Навошта Лукашэнку Рыбка. Тэзісы палітоляга

Загад Аляксандра Лукашэнкі заняцца вызваленьнем Насьці Рыбкі пераводзіць крымінальна-сэксуальную гісторыю ў палітычную сфэру.

Насьця Рыбка

Сэксуальнае пытаньне стала палітычным

Скандал зь вядомай сваімі сэксуальнымі прыгодамі Насьцяй Рыбкай (Вашукевіч), яе затрыманьнем, потым вызваленьнем у Маскве мог бы застацца сюжэтам сьвецкай хронікі (які сьвет, такая і хроніка) ці прадметам цікавасьці жоўтай просы, калі б не дзьве абставіны.

Па-першае, расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны сьцьвярджае, што мільярдэр Алег Дзерыпаска асабіста замовіў арышт і пасадку Анастасіі Вашукевіч.

Па-другое, гэтым скандальным сюжэтам зацікавіўся сам Аляксандр Лукашэнка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант заявіла kp.by, што кіраўнік дзяржавы «тэрмінова загадаў» заняцца вызваленьнем затрыманай у Расеі Анастасіі Вашукевіч. Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей, адклаўшы ўсе справы, кінуўся вызваляць Насьцю Рыбку, і у рэшце рэштаў, беларуская дыпляматыя атрымала выдатную перамогу. Кіраўнік МЗС апавядаў парталу Tut. by, як лоўка і хутка ён выканаў даручэньне прэзыдэнта, дамогшыся вызваленьня гэтай скандальнай пэрсоны.

Усё гэта адразу пераводзіць згаданую крымінальна-сэксуальную гісторыю ў палітычную сфэру.​

Абарона Насьці Рыбкі выглядае нечаканай

Цікаўнасьць да гэтага сюжэту вышэйшага дзяржаўнага кіраўніцтва Беларусі выглядае вельмі дзіўнай. Беларусь рэдка публічна абараняе сваіх грамадзян, якія падвяргаюцца крымінальнаму перасьледу ў іншых краінах. А тут раптам.

Да таго ж Насьці Рыбка — асоба, як цяпер прынята далікатна казаць, з «паніжанай сацыяльнай адказнасьцю». Беларусь здаўна прэтэндуе на тое, каб ісьці ў авангардзе сусьветнай барацьбы супраць прастытуцыі і гандлю людзьмі. Па беларускай ініцыятыве прымаліся нават рэзалюцыі ААН на гэтую тэму. У Беларусі перасадзілі ў турму гаспадароў мадэльных агенцтваў па крымінальным артыкуле аб гандлі людзьмі. Беларускі афіцыйны канструкт прапаведую вельмі кансэрватыўны погляд на пытаньні сэксуальных адносін. Лібэральнае стаўленьне да правоў чалавека — гэта не пра Беларусь І на гэтым тле выступ у абарону правоў жанчыны з маральна сумнеўнымі паводзінамі выглядае нечакана. І патрабуе нейкага тлумачэньня.​

Лукашэнка ў вобразе змагара з алігархамі

Думаю, гэты жэст Лукашэнкі трэба разглядаць на тле цяперашняга беларуска-расейскага канфлікту. І тут варта ўзгадаць тую гісторыю, дзякуючы якой Насьця Рыбка стала скандальна знакамітай. У пачатку 2018 году расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны абнародаваў расьсьледаваньня пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі. Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Вашукевіч. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках. Скандал меў значны рэзананс у расейскім грамадзтве. Фільма Навальнага на YouTube праглядзела звыш 7 млн чалавек, 29% расейцаў чулі пра гэтую гісторыю.

З Сяргеям Прыходзькам у Аляксандра Лукашэнкі даўнія непрыемныя рахункі. У 2003 годзе кіраўнік Беларусі абвінаваціў расейскага чыноўніка, які тады займаў пасаду намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, у супрацьдзеяньні беларуска-расейскай інтэграцыі. У 2010 годзе Сяргей Прыходзька ў статусе памочніка прэзыдэнта Расеі, абвінаваціў кіраўніка Беларусі ў тым, што той абяцаў прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і не прызнаў.

Лукашэнка шмат гадоў выступае ў вобразе непрымірымага змагара з расейскімі алігархамі. Неаднаразова ён даводзіў, што усе праблемы Расеі, у прыватнасьці маштабная карупцыя, беларуска-расейскія канфлікты зьяўляюцца вынікам уплыву сквапных і каварных багацеяў. Арышт у Менску ў 2013 годзе гендырэктара расейскай кампаніі «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра выклікаў авацыі ў значнай часткі расейскага грамадзтва. Маўляў, нарэшце знайшоўся палітык, яка дасьць рады алігархам. Лукашэнка даўно супрацьпастаўляе расейскаму алігархічнаму капіталізму беларускую сацыяльную мадэль, пабудаваную, як ён даказвае, на аснове справядлівасьці.​

Кіраўнік Беларусі пераносіць канфлікт на тэрыторыю праціўніка

Цяпер у Расеі адбываецца абвастрэньне сацыяльных праблем, рэйтынг Пуціна ўпаў да рэкордна нізкіх 33%. На гэтым тле, як лічыць Лукашэнка, вельмі своечасова паказаць расейцам, хто вінаваты. А заадно патлумачыць і прычыны ціску Крамля на Беларусь.

І калі, паводле інфармацыі Навальнага, арышт Рыбкі замовіў Дзерыпаска, то выглядае, што Лукашэнка выступіў у абарону ахвяры расейскіх алігархаў. То бок, кіраўнік Беларусі пераносіць канфлікт на тэрыторыю праціўніка, спрабуе апэляваць да расейскага грамадзтва, абараніць жанчыну, якая перасьледуюць алігархі і карумпаваныя чыноўнікі за тое, што яна расказала праўду пра іх брудныя справункі. Такім чынам Насьця Рыбка нечакана выступае ў якасьці лёгкай фігура ў шахматнай партыі Масквы і Менску.

Схема прыгожая, але ёсьць вялікі сумнеў, што яна спрацуе. Дасьціпныя беларусы могуць узгадаць, што сам Лукашэнка рэгулярна зьяўляецца на публіцы ў атачэньні прыгожых дзяўчат.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5