізнесменскія” – 8000 долараў за семестр.

А вось у каліфарнійскім Мілс (Mils College) каледжы праграма “інтэрмедыя-мастацтвы” каштуе якраз на мяжы астраноміі – ад 18 да 28 000 долараў. Але пры гэтым 80% студэнтаў каледжа атрымліваюць фінансавую дапамогу ў выглядзе шматлікіх стыпендый, і памер некаторых з іх можа цалкам пакрыць навучэнне.

Web: ведай больш

www.fluxusonline.com -- онлайн выстава фестывалю фільмаў Fluxus. Сёлета пятая выстава. Паміж анімацыйных, дакументальных і эксперыментальных фільмаў, фантастыкі трапляюцца неблагія ўзоры “іншага кіно” – аўдыёвізуальнага крэатыву без межаў. Тут жа можна паглядзець і партфоліё ўдзельнікаў.

www.the-artist.org – інфа пра ўсе магчымыя мастацкія рухі, падзеленыя па галінах; з прадстаўнікамі, а тыя ў сваю чаргу – з біяграфіямі і партфоліё.

www.intermediaarts.org/index2.htlm -- сайт мультыдысцыплінарнага мастацкага цэнтра. Процьма інфы пра візуальныя мастацтвы, тэатр, танец, эксперыментальную музыку, літаратуру, фолк-арт і хіп-хоп. Стваральнікі клянуцца, што могуць змяніць свет пры дапамозе мастацтва.

 


  • Оцени статью: