Як пачаць размаўляць па-беларуску. Лайфхакі ад вядомых асобаў

«Чалавеку, які жыве ў Беларусі, сказаць «Я ня ўмею па-беларуску» — гэта ўсё адно, што сказаць «Я ідыёт».

Дашкевіч навучыў супрацоўніка камунікаваць з кліентамі па-беларуску, а Бяляцкі падзяліўся ўласным досведам, як перайшоў на беларускую мову.

Фота racyja.com

У Міжнародны дзень роднай мовы беларусы ў Фэйсбуку дзеляцца гісторыямі пра беларускую мову.

Ales Bialiatski:

— Калі на трэцім курсе ўніверсітэту ў Гомелі, у 1981 годзе, у першы дзень заняткаў я пачаў пастаянна размаўляць на беларускай мове, усе зь мяне іржалі. Мабыць, нязвыкла было і не зусім складна атрымлівалася. Мінулі два месяцы, і калі я пачынаў зь неабходнасьці гаварыць па-руску, усе ізноў зь мяне іржалі. Зноўку было нязвыкла.

Высновы: пачынай! І ўсё атрымаецца!

Зьміцер Дашкевіч:

— Неяк падцягваем мы на дапамогу ў #Цесьляры аднаго тэхнолага. Я яму кажу, так маўляў і так, але зь некаторымі кліентамі трэба камунікаваць па-беларуску ці проста маўчаць. Хлопец быў добры і прыдумаў лоўка: я, кажа, ня ўмею. І вось, сапраўды, што ты зробіш з чалавекам, калі ён, небарака, ня ўмее?!

Аднак я раззлаваўся і кажу яму наступнае. Чалавеку, які жыве ў Беларусі і хоць зрэдчас, але чуе мову; які скончыў школу, дзе здаваў іспыты па-беларуску і атрымоўваў за гэта атэстат; які потым яшчэ ВНУ скончыў, дзе здаваў іспыты па-беларуску і таму атрымаў дыплом, — чалавеку такому сказаць «Я ня ўмею па-беларуску» — гэта ўсё адно, што сказаць «Я ідыёт». А хіба назаве сябе здаровы чалавек ідыётам? Не, не назаве.

Таму хаця б пастарайцеся быць шчырымі і заместа «Я ня ўмею» кажыце «Я не хачу размаўляць па-беларуску» — і ўсё будзе зразумела.

Хлапак быў добры і хутка згадзіўся з усімі патрыётамі ўжываць толькі «прывітаньне», «дзякуй», «калі ласка» — гэта добры пачатак, да якога сёньня, у дзень нашай роднай мовы, можаце далучыцца і вы: паўсюль і заўсёды казаць гэтыя тры чароўныя словы! А далей праўдзівая плынь Беларушчыны зацягне вас і панясе да вялікіх здзяйсьненьняў! Жыве!

Barys Haretski:

— Сюжэт на ОНТ пра Дзень роднай мовы выглядае, як рэальны сцёб з мовы і ўсяго беларускага. Кітайцы ўзгадваюць, якія беларускія словы яны ведаюць. А ў наступным кадры студэнтка педагагічнага каледжа расказвае, як любіць мову. Але без рускіх слоў не можа сказаць і сказа.

Услед за ёй сяброўка павольна, нібы чытаючы па закадравым тэксце, сцвярджае, што «карыстаецца беларускай мовай і ў штодзённым жыцці». КНДР нейкі.

Фініш: выступленні з беларускімі спевамі на вакзалах і навукоўца з сур'ёзнай высновай: «уніфікацыя, у час глабалізацыі — гэта вельмі небяспечна!»:)

P. S. Я вельмі паважаю кожнае імкненне падтрымліваць і шанаваць мову. Але навошта бутафорыя, калі ёсць людзі, якія рэальна шмат робяць для папулярызацыі і падтрымкі мовы. Няўжо усе яны ў блэклісце ОНТ?

Рэгіна Ждановіч:

— Калі казаць пра родную мову, то я заўжды думаю, наколькі я сама яшчэ недасканалая ў пытаннях самасвядомасці, каб абвінавачваць у нечым іншых.Я ведаю толькі, што беларуская мова — гэта мая Любоў з маленства.Для кагосьці мова матчына, для мяне яна — бацькава. І самыя шчырыя пачуцці і пашана ў мяне да тых, хто моваю нашаю карыстаецца і прасоўвае яе ў сённяшніх няпростых умовах. Не адзін дзень, але штодня.

Ганна Севярынец:

— Для мяне пытанне роднай мовы ня ёсць пытаннем выхавання ці адукацыі, мовы, на якой мяне расцілі ці мовы, на якой я бачу сны, карацей, для мяне гэта пытанне не ўнутранае, а знешняе.

Родная мова, думаецца мне, ня ёсць мовай чалавека, а ёсць мовай прасторы і часу. Родная мова для мяне — мова той зямлі, на якой я нарадзілася, вырасла і планую жыць да скону.

Кожная мова ў сваім развіцці наўпрост залежыць ад тых геаграфічных, флора-фаўнных, земляробчых, гаспадарчых, ментальных сістэм і сувязяў, якія тут складаюцца. Пяцьдзясят, сто, дзвесці гадоў для роднай мовы — гэта імгненне, пыл, мовы нараджаюцца, сталеюць і мацнеюць у болей працяглы час.

Тут, на гэтым агульнаеўрапейскім скрыжаванні, у гэтых лясах і балатах, барах і гаях, сярод гэтых рэчак і азёр, на гэтай цяжкой зямлі спакон культурнага веку чалавек спасцігаў сусвет праз беларускую мову. Просты, звычайны чалавек, не абцяжараны шляхецкімі забабонамі ці чыноўнымі кар'ерамі, заўсёды меў роднай мовай беларускую.

Ну так ужо склалася, што мы зараз у большасці сваёй размаўляем чужой мовай. Яна не родная нам, яна — мова, створаная іншым народам для іншых патрэбаў, для іншай зямлі. Родная — толькі беларуская. Яна жыла тут да нас, яна будзе жыць тут і пасля нас. Што тут можа быць незразумелым? :)

Тры крокі, каб мова была не толькі Роднай, але і жывой

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 3
  • Балл: 5