10 цікавых пунктаў і 10 незразумелых момантаў Канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі Беларусі

Аляксандар Лукашэнка 18 сакавіка ўхваліў Канцэпцыю інфармацыйнай бясьпекі Беларусі. Увечары яна была апублікаваная на сайце прэс-службы Лукашэнкі.

Фото: Reuters

Да прыняцьця тэзісы Канцэпцыі, як сьцьвярджаў дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Станіслаў Зась, агучвалі і абмяркоўвалі на «больш як 20 міжнародных сустрэчах і канфэрэнцыях», але публічнага абмеркаваньня ўсёй канцэпцыі ў Беларусі не было. На ананімным Telegram-канале «зьлілі» тэкст, падобны да прынятай канцэпцыі (шмат якія пункты супадаюць даслоўна, але розьніцца структура).

Што цікавага ў дакумэнце

«Інфармацыйны сувэрэнітэт» краіны апісваецца як «неад’емнае і выключнае вяршэнства права дзяржавы самастойна вызначаць правілы валоданьня, карыстаньня і распаўсюду нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі», а таксама на вызначэньне дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і фармаваньне нацыянальнай інфармацыйнай інфраструктуры (як менавіта, не ўдакладняецца).

Дэкляруецца «інфармацыйны нэўтралітэт» і міралюбная інфармацыйная палітыка, якая выключае ўмяшаньне ў справы іншых краінаў. Лукашэнка заклікаў да адваротнага — «адказваць фэйкамі на фэйкі» (у канцэпцыі несапраўдныя навіны ацэньваюцца нэгатыўна). Дактрына, з другога боку, дазваляе Беларусі адстойваць уласныя інтарэсы ў інфармацыйнай сфэры «любымі сіламі і сродкамі» і заклікае падвышаць прысутнасьць Беларусі ў сусьветнай інфармацыйнай прасторы, рэалізоўваць палітыку «інфармацыйнага стрымліваньня».

Беларусь удзельнічае ў працэсах інфарматызацыі ў межах як «Саюзнай дзяржавы», ЭАЭС і СНД, так і «ў межах Эўрапейскага зьвязу», у які краіна не ўваходзіць. Пра гэта гаворыцца ў пункце пра «лічбавую трансфармацыю эканомікі», разьвіцьця штучнага інтэлекту, нэўрасетак, «вялікіх зьвестак» (big data), воблачных тэхналёгіяў і тэхналёгіі блокчэйн.

Зьніжэньне долі айчыннага інфармацыйнага кантэнту адбываецца «аб’ектыўна», праз разьвіцьцё ІТ ва ўсім сьвеце, таму на дзяржаўным узроўні трэба рабіць захады дзеля павелічэньня аб’ёмаў і паляпшэньні якасьці нацыянальнага кантэнту, павышэньня даверу насельніцтва да дзяржаўных СМІ. Канцэпцыя заклікае даваць праўную падтрымку гэтым СМІ.

На дзяржаўным узроўні будзе ладзіцца маніторынг стану інфабясьпекі паводле нейкіх канкрэтных (але не названых у канцэпцыі) індыкатараў, прадухіленьне пагрозаў і «мінімізацыя дэструкцыйнага ўзьдзеяньня». На нарматыўным узроўні будзе вызначаны сьпіс «крытычна важных аб’ектаў інфарматызацыі». Маюць вырабляцца «сродкі гарантаваньня інфабясьпекі», празь дзяржаўныя праграмы будуць фінансавацца прыярытэтныя дасьледаваньні, агулам у IT-бясьпецы плянуецца імпартазамяшчэньне. Як пэрспэктыўная задача разглядаецца стварэньне «адзінай дзяржаўнай сыстэмы маніторынгу сеткі інтэрнэт» і плятформы сэрвісаў інфабясьпекі для дзяржаўнага сэктару і бізнэсу.

«У грамадзтве выхоўваецца і стымулюецца крытычнае стаўленьне да праяваў непавагі да нацыянальных устояў, традыцыяў, парушэньняў формаў маралі і права ў інфармацыйнай сфэры, нецярпімасьць да дэзынфармацыі, інфармацыйных маніпуляцыяў ды іншых няяўных інфармацыйных маніпуляцыяў».

Для замежных і міжнародных «суб’ектаў» (пэўна, маюцца на ўвазе СМІ) мусяць быць сфармаваныя «праўныя ўмовы і межы дзейнасьці», бо грамадзяне маюць патрэбу ў «вонкавым інфармацыйным абмене без культурнай і інфармацыйнай экспансіі, умяшаньня ва ўнутраныя справы».

Беларуская мова «поруч з канстытуцыйна замацаваным дзьвюхмоўем спрыяе павышэньню нацыянальнай самасьвядомасьці і фармаваньню духоўнасьці грамадзтва». Канцэпцыя заклікае пашыраць «сацыяльныя функцыі» і «камунікатыўныя магчымасьці» беларускай мовы як «гаранта гуманітарнай бясьпекі дзяржавы».

«Дзяржаўная гістарычная палітыка» мае разьвівацца ў кірунку «замацаваньня беларускай нацыянальнай канцэпцыі гістарычнай мінуўшчыны краіны і беларускай мадэлі памяці». Гэтыя канцэпцыя і мадэль не апісаныя.

Адначасова ў канцэпцыі ёсьць і разьдзел пра бясьпеку асабістай інфармацыі і зьвестак аб прыватным жыцьці, і пункты пра збор дзяржавай зьвестак карыстальнікаў і ідэнтыфікацыю карыстальнікаў. Як «важная мера» пазначана зьяўленьне «ўпаўнаважанага суб’екта ў абароне правоў фізычных асобаў пры апрацоўцы іхных пэрсанальных зьвестак».

Што незразумела

«Сувэрэнітэт зьвестак» вызначаецца як «падпарадкаванасьць адносінаў наконт інфармацыі ў лічбавай форме, што ўзьнікае на тэрыторыі Беларусі і ў нацыянальнай юрысдыкцыі». Што гэта значыць, расшыфраваць цяжка. Але сьцьвярджаецца, што «інфармацыйны сувэрэнітэт» ня будзе супярэчыць міжнародным праўным прынцыпам.

Даюцца азначэньні словам «кібэратака», «кібэр-інцыдэнт», «кібэртэрарызм», «кібэрбясьпека» і «кібэрустойлівасьць». Але незразумела, ці будуць судзіць за «кібэртэрарызм» як за «звычайны» тэрарызм або як за «небанальнае» хакерства.

Поруч ставяцца «незаконная і недакладная інфармацыя», адрозьненьні між імі не апісаныя. Цяпер «недакладная інфармацыя» ў Беларусі не забароненая. Прадухіленьне распаўсюду «незаконнай і недакладнай масавай інфармацыі», згодна канцэпцыі, мусіць адбывацца «ў законным парадку».

«Уводзяцца праўныя рэжымы бясьпекі інфармацыі і інфармацыйных рэсурсаў», але няма тлумачэньня, што гэта за рэжымы і для якіх рэсурсаў, а таксама час, у які яны маюць уводзіцца.

Пад азначэньне «дэструкцыйнага інфармацыйнага ўплыву» можа шмат што трапіць: гэта інфармацыйны ўплыў на «прыняцьце заведама нявыгадных рашэньняў і міжнародных дамоваў», «пагаршэньне стасункаў зь іншымі дзяржавамі», «разбурэньне традыцыйных духоўных і маральных каштоўнасьцяў» ды іншае. Хто і ў якіх выпадках будзе ацэньваць, напрыклад, «заведамую нявыгаднасьць міжнародных дамоваў», незразумела.

Што такое «традыцыйныя каштоўнасьці», на якія можа быць «дэструкцыйны ўплыў», ні гэтая канцэпцыя, ні нейкія іншыя афіцыйныя дакумэнты не апісваюць (хоць у канцэпцыі ім адведзены цэлы разьдзел). Раней функцыю «аховы маральнасьці» ўзяў на сябе міністар унутраных справаў, але ці замацавана яна за ім юрыдычна і што афіцыйна лічыцца маральным або амаральным, невядома.

Сыстэму электроннага ўраду неабходна перавесьці ад «простага наданьня паслугаў насельніцтву на запыт грамадзянаў» да «праактыўнай працы з насельніцтвам». Як — не апісваецца.

Канцэпцыя патрабуе арганізаваць «службу ацэнкі рэпутацыі IP-адрасоў» для процідзеяньня кібэратакам. Прытым ужо цяпер праз «суседзяў па адрасах» у Беларусі блякуюцца выпадковыя сайты. Ці зробяць нешта з тым, каб не цярпелі невінаватыя, не ўдакладняецца, але «асноўнай мэтай дзяржаўнай палітыкі ў галіне гарантаваньня бясьпекі інфармацыйных рэсурсаў» дэкляруецца «захаваньне іх даступнасьці, цэласнасьці і канфідэнцыйнасьці».

Нават прыблізна незразумела, што будуць рабіць зь беларускай мовай або гістарычнай навукай у сувязі з інфармацыйнай бясьпекай, ці будуць іх бараніць або, наадварот, выкарыстоўваць для забесьпячэньня «інфармацыйнага сувэрэнітэту».

Як і ў выпадках зь іншымі канцэпцыямі і плянамі беларускіх уладаў, незразумела, наколькі ідэі з гэтай канцэпцыі абавязковыя для выкананьня і якую адказнасьць панясуць тыя, хто процідзейнічае рэалізацыі задуманага. Палажэньні канцэпцыі проста «выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы нарматыўных актаў і дзяржаўных праграмаў».

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5