Ну, каб усе!

Спецыяльнасць: інавацыйны менеджмент

Ааргус, другі па велічыні горад Даніі (285 тысяч жыхароў), нічым не вылучаецца са скандынаўскага урбаністычнага пейзажу. Так і не скажаш, што ты у крэатыўным цэнтры Паўночнай Еўропы. “Да нашага прыходу Ааргус хварэў на комплекс другой сталіцы Даніі і быў увесь “заляпаны” штампамі класічнай культуры”, — лічаць стваральнікі акадэміі Kaos Pilots.

За ўсё адкажаш

Пра інавацыйны менеджмент пачалі размаўляць у канцы XX стагоддзя, калі стала відавочна: гэтым бізнесюгам толькі волю дай — і яны запаскудзяць нафтавымі плямамі усю планету, пачкамі будуць звальняць мексіканскіх рабочых, а там, глядзіш, і да наёмнай дзіцячай працы вернуцца. ІМ — навука, якую вынайшлі, каб прымірыць бізнес, грамадства, экалогію і маральна-этычныя нормы. Словам, каб бізнесмены рабілі дабро не толькі сабе, але і сіроткам, галодным мастакам і нястомным “зялёным” — іў адваротным парадку. Тое, што ў ІМ называецца модным словам “сацыяльная адказнасць” (social responsibility).

Аскінг!

Акадэмія Kaos Pilots — грандыёзны кацёл ідэй: студэнтаў з першага курса вучаць прыдумляць такое, каб і дабро зрабіць, і сабе зарабіць. 95% ідэй рэалізуецца ў бізнесе ці з дапамогай бізнесу. Праўда, на этапе навучання студэнты часцей працуюць на ўласнае імя, чым на кашалёк.

Уфэ Эльбек, дырэктар Kaos Pilots, параіў нам звярнуць увагу на міжнародны праект “пілотаў” Ask Saraevo. Справа ў тым, што на апошнім курсе студэнты праходзяць своеасаблівы “тэст на выжыванне”: іх у прамым сэнсе слова высылаюць рабіць дабро па ўсёй Зямлі, і якой бы тупой ні была ідэя, асноўным крытэрыем з’яўляецца слоган “змяні гульню”. І вось пяць скандынаўскіх студэнтак Kaos Pilots — Джулія, Рэбэка, Траян, Тоя і Катрын — аб’еўшыся “пілоцкай” сумессю крэатыву, ідэалізму і прагматызму, вырашылі разварушыць Сараева , разбомбленую сталіцу Босніі-Герцагавіны.

Высадзіліся на месцы. Каб завесці знаёмствы, пачалі асаджваць закрытыя тусы і шукаць саюзнікаў. Хутка Катрын заангажавала ў справу Барыса — вядучага мясцовага TV-шоў, прычым пасярод вуліцы, калі той вяртаўся дамоў. Радыё DJs, фатограф, графітчык і натоўп у 600 актывістаў, якія былі гатовыя рабіць што заўгодна, абы не пляваць у столь, — гэта яшчэ адзін вынік падрыхтоўчай кампаніі, што цягнулася паўтара месяцы. Даведаўшыся пра гісторыю разбомбленага сараеўскага Дома моладзі, дзе да вайны была асноўная антысацыялістычная “рок-дзвіжуха”, гарачыя скандынаўскія дзеўкі вырашылі аднавіць яго, ды з шумам і гоманам — так нарадзілася кампанія Ask Saraevo. Каб працаваць больш эфектыўна, яны падзялілі абавязкі — Галоўная Паляўнічая (пошук спонсараў), Гаспадыня Дома (канцэпцыя праекта), Уважлівая Шукальніца, Аптымістка і Электрастанцыя (крэатыў) — і пачалі пралічваць схемы накшталт “грошы”-праект-рэалізацыя-вынік”.

PR-частку кампаніі прадумалі па-суперску. Графітчыкі папросту размалявалі ўсе вольныя сцены горада словамі Never Forget. Для акцыі падрыхтавалі вялізныя кавалкі парусіны плошчай 5000 квадратных метраў, якую размалёўвалі тыя самыя 600 актывістаў на фінальным этапе — 24 красавіка 2004 года. На наступны дзень парусінай накрылі рэшткі Дома моладзі і, не зважаючы на дождж, замуцілі вечарынку. Вядома, знайшліся і тыя, хто быў супраць, аднак перспектыва быць аблаянымі на TV і ў газетах прымусіла чыноўнікаў адступіць. Вынікі кампаніі: дзеўкі — сапраўдныя баснійскія зоркі. Дом моладзі, здаецца, выратавалі — прынамсі, знайшлі спонсара для рэканструкцыі. Аднак сяброўкі не супакоіліся: “Потым пачалася праца з 15-цю нарвежскімі дызайнерамі і стылістамі, што стваралі адзенне і аксесуары з кавалкаў тканіны, якой быў накрыты Дом моладзі. Вядома. Мы хочам зарабіць на гэтым шмат грошай. І таксама пусціць іх на рамонт”. Альтруізм альтруізмам, але Катрын, напрыклад, не хавае, што дзякуючы заробленай рэпутацыі, яна знайшла шыкоўную працу: цяпер яна займаецца стратэгічным планаваннем у дызайн-агенцтве ў Осла. Джулія тым часам падвізалася менеджэрам на Universal musik. Мазгі — яны паўсюль мазгі.

Горны футбол

Свой крэатыў пілоты здольныя прымяніць нават да такой банальнай рэчы, як хотдог. У свой час выпуск 2003 года прапанаваў ідэю “хотдогаў па выходных” — такі велічэзны перасоўны хотдог, які актывісты задумалі запусціць па Еўропе, каб прапагандаваць нацыянальную культуру. А ў перапошнім выпуску Kaos Pilots была акцыя з пітной вадой, клаі ты п’еш шклянку чыстай вады і плаціш дзве кроны на яе ачыстку ў “недаразвітых” краінах.

Яшчэ “пілоты” капітальна завернутыя на футболе: “Кажаш Kaos Pilots — кажаш футбол”. Паказальны прыклад — AGF, мясцовая прэм’ер-ліга. Kaos Pilots распрацоўваюць візуальны і камунікатыўны канцэпт лігі, а таксама даюць шанец двум лепшым гульцам павучыцца ў прафесійнай школе. На міжнародным узроўні Kaos Pilots пракруцілі амаль нерэальную ідэю Нацыянальнай футбольнай лігі Тыбета. Прадстаўнікі Kaos Pilots лічаць, што футбольная каманда — ткі ж сімвал нацыі, як сцяг ці гімн. А ў Тыбеце футбола не было, як у СССР — сэксу. Цікава, што першы матч тыбетцы згулялі з НФЛ Грэнландыі ў Капенгагене. І прадулі, хаця адзін гол усё ж такі забілі. Дарэчы, праект ТФЛ атрымаў прэстыжны дыплом імя Мішэля Найбрандта за 2000 год.

Лётнае вучылішча

На лагатыпе Kaos Pilots (www.kaospilot.dk) намаляваны Аўгуст Ліндберг — пілот, што здзейсніў першы беспасадачны пералёт праз Атлантыку. “Пілотаў” толкі ўмоўна можна назваць універам — тут няма нават дыпломаў. Затое ёсць перспектывы: калі не знойдзеш працу ў канторы, можаш ствараць сваю — брэнд КР будзе працаваць на цябе.

Калі Kaos Pilots толькі пачыналі, тут выкладалі мясцовыя актывісты. А ўжо ў сярэдзіне 90-х лекцыі чыталі лепшыя розумы Даніі. Зараз Kaos Pilots — школа з моцным кантынентальна-еўрапейскім акцэнтам, нездарма афіцыная мова цяпер англійская. Лекцыі чытаюць, напрыклад, кіраўнік рэкламнай студыі “80 days production” з Капенгагена, дырэктар крэатыўнай IdeLaboratoriet з Осла, заснавальнік праекта “Respect/EUROPE — своеасаблівага каталога крэатыўных ідэй са Стакгольма. Усяго з дзесятак выкладчыкаў і дванаццаць адміністратараў.

“Пілоты” пабудавалі новы свет, кошт уваходу ў які — мінімум 41 500 дацкіх крон (5800 еўра, тыдзень уводных курсаў). Плюс 2750 крон (390 еўра) за кожны месяц.

У “сапраўдных” універсітэтах усё больш класічна: тут спецыяльнасць “інавацыйны менеджмент” варта шукаць на факультэтах менеджменту альбо, як у канадскім Athabaska University, у спецыяльных “цэнтрах інавацыйнага менеджменту” (www.mba.athabascau.ca). У студэнтаў , якія скончылі навучанне тут, запіс у дыпломе класічны — МВА, што, аднак, не замінае ім вывучаць і потым прымяняць на практыцы новыя менеджмент-методыкі. Athabaska, дарэчы, прапануе і онлайн-праграму.

Часта — як, напрыклад, у брытанскім Bath University (www.bath.ac.uk) — праграмы па innovative mahagement прапануюць ужо гатовым спецыялістам з дыпломмі за плячамі — менеджэрам і кансультантам у бізнес— і non-profit-сферах. Мадэль навучання тут — part-time, курс доўжыцца два гады, і вучацца тут не толькі брытанцы, але і студэнты з Даніі, Францыі, Швецыі, Бразіліі, Ганконга.

WEB: ведай больш

www.bath.ac.uk/carpp/msc.htm — своеасаблівыя ўводзіны ў “філасофію інавацыйнага менеджменту”.

www.kaospilot.dk/docs/navigator.asp — архіў Flight Navigator, афіцынага часопіса Kaos Pilots. Даведайся, як выглядала кампанія супраць трафіку людзей на MTVі што рабілі “пілоты” ў Таліне (Эстонія).

http://knihi.net/index.php?productID=425 ..

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5