Грамадзянаў, якія сплацілі падаходны падатак, залічылі ў дармаеды

Грамадзянаў Беларусі, якія выплачваюць штогадовы падаходны падатак, уключылі ў базу незанятых у эканоміцы. У ранейшым «дармаедзкім» ​дэкрэце тыя, хто плаціў падаходны падатак, у гэты лік не траплялі.

Гэтую інфармацыю пацьвердзіла карэспандэнту Свабоды прэс-сакратарка Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вольга Шцін. Аднак яна не патлумачыла, зь якой прычыны грамадзяне, якія сплацілі падатак, трапілі ў базу. Колькі ўсяго такіх грамадзянаў? У Мінпрацы пакуль такой лічбы ня маюць.

У ранейшым прэзыдэнцкім дэкрэце № 3 сярод грамадзянаў, якія вызваляліся ад «дармаедзкага» збору, фігуравалі тыя, хто сплаціў:

— падаходны падатак зь фізычных асобаў,

— адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізычных асобаў,

— падатак пры спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня ў памеры ня менш як 20 базавых велічыняў,

— збор за рамесьніцкую дзейнасьць,

— збор за паслугі ў сфэры агратурызму.

Цяпер, паводле пастановы Савету міністраў, да занятых у эканоміцы адносяцца:

— індывідуальныя прадпрымальнікі і фізычныя асобы, якія сплачваюць адзіны падатак,

— рамесьнікі, якія сплачваюць збор за рамесьніцкую дзейнасьць,

— грамадзяне, якія здаюць у наём жылыя і нежылыя памяшканьні, машынамесцы (пры ўмове сплаты падаходнага падатку зь фізычных асобаў ад такога даходу).

У гарадзкіх службах «Адно вакно» і ў Нацыянальным цэнтры электронных паслуг у Менску выдаюць паролі і лагіны ад асабістага кабінэта на Адзіным партале электронных паслуг, які дае магчымасьць праверыць, уключаны ты ў «базу дармаедаў» ці не.

Спраўдзіць, ці ўключаны грамадзянін у базу, можна таксама ў мясцовай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. У такой камісіі, якая створаная ў адміністрацыі Фрунзенскага раёну Менску, паведамілі, што грамадзянін, які трапіў у базу нягледзячы на тое, што сплаціў падаходны падатак, павінен прадставіць копію кантракту ці дамовы альбо іншыя пацьвярджальныя дакумэнты, адпаведна завераныя і перакладзеныя на беларускую ці расейскую мову.

«Чым хутчэй вы гэта зробіце, тым лепш», — сказалі ў камісіі.

Пра тое, што грамадзянін знаходзіцца ў «базе дармаедаў», яму паведамяць у любым выпадку.

«Пакуль ня вызначана, якім чынам, бо па Фрунзенскім раёне Менску ў базу трапілі ўсяго каля 20 тысяч чалавек», — сказалі ў камісіі.

«Кожнага праінфармуюць, што ён уключаны ў базу, і для гэтага будуць скарыстаныя розныя спосабы. Могуць нават прыйсьці дахаты і паведаміць. У лютаўскай жыроўцы будзе таксама ўказана, што такі грамадзянін аплачвае пэўную жыльлёва-камунальную паслугу па поўным тарыфе», — сказала Вольга Шцін.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 1