Андрус Кубілюс: Сяброўства ў Савеце Еўропы ўзмоцніць незалежнасць Беларусі

У Савеце Еўропы завяршыўся першы этап кампаніі па выбарах новага генеральнага сакратара. Зарэгістраваныя чатыры прэтэндэнты на пасаду: намеснік прэм’ер-міністра, міністр замежных і еўрапейскіх спраў, міністр абароны Бельгіі Дзід’е Рэйндэрс, былы прэм’ер-міністр, дэпутат Сейма Літвы Андрус Кубілюс, былая мінстр замежных спраў, дэпутат парламента Грэцыі Дора Бакаяніс і намесніца прэм’ер-міністра, міністр замежных і еўрапейскіх спраў Харватыі Марыя Пейчынавіч.

Хто з іх стане 14-м генсекам Савета Еўропы, стане вядома ў чэрвені 2019-га года. Цяпер кандыдаты рыхтуюцца да сумоўя ў Камітэце міністраў. Сваеасаблівае сумоўе па пытаннях будучых ўзаемаадносін Савета Еўропы і Беларусі карэспандэнт Еўрарадыё правёў з кандыдатам на пасаду генсека Савета Еўропы ад Літвы Андрусам Кубілюсам.

Даведка Еўрарадыё: Андрус Кубілюс шмат гадоў быў лідарам апазыцыйнай партыі кансэрватараў Літвы, якая з'яўляецца актыўным крытыкам Расіі. Пасаду прэм'ер-міністра Літвы ён займаў у 1999-2000 і ў 2008-2012 гадах. Фота: 15min.lt

Генеральны сакратар Савета Еўропы абіраецца на пяцігадовы тэрмін галасаваннем у Парламенцкай асамблеі рады Еўропы. Кандыдатуру Кубілюса падтрымалі ў Еўрапейскай народнай партыі, якая аб'ядноўвае кансерватараў краін Еўропы.

—Што трэба зрабіць для таго, каб узаемадзеянне Савета Еўропы і Беларусі было больш актыўным?

—Не сакрэт, што Беларусь не выконвае адно вельмі сур’ёзнае юрыдычнае патрабаванне Савета Еўропы — адмену смяротнага пакарання. Для усіх краін-удзльнікаў Савета Еўропы адмена смяротнага пакарання з’яўляецца прынцыповым пытаннем. Безумоўна, для нас вельмі важныя і такія пытанні, як правы чалавека, каштоўнасці дэмакратыі і гэтак далей. Але забарона смяротнага пакарання — гэта першае і самае галоўнае патрабаванне, без яго выканання паўнавартасным удзельнікам Савета Еўропы краіна стаць не можа. Беларусь — адзіная краіна Еўропы, якая не адмяніла смяротнае пакаранне, і таму яна не можа падпісаць Канвенцыю па правах чалавека.

—Савет Еўропы зацікаўлены ў тым, каб Беларусь стала ўдзельніцай гэтай арганізацыі, ці пазіцыя такая: «Гэта найперш трэба вам, а не нам, і чаму мы будзем нешта прыдумляць, неяк угаворваць Беларусь стаць краінай-сябрам СЕ?».

— У такім пытанні канчатковае рашэнне за дзяржавай — хоча яна быць сябрам СЕ ці не. Але ж грамадзяне краіны атрымліваюць ад такога сяброўства шмат выгад. Да прыкладу, калі краіна з’яўляецца ўдзльнікам Савета Еўропы і падпісала Канвенцыю па правах чалавека, то грамадзяне гэтай краіны могуць звяртацца ў пошуках праўды і справядлівасці ў суд па правах чалавека ў Страсбургу. Гэта вельмі моцны інструмент, калі чалавек не можа дабіцца справядлівасці ў нацыянальным судзе, то суд у Страсбургу дапаможа. Беларусь павінна быць зацікаўленая ў тым, каб яе грамадзяне таксама мелі такую магчымасць — звяртацца ў суд у Страсбургу.

З іншага боку, Савет Еўропы ствараўся ў 1949 годзе з мэтай аб’яднання ўсёй Еўропы на падмурку канкрэтных каштоўнасцей: правы чалавека, прававая дзяржава і дэмакратыя. З гэтага пункту гледжання, і Савет Еўропы, і Еўрасаюз зацікаўленыя ў тым, каб дапамагчы Беларусі ісці тым жа шляхам, якім ідуць іншыя еўрапейскія дзяржавы.

—Вы цяпер кажаце пра тое, чым удзел Беларусі ў Савеце Еўропы выгадны шараговым беларусам. Але дзе ж тут выгада для беларускіх уладаў? Не думаю, што ўлады Беларусі так ужо хочуць, каб у нас была магчымасць звяртацца ў Страсбургскі суд…

—Так, уладам Беларусі нам цяжка нешта сказаць… У іншых дзяржавах улады клапоцяцца пра тое, каб даць сваім грамадзянам усе тыя магчымасці, якія ім дапамагаюць лепей жыць. Але калі ў краіне такая сітуацыя з дэмакратыяй, як у Беларусі, то дасягнуць гармоніі паміж грамадзянамі і ўладай складана.

Сяброўства ў Савеце Еўропы дае магчымасць ўладам Беларусі стаць больш паўнавартасным удзельнікам еўрапейскай супольнасці. Гэта патрэбна хаця б для таго, каб яшчэ больш узмацніць суверэнітэт сваёй краіны. Быць залежнымі толькі ад аднаго вялікага суседа на ўсходзе, для Беларусі гэта геапалітычна не вельмі бяспечна.

—Пра геапалітыку. Вядома, што ва ўсіх міжнародных арганізацыях Беларусь галасуе на карысць Расіі. Будзе наша краіна сябрам СЕ — Расія і там займее дадатковага саюзніка…

—Не думаю, што такая сітуацыя была б балючай для ўсяго Савета Еўропы. Тут найперш трэба думаць пра тое, што, ідучы па шляху збліжэння з Саветам Еўропы, Беларусь бы ўмацоўвала свой суверэнітэт. А ў такой сітуацыі пытанне, падтрымліваць Расію ці не, гэта ўжо другаснае пытанне. Сёння ж уладам Беларусі трэба вызначыцца з тым, ці хочуць яны для сваіх грамадзян ствараць такія ж умовы, якія маюць грамадзяне іншых краін Еўропы.

— Пытанне да вас, як да прадстаўніка Літвы: будаўніцтва непадалёк ад мяжы з Літвой Беларускай атамнай станцыі выклікала ў вашай краіне вялікую незадаволенасць. Гэта прывяло да таго, што Літва заблакавала Беларусі магчымасць падпісаць важны для нас еўрапейскі дакумент — «Прыярытэты партнёрства». Ці магчымы кампраміс, які б задаволіў абодва бакі?

—Наша пазіцыя вельмі канкрэтная: будаўніцтва гэтай атамнай станцыі супярэчыць усім міжнародным дамоўленасцям, і яна стварае стратэгічную небяспеку для нашай сталіцы. Мы не адзін раз звярталіся да ўладаў Беларусі з прапановай аб спыненні гэтага праекта. Зразумейце, па гэтым пытанні я не магу нічога сказаць апроч таго, што пытанне БелАЭС — гэта пытанне нашай дзяржаўнай бяспекі. Адпаведна, мы баронім сваю бяспеку тымі інструментамі, якія толькі можам знайсці.

Камітэт міністраў правядзе сумоўе з чатырма кандыдатамі ў сакавіку 2019 года і вызначыць канчатковы спіс кандыдатаў, які будзе перададзены Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Затым Парламенцкая асамблея прыступіць да выбараў наступнага генеральнага сакратара, якія павінны адбыцца ў чэрвені 2019 года. Мандат новага генеральнага сакратара пачынаецца 1 кастрычніка 2019 года.

  • Оцени статью: