Чаму беларускія буслы аднойчы могуць не вярнуцца з Афрыкі

Штораз большыя колькасьці беларускіх буслоў і іншых птушак, якія ляцяць увосень у вырай, на зімоўку ў Афрыку, не вяртаюцца ўвесну ў Беларусь. Яны гінуць ня толькі з натуральных прычын, — не вытрымліваючы фізычных выпрабаваньняў пералёту, — але і празь дзейнасьць чалавека. Ці магчыма пазьбегчы гібелі птушак, спрычыненай чалавекам?

Гібель ад зьнясіленасьці

Сьмерць буслоў, якія восеньню ляцяць у Афрыку, а вясной вяртаюцца назад у Эўропу, да сваіх гнёздаў, упісаная ў іх пералётную долю. Птушкам трэба адолець дзясятак тысяч кілямэтраў у адзін і другі бок, пралятаючы над Міжземным морам (або мінаючы яго бокам) і над Сахарай, найбольшай пустэльняй сьвету. Ня ўсе зь іх у змозе стрываць такое падарожжа. Арнітолягі адзначаюць, што бываюць гады, калі з прычыны фізычнай зьнясіленасьці і змарнеласьці ў Эўропу з Афрыкі не вяртаецца нават траціна птушак, якія вырушылі ў вырай. Але гэтая гібель, так сказаць, улічаная ў балянсе прыроды. Тая колькасьць птушак, якая застаецца ў жывых пасьля кожнага пералёту туды і назад, зусім дастатковая, каб утрымаць папуляцыю ў добрым стане.

Птушкі — гэта і мяса

У апошнія дзесяцігодзьдзі дайшла аднак пагроза, якая спрычыняе «ненатуральную» гібель птушак. Шмат якія віды птушак падчас пералёту людзі забіваюць або адлоўліваюць на мяса. У велізарных колькасьцях.

«У часе пералёту птушак і на зімоўках найбольшай пагрозай для іх стаў чалавек, — адзначае арнітоляг Ярослаў Навакоўскі з Гданьскага Ўнівэрсытэту для польскага тыднёвіка Polityka. — У Эгіпце я быў сьведкам, як у верасьні людзі зьбіраюцца, каб у атмасфэры фэсту чакаць прылёту птушак. Яны тады моцна стомленыя пасьля пералёту над Міжземным морам, і хапаць іх можна голымі рукамі».

Спорт?

Але птушак ловяць і забіваюць ня толькі для ежы, а проста так, «для спорту». Гэтак адбываецца, напрыклад, у адносінах да буслоў падчас іх пералёту над Лібанам.

«Буслоў і кіпцюрастых птушак там забіваюць для спорту. Ужо падлеткі гэтым займаюцца», — Polityka цытуе іншага польскага арнітоляга, які дзейнічае ў экалягічнай групе па ахове птушак. А ўжо згаданы арнітоляг Навакоўскі дадае:

«Мёртвыя буслы потым ляжаць і гніюць. Ніхто не падбірае іх целаў».

Нямецкі арнітоляг Франц Байрляйн напісаў у часопісе Science у 2016 годзе, што кожны год, падчас пералёту птушак з Эўропы ў Афрыку, людзі забіваюць або нелегальна адлоўліваюць ад 11 да 36 мільёнаў птушак.

Як пракарміцца ў пустэльні і саваньне

Тыя птушкі, якія пазьбегнуць стрэльбаў ці пастак паляўнічых, чакае самая выпрабавальная частка падарожжа на поўдзень Афрыкі — пералёт над Сахарай. Праблема тут у тым, сярод іншага, што ў выніку глябальнага пацяпленьня Сахара з году ў год паволі, але няўхільна, павялічваецца. У артыкуле, апублікаваным сёлета ў часопісе Journal of Climate, двое амэрыканскіх навукоўцаў прадстаўляюць свае вылічэньні, паводле якіх Сахара ў ХХ стагодзьдзі павялічыла сваю паверхню на 18 адсоткаў.

Яшчэ адно выпрабаваньне чакае беларускіх буслоў, якім шчасьліва ўдалося адолець Сахару, на тэрыторыях іх традыцыйнай зімоўкі на поўдзень ад пустэльні. Сельскагаспадарчая дзейнасьць чалавека на поўдзень ад Сахары (у тым ліку, выкарыстаньне пэстыцыдаў) фактычна пазбавіла тую тэрыторыю ад казюрак і іншых арганізмаў, якія ад вякоў былі традыцыйнай ежай птушак.

Згублены рытм

І яшчэ. Вяртаньне птушак з выраю ў Эўропу ў агульнасьці і ў Беларусь у прыватнасьці для размнажэньня і падтрыманьня папуляцыі ў апошнія гады становіцца праблематычным ня толькі з увагі на неймаверны фізычны высілак. Справа ў тым, што раней, калі глябальнае пацяпленьне не давала такіх адчувальных зьменаў у кліматычных цыклах прыроды, птушкі вярталіся ў Беларусь у такі час, каб іхнія піскляняты вылупліваліся зь яек дакладна тады, калі ў прыродзе найбольшы ўраджай на казюркі і жужалкі. Глябальнае пацяпленьне расстроіла гэты біялягічны гадзіньнік, які раней рэгуляваў птушыныя выраі.

Як вынікае з вылічэньняў прафэсара Джорджа Кокса, аўтара кнігі «Bird Migration and Global Change», усё гэта прывяло да таго, што папуляцыі птушак-мігрантаў у Афрыку за 1980—2005 гг. паменшалі ажно на 78 адсоткаў. Сама ахова птушак на месцах іх размнажэньня ў Эўропе, як лічаць арнітолягі, ужо не ўратуе іх ад поўнай гібелі. Трэба дзеля гэтага ўратаваньня супрацьдзейнічаць глябальнаму пацяпленьню і супрацоўнічаць з краінамі Афрыкі і басэйну Міжземнага мора ў абмежаваньні забойства і нелегальнай лоўлі пералётных птушак.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 8
  • Балл: 4.9