Адказ Краўцэвічу: мае героі – і Тут.бай, і «Наша ніва»

«Лукашэнка і Тут.бай – аднаго поля ягады!» – гэтак сфармуляваў сваю пазыцыю гісторык Аляксандар Краўцэвіч у блогу на сайце Свабоды «Тут.бай – герой. Але ня мой».

Юры Дракахруст. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.by

Блог стаў адказам на заяву рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча, якая прагучала ў «Клюбе рэдактараў» на БТ: «Зісер і Золатава заслугоўваюць званьня Героя Беларусі».

Чаму, на мой погляд, мае рацыю Марціновіч, а не Краўцэвіч? Калі б размова ішла толькі пра пэрсанальных герояў спадара Краўцэвіча, то і праблемы б не было – пра густы не спрачаюцца.

Між тым праблема ёсьць: як вызначыць беларускасьць, што ёсьць беларускае?

Каго «разжалуем зь беларусаў»?

Пачну з заўвагі, што разам з Тут.баем спадару Краўцэвічу давядзецца «разжалаваць зь беларусаў» вялікую колькасьць выданьняў і людзей. Ідэалёгія Тут.бая майму шаноўнаму апанэнту не падабаецца «як беларусу і як гісторыку». А ідэалёгія «Беларускага партызана», «Беларускіх навінаў», Куку Citydog – разам з Тут.баем самых чытаных інтэрнэт-выданьняў краіны – яму таксама, відаць, не падабаецца? Яны, прынамсі ў сэнсе мовы, таксама ж «аднаго поля ягады» з Лукашэнкам.

А як наконт самых папулярных аўтараў беларускага Твітэру, беларускіх каналаў Тэлеграму – «РБ головного мозга», Антона Матолькі, Эдуарда Пальчыса? Ужо камэрцыйныя ў іх матывы ці якія іншыя – ня ведаю. Але і яны – таго ж «поля ягады». Пры гэтым, напрыклад, Пальчыс тлумачыў, што беларускай свабодна валодае, але сьвядома вядзе свой блог і Тэлеграм-канал па-расейску. Відаць, каб лепш перад Пуціным выслужыцца.

Ну і нарэшце – наш нацыянальны скарб, нашая набэліятка Сьвятлана Алексіевіч – а яна хіба не «аднаго поля ягада» з Лукашэнкам? Таксама ж, відаць, сумнеўная ў яе ідэалёгія ў сэнсе беларускасьці. Пра ўвесь постсавецкі абшар піша, ды яшчэ і па-расейску. Непарадак.

А ці не занадта шмат каго і чаго давядзецца спадару Краўцэвічу ў такой сытуацыі «разжалаваць» зь беларусаў, зь беларускага, зь Беларусі? І ці не нагадвае ён прапаршчыка з анэкдоту, які адзін крочыць у нагу, а ўся рота – не? Мне нагадвае.

Продкі Краўцэвіча і продкі чытачоў Тут.баю

Аляксандар Краўцэвіч піша, што за ім, за яго пазыцыяй – «незьлічоныя шэрагі продкаў і землякоў». А за тымі, хто чытае Тут.бай, «Партызан», Матольку, Алексіевіч, хіба няма продкаў і землякоў? Хіба іх густы не абумоўленыя іх сямейнымі біяграфіямі, іх ведамі, іх разуменьнем? Ці яны, у адрозьненьні ад майго шаноўнага апанэнта – небеларусы, прыхадні, набрыдзь на беларускай зямлі? Хай Краўцэвіч скажа ім гэта ў твар. Напэўна, ім будзе цікава даведацца, што пра іх думае чалавек, які прэтэндуе на тое, каб гаварыць ад імя ўсёй Беларусі і ад іх імя таксама.

Мяркую, што спадар Краўцэвіч, апроч іншага, і недакладна вызначае ідэалёгію Тут.баю. Як на мой погляд, дык гэты партал адстойвае ня толькі каштоўнасьці палітычнай і эканамічнай свабоды, але і дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Пра тое сьведчыць хаця б рэакцыя «рускаміраўскіх» рэсурсаў, яны абсалютна дакладна вызначаюць, што іх ворагі – гэта і «Наша ніва», і Тут.бай. Апошні нават большы, чым НН, бо аўдыторыя большая.

Іншая рэч, што ўяўленьні Тут.бая пра тое, якой мусіць быць незалежная Беларусь, адрозьніваюцца ад уяўленьняў спадара Краўцэвіча. Гэта праўда. А ўяўленьні спадара Краўцэвіча – гэта канон беларускасьці? Крок управа – крок улева і ўжо Расея?

Хто абараніў незалежнасьць Беларусі?

Ягор Марціновіч сказаў пра Тут.бай, выступаючы ў «Клюбе рэдактараў»: «Мы павінны ганарыцца тым, што інфармацыйны парадак дня вызначае не Яндэкс, а свае беларускія СМІ». Дзіўна, што спадар Краўцэвіч, прафэсійны гісторык, ня бачыць слушнасьць гэтай думкі менавіта ў гістарычнай рэтраспэктыве.

Беларускай незалежнай дзяржаве ў найноўшай гісторыі днямі спаўняецца 27 гадоў. Не стагодзьдзі, але ўжо ладны кавалак часу. А тое, што за гэтыя гады яна ня стала Паўночна-Заходнім краем, рэспублікай у складзе РФ – гэта дзякуючы каму і чаму? Дзякуючы спадару Краўцэвічу і яго аднадумцам? І толькі? А ўнёску «небеларускіх» Алексіевіч, Зісера, Марцава, Шарамета ніякага ў гэтым не было і няма? Яны ўсе цягнулі Беларусь у «рускі сьвет», у Расею, пакуль спадар Краўцэвіч абараняў незалежнасьць Бацькаўшчыны? Даволі дзіўна бачыць такое стаўленьне менавіта ў гісторыка.

Што да досьведу іншых краінаў, то ён і сапраўды шмат у чым адрозны ад беларускага. Але ўяўляецца, што нацыянальнае – гэта ўсё ж адметнасьць, а не тоеснасьць, не малпаваньне. Пазначаныя мной вышэй людзі – іх жа не на парашуце скінулі з Масквы ў Беларусь. Яны ўкарэненыя на беларускай зямлі ня менш, чым спадар Краўцэвіч. Інфармацыйны ляндшафт краіны такі, які ён ёсьць, прынамсі, не адно таму, што ў 1994 годзе «пришел поручик Ржевский и все опошлил».

Гэты ляндшафт і ў 1991-1993 гадах быў не такім, як у суседзяў. І мяркую, будзе не такім, як у суседзяў, калі ў Беларусі зьменіцца ўлада. Гэта і ёсьць нацыянальнае, тое, чым беларусы непадобныя на іншых.

Герояў Беларусі – Тут.баю і «Нашай ніве»

Пікантнасьць гэтай дыскусіі палягае ў тым, што Аляксандар Краўцэвіч у сваім блогу спрачаецца з асобай, якая як раз шмат у чым падзяляе яго погляды. Больш за тое – мяркую, што ў справе распаўсюду, папулярызацыі гэтых поглядаў «Наша ніва» зрабіла і робіць у шмат разоў больш, чым усе гісторыкі разам.

Але магчыма таму Ягор Марціновіч і выказаў такую пашану Тут.баю. Таму што, як рэдактар папулярнага выданьня, лепш адчувае настрой масаў сучасных беларусаў, у тым ліку і беларускамоўных, але менавіта масаў. І гэты настрой не такі, як у спадара Краўцэвіча.

Што да мяне, дык я даў бы Герояў Беларусі і Тут.баю, і «Нашай ніве», прынамсі, Ягору Марціновічу і Андрэю Дынько. Даў бы і за тое, як яны прасоўваюць свой нацыянальны парадак дня, і за разуменьне, што ёсьць і ў нечым адрозныя, але таксама нацыянальныя парадкі дня.

Я, у адрозьненьні ад спадара Краўцэвіча, ня так упэўнены, што мой выбар герояў – гэта заўсёды і выбар Беларусі. Але дазволю сабе рахманае спадзяваньне, што за Героя Беларусі і Тут.баю, і «Нашай ніве» быў бы не я адзін, а многія зь іх велізарных аўдыторыяў. А вось хто быў бы разам са спадаром Краўцэвічам у яго «выключэньні зь беларускасьці» прынамсі Тут.бая? Хіба ініцыятары «справы БелТА» ды «рускі сьвет» у Беларусі. Як на мой густ, дык кампанія ня надта добрая.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5