Пагаварылі не «па-братняму»

Кіраўнікі «ўжо ня братняй дзяржавы» і саюзьніка, да якога «страчаны давер», перамаўляліся 4 гадзіны і... дамовіліся стварыць новую працоўную групу.

— Напярэдадні сустрэчы бакі абмяняліся рэзкімі ўзаемнымі ўколамі

— Масква відавочна дала зразумець, што лічыць патрабаваньні Менску завышанымі

— Менску давядзецца зьмірыцца з рэальнасьцю, у якой старая схема «газ у абмен на пацалункі» ўжо не працуе, а яе замяняе формула Мядзьведзева «грошай няма, але вы трымайцеся»

Расея і Беларусь створаць працоўную групу для падрыхтоўкі прапаноў па інтэграцыі і вырашэньні спрэчных пытаньняў. Пра гэта распавёў журналістам у Маскве першы віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў. Фактычна, на дадзены момант гэта адзіны абвешчаны вынік перамоваў кіраўнікоў Расеі і Беларусі Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве. Гутарка, якая праходзіла ў Крамлі зь невялікімі перапынкамі і зьменай фарматаў, працягвалася амаль чатыры гадзіны.

Напярэдадні візыту ў Маскву Аляксандар Лукашэнка вымушаны быў ужыць сваю традыцыйную тактыку, якая неаднаразова спрацоўвала раней — падняць стаўкі, падвысіць градус напружанасьці. Кіраўнік Беларусі правёў нараду, на якой заявіў, што далёка ня ўсе падпісаныя дамовы выконваюцца і запэўніў, што Менск мае намер выразна акрэсьліць і адстойваць сваю пазыцыю.

«Я ўжо не кажу пра Расею як братнюю дзяржаву, таму што, як мяне інфармуюць, у Расеі гэта не ўспрымаецца. Нібыта прыйшлі новыя людзі, якім гэтае паняцьце непрымальнае. Што ж, будзем партнэрамі».

Магчыма, мелася на мэце, што даведаўшыся пра пэрспэктыву быць разжалаванымі з «братоў» у «партнэры», у Крамлі адразу прызнаюць свае памылкі, пакаюцца і выдзяляць адзінаму на сёньня замежнапалітычнаму «брату» усё, што той пажадае.

Але, як выглядае, Масква сьлязам не паверыла, і ў адказ правяла сваю артпадрыхтоўку да сустрэчы. Увечары ў панядзелак, напярэдадні прыезду Лукашэнкі, урад Расеі заявіў, што ніякіх дамоўленасьцяў наконт выплаты кампэнсацый Беларусі у сувязі з падатковым манэўрам ніколі не было. Маўляў, абяцалі толькі абмеркаваць гэтае пытаньне — вось і абмяркуем.

Тады ж першы віцэ-прэм’ер, міністар фінансаў РФ Антон Сілуанаў заявіў аб пэрыядычным парушэньні мытнага рэжыму Беларусі і Расеі, у прыватнасьці аб увозе санкцыйных і падакцызных тавараў на тэрыторыю Расеі. «Мы кажам, што вы наш сусед, наш саюзнік, але ў апошні час давер страчаны. Усе гэтыя растваральнікі, «санкцыёнка» ідзе да нас, падакцызныя тавары — цыгарэты, нашы рынкі запаўняюць», — адзначыў ён.

Такім не зусім братнім атрымаўся фон для перамоваў. З аднаго боку — «мы ўжо ня братнія краіны», зь іншага боку — «давер страчаны». І яшчэ адзін псыхалягічны момант. Літаральна ў дзень візыту Лукашэнкі цана нафту упала да амаль 50 даляраў за барэль, а расейскі рубель апусьціўся да 68 рублёў за даляр — ня самы лепшы фон для таго, каб прасіць у Крамля дадатковыя эканамічныя прэфэрэнцыі.

А тое, што той жа падатковы манэўр Масква ўспрымае менавіта як «дадатковую просьбу» — даволі выразна сказаў у сваім нядаўнім праграмным інтэрвію новы амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч. Паводля Бабіча, на цяперашні момант сумарная падтрымка Расеяй Беларусі складае каля 4.5 мільярдаў у год. А выкананьне новых патрабаваньняў Менску наконт зьніжэньня цаны на газ, кампэнсацыя «падатковага манэўру» складзе яшчэ 3-4 мільярды ў год У сытуацыя, калі дэвізам расейскай палітыкі становяцца словы прэм’ер-міністра Мядзьведзева «грошай няма, але вы трымайцеся» аддаваць такія грошы «невядома за што» Масква не зьбіраецца.

Першыя афіцыйныя кадры сустрэчы расейскай і беларускай дэлегацыяў у шырокім фармаце зафіксавалі даволі напружаныя і насьцярожаныя твары удзельнікаў перамоваў і Пуціна, які падчас свайго кароткага ўступнага слова ўвесь час нэрвова тузаў нагой, што, як кажуць адмыслоўцы па мове жэстаў, азначае нэрваваньне, нецярпеньне і жаданьне як хутчэй адсюль сысьці.

Потым была 4-гадзінная сустрэча, пасьля якой Пуцін адразу, без перапынку і без заяваў для прэсы, паехаў на сустрэчу з кіраўніцтвам Савету Фэдэрацыі і Дзярждумы, а той самы першы віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў паведаміў пра «стварэньне працоўнай групы для падрыхтоўкі прапаноў па інтэграцыі і вырашэньні спрэчных пытаньняў». Пакуль гэта адзіны «вынік» доўгачаканых перамоваў. Натуральна, што беларускія ўдзельнікі наперад бацькі ў пекла ня лезуць і раней за Лукашэнку камэнтаваць вынікі сустрэч у Маскве ня будуць.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5