Лічба дня: колькі хочуць спагнаць зь фігурантаў «справы БелТА»

Прынамсі 60 тысяч рублёў запатрабавалі з 9 журналістаў, якіх абвінавачваюць у несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі.

Гэта журналісты выданьняў:

Tut.by;

БелаПАН;

Deutsche Welle;

Realt.by.

Мінімальная сума кампэнсацыі — 3000 рублёў, максымальная — 17 000. У абодвух выпадках «суму нанесенай шкоды» прад’явілі супрацоўнікам Tut.by.

На момант публікацыі галоўны рэдактар парталу Tut.by Марына Золатава і яшчэ адзін супрацоўнік рэдакцыі застаюцца ў статусе падазраваных.

Як даведалася Свабода, абвінавачаньняў журналістам дзяржаўнай газэты «Культура» не выстаўлялі. У Сьледчы камітэт выклікалі дырэктарку газэты, апытвалі супрацоўнікаў рэдакцыі. Але справа не атрымала працягу. Тэхніку, якую забіралі на экспэртызу, вярнулі.

«Справа БелТА». Што важна ведаць

Што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.

Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.

Ператрусы таксама прайшлі ў офісах Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».

Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.

9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну, яна аспрэчыла гэтую інфармацыю.

Рэдактар Tut.by Дзьмітры Бобрык заявіў, што падпісаў дакумэнт «пра супрацоўніцтва» пасьля пагрозаў у Сьледчым камітэце.

У дадатак да прад'яўленага раней усім затрыманым абвінавачваньня Марыне Золатавай таксама інкрымінавалі бязьдзейнасьць адказнай асобы (артыкул ч.2 артыкула 425 КК — да 5 гадоў зьняволеньня і забарона займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю).

У лістападзе абвінавачаным па справе выставілі сумы для кампэнсацыі ад 3000 да 17 000 рублёў.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 1