BISS запускае свой першы адукацыйны праект

Упершыню ў гісторыі свайго існавання BISS запускае адукацыйны праект, які будзе называцца «be critical». Скіраваны ён будзе на прасоўванне крытычнага мыслення ў беларускім грамадстве, асабліва сярод моладзі.

Праект мае ўключаць у сябе рознага тыпу мерапрыемствы (відэалекцыі, трэнінгі, падручнікі), а яго рэалізацыя прадугледжвае цесную супрацу з іншымі адукацыйнымі і экспертнымі асяродкамі.

«Навыкі крытычнага мыслення – адны з найбольш запатрабаваных у бізнэсе, адукацыі, навуцы, медыцыне, ІТ...» – гэта вынікае з шэрагу даследаванняў над чалавечым капіталам. У развітых краінах з году ў год павялічваецца колькасць падручнікаў, трэнінгаў і публікацый па крытычным мысленні. Поруч з валоданнем ангельскай мовай і кампутарнай пісьменнасцю, крытычнае мысленне – гэта пропуск у ХХІ стагоддзе.

Колькі падручнікаў або трэнінгаў па крытычным мысленні ў Беларусі? Колькі разоў у Кодэксе аб адукацыі РБ згадваецца крытычнае мысленне? Колькі беларусаў ведае ўвогуле, што такое крытычнае мысленне? На жаль, Беларусь у гэтым плане з'яўляецца «дзявочай зямлёй»: трэнінгаў – лічаныя адзінкі, падручнікаў увогуле няма, а нават навукоўцы-гуманітары блытаюць крытычнае мысленне з крытычнымі тэорыямі.

Улічваючы стратэгічную важнасць крытычнага мыслення, BISS палічыў сваім абавязкам зрабіць уклад у прасоўванне навыкаў і ведаў з гэтага абшару. На дадзены момант мы запускаем тэставую версію відэалекцый. Адначасова працягваем шукаць партнёраў і рэсурсы з мэтай забеспячэння высокай якасці і трываласці гэтага праекту. Па меры іх знаходжання і ўсталёўвання зваротнай сувязі мы будзем удасканальваць адукацыйныя мерапрыемствы як у тэхнічным, так і метадычным плане.

Кіраўніком праекту будзе Пётр Рудкоўскі, які абараніў доктарскую дысертацыю менавіта па тэорыі аргументацыі (гэта асноўны тэарэтычны базіс крытычнага мыслення), а ў мінулым праводзіў трэнінгі крытычнага мыслення для розных аўдыторыяў.

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 8
  • "ПРОТИВ" : 0