Суд над Януковічам скончыўся. Ці адправіцца былы прэзідэнт Украіны ў турму?

Суд над былым прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам, якога абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе, скончыўся 5 снежня. Суддзі адправіліся ў дарадчы пакой для вынясення прысуду. Януковіч у судзе з апошнім словам не выступіў.

Віктар Януковіч. Фота: Reuters

Па словах адвакатаў, ён у бальніцы з цяжкай траўмай. Калі вынесуць прысуд, невядома. «Грамадскае» распавядае галоўнае аб працэсе, які доўжыўся паўтара года.

У чым абвінавачваюць Януковіча

У дзяржаўнай здрадзе, саўдзельніцтве ў вядзенні агрэсіўнай вайны і ў наўмысных дзеяннях, учыненых з мэтай змянення межаў тэрыторыі і дзяржаўнай мяжы Украіны. Пракуроры патрабуюць максімальнага пакарання — 15 гадоў пазбаўлення волі. Ёсць яшчэ сем эпізодаў (сярод іх — атрыманне хабару ў памеры 3,2 млн долараў пад выглядам ганарару ад кніг і незаконнае завалоданне участкам у Сухалучча пад Кіевам), у якіх падазраецца Януковіч, але пакуль яны не дайшлі да суда.

У дзяржаўнай здрадзе Януковіча абвінавацілі ў 2016 годзе. Падставай стаў ліст прэзідэнту Расіі ў 2014 годзе, дзе ён прасіў Пуціна ўвесці войскі на тэрыторыю Украіны.

Менавіта гэты ліст Пуцін выкарыстаў як аргумент «законнай» анексіі Крыма ў сакавіку 2014-га. 1 сакавіка расійскі прэзідэнт атрымаў у Савета Федэрацыі дазвол на ўвод войскаў у іншую краіну. А 3 сакавіка 2014 года гэты ліст агучыў тагачасны пастаянны прадстаўнік РФ пры ААН Віталь Чуркін. У 2015 годзе Пуцін ўпершыню адкрыта прызнаў, што расійскія вайскоўцы былі ў Крыме. Ён заявіў, што Януковіч таксама ўзгадніў прызначэнне «кіраўніком рэспублікі» Сяргея Аксёнава.

Якія ёсць доказы

Галоўнае — гэта той самы ліст Януковіча Пуціну. Генпракуратура лічыць, што так былы ўкраінскі прэзідэнт даў зялёнае святло анексіі Крыма.

Але з гэтым лістом усё няпроста. У 2017 годзе расійская Генпракуратура афіцыйна адказала Кіеву, што ні ў адміністрацыю прэзідэнта РФ, ні ў Савет Федэрацыі не паступала ніякіх заяваў Януковіча пра ўвод войскаў. Потым у Крамлі ўдакладнілі, што не бачылі менавіта «лісты Януковіча», а на дадатковыя пытанні адказваць адмовіліся.

Сам Януковіч назваў свой зварот да Пуціна «заявай» і сказаў, што не прасіў ўводзіць войскі.

Адзін са сведак па справе Януковіча — былы начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны Юрый Ільін пацвердзіў, што Януковіч раіўся з ім з нагоды ліста, у частцы аб увядзенні паліцэйскай або міратворчай місіі на ўсёй тэрыторыі Украіны. Але дадаў, што не быў цалкам праінфармаваны пра сутнасць звароту Януковіча да Пуціна.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка дае паказанні па відэасувязі падчас судовага працэсу супраць былога прэзідэнта Віктара Януковіча. Кіеў, 21 лютага 2018 года. Фота: Reuters/Валянцін Агірэнка

Як праходзіў працэс

Суд над былым прэзідэнтам Украіны пачаўся 4 траўня 2017 года. Да гэтага, у красавіку, Вярхоўная Рада Украіны прыняла папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія дазвалялі завочнае асуджэнне абвінавачанага, — Януковіч з 2014 года знаходзіцца ў Расіі.

З пачатку суда пасяджэнні пастаянна пераносіліся — часцей за ўсё з-за няяўкі адвакатаў Януковіча або сведак з яго боку. У ліпені 2017 года Януковіч заявіў, што не хоча браць удзел у працэсе і адклікае сваіх адвакатаў. Суд прызначыў дзяржаўную абарону. Але ўжо ў снежні адвакат Януковіча Віталь Сярдзюк зноў вярнуўся ў справу.

Сам працэс шмат у чым нагадваў палітычнае шоў. Падчас судовых дэбатаў паміж абаронай Януковіча і паліцыяй адбылася бойка ў будынку суда, а падчас выступу пракурора адвакаты крычалі і перабівалі яго. Пракурор Руслан Краўчанка ў сваёй прамове згадаў бога: «Я ўпэўнены, што ўкраінскі суд вынесе справядлівы прысуд па гэтай справе, але асудзяць Януковіча і Бог, і людзі». Дэбаты абароны доўжыліся 47 гадзін.

Хто выступаў па справе

Дапыталі вышэйшых ўкраінскіх чыноўнікаў — міністра ўнутраных спраў Арсэна Авакава, былога прэм'ер-міністра Арсенія Яцанюка, сакратара СНБА Аляксандра Турчынава (у 2014 годзе ён выконваў абавязкі прэзідэнта), прэзідэнта Пятра Парашэнку.

Паказанні супраць былога прэзідэнта давалі расійскія дэпутаты, якія пераехалі ў Кіеў — Ілля Панамароў і Дзяніс Варанецкі. Ілля Панамароў сцвярджаў, што Уладзімір Пуцін даваў прамыя даручэнні па анексіі непасрэдна міністру абароны РФ Сяргею Шайгу.

Вараненкава забілі ў цэнтры Кіева 23 сакавіка 2017 года, пра што ён распавядаў пракуратуры, невядома; пасля яго смерці паказанні страцілі сілу.

У кастрычніку 2018 года Авакаў заявіў, што ў аперацыі па ўцёках Януковіча браў удзел адзін з супрацоўнікаў ДРУ Расіі, той самы Анатоль Чапіга (Руслан Башыраў), якога падазраюць у атручванні Сяргея Скрыпаля ў Солсберы.

Што кажа сам Януковіч

Ён адмаўляе абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе. Паводле украінскага заканадаўства, у яго ёсць магчымасць выступіць перад судом з апошнім словам, пра што ён сам неаднаразова прасіў.

Выступ Януковіча прызначылі на 19 лістапада 2018 года, але за дзень да гэтага ён, па словах абароны, атрымаў траўму спіны і не змог узяць удзел у пасяджэнні. Яго перанеслі на 5 снежня. 5 снежня адвакаты сказалі, што Януковіч знаходзіцца ў клініцы, дзе не прадугледжаная відэасувязь.

Што далей

5 снежня суд адправіўся ў дарадчы пакой для вынясення прысуда. Калі менавіта будзе прынятае рашэнне, невядома — у справе каля ста тамоў. Магчыма, гэты працэс зойме некалькі тыдняў, а то і месяцаў.

Адвакаты Януковіча кажуць, што пакуль няма рашэння суда, яны не ведаюць, якімі будуць іх далейшыя дзеянні. Але раней абарона і сам Януковіч сцвярджалі, што калі прысуд будзе абвінаваўчы, яны гатовыя абскардзіць яго ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека.

Адвакат сваякоў загінулых на Майдане Віталь Цітыч лічыць, што ў абароны Януковіча ёсць усе шанцы аспрэчыць справу ў ЕСПЧ, і тады былы прэзідэнт стане «асобай, якая праследуецца палітычна».

Кіраўнік Дэпартамента спецрасследаванняў Генпракуратуры Сяргей Гарбацюк кажа, што любыя судовыя рашэнні, якія будуць вынесеныя завочна ў дачыненні да былых чыноўнікаў, могуць быць адмененыя ЕСПЧ. Таму што ў законе ёсць прыкметы выбарчага правасуддзя — сам генпракурор Юрый Луцэнка адкрыта казаў, што закон прымаецца для Януковіча і яго беглых паплечнікаў.

Вельмі малаверагодна, што Януковіч, у выпадку абвінаваўчага прысуду, сапраўды будзе адбываць тэрмін. Расія не далучылася да Еўрапейскай канвенцыі аб міжнароднай сапраўднасці судовых рашэнняў па крымінальных справах, таму можа не выдаваць Украіне беглага прэзідэнта.

Януковіч можа перамяшчацца па свеце — ён не знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Адвакаты абскардзілі яго знаходжанне ў базах Інтэрпола — яны назвалі гэта «палітычна матываваным рашэннем». З ліпеня 2015 года Януковіч больш не расшукваецца Інтэрполам.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 5