Беларусь — адна з самых неталерантных краінаў Эўропы

Паміж жыхарамі постсавецкіх краінаў і Усходняй Эўропы, і жыхарамі краінаў Заходняй Эўропы, назіраецца выразны водападзел, разрыў у стаўленьні да гэтых пытаньняў.

Гэта паказалі вынікі дасьледаваньня, якое правёў сацыялягічны цэнтар Pew Research у 2015-2017 гадах. Было апытана амаль 56 тысячаў рэспандэнтаў (ва ўзросьце ад 18 гадоў і старэй) у 34 краінах Заходняй, Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Крытэрам стаўленьня да мусульманаў і габрэяў былі адказы на пытаньне, ці гатовыя рэспандэнты, каб мусульмане і габрэі сталі іх сямейнікамі – зяцямі, цясьцямі, нявесткамі ці сьвякрухамі.

Падчас апытаньня не апытваліся прадстаўнікі гэтых рэлігійных і этнічных грамадаў.

Як адзначаюць дасьледнікі Pew, амаль ва ўсіх краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы менш за палову апытаных заявілі, што яны былі б гатовы прыняць мусульман у свае сем'і, пры гэтым амаль ва ўсіх заходнеэўрапейскіх краінах, дзе праводзілася апытаньне, больш за палову апытаных паведамілі пра гатоўнасьць прыняць мусульман у сваю сямʼю.

Тыя самыя суадносіны паміж захадам і ўсходам кантынэнту ў стаўленьні да габрэяў паводле вызначанага крытэру. Аднак у стаўленьні да габрэяў кантраст паміж рознымі часткамі кантынэнту менш значны, чым у стаўленьні да мусульманаў.

З дадзеных апытаньня вынікае, што жыхары Беларусі прыкладна настолькі ж талерантныя (ці настолькі ж неталерантныя) да названых двух меншасьцяў, як літоўцы. Жыхары ўсіх 4 астатніх суседзяў Беларусі (Латвіі, Польшчы, Расеі, Украіны) дэманструюць большую талерантнасьць да мусульманаў, чым беларусы. Расейцы крыху менш талерантныя да габрэяў, латышы, палякі і ўкраінцы — крыху больш талерантныя.

У стаўленьні да мусульманаў Беларусь аказалася рэкардсмэнам, менш, чым у ёй людзей, гатовых парадніцца з мусульманамі, у рэгіёне з 34-х краінаў толькі ў Армэніі. У стаўленьні да габрэяў Беларусь на 7-м месцы з канца ў рэйтынгу — меншая, чым у Беларусі, доля гатовых парадніцца з габрэямі толькт ў Расеі, Румыніі, Босьніі, Грэцыі, Армэніі і Грузіі.

Наконт аднаполых шлюбаў і права на аборт задавалася простае пытаньне аб стаўленьні да іх – станоўчае яно ці адмоўнае. Ізноў жа – захад кантынэнту за легальныя аднаполыя шлюбы, усход – хутчэй супраць ці катэгарычна супраць. Варта адзначыць, што Расея, якая ўзьвяла барацьбу з «Гейропай» ледзь не ў ранг нацыянальнай ідэалёгіі, насамрэч не самая неталерантная ў гэтым сэнсе. А самая – Грузія, якая мае гарачае жаданьне ўступіць у NATO і Эўразьвяз.

Хаця ў Беларусі балянс ацэнак – вельмі ў бок адмоўных, але яна ня самая неталерантная нават сярод суседзяў. Жыхары Літвы, Расеі і Ўкраіны паводле апытаньня ставяцца да аднаполых шлюбаў горш, чым беларусы.

У стаўленьні да права на аборт назіраецца парадокс супярэчнасьці паміж ацэнкамі і практыкай. Постсавецкія краіны вельмі лібэральныя ў гэтым пытаньні, па колькасьці абортаў яны – сусьветныя чэмпіёны. У той жа час у некаторых краінах Заходняй і Цэнтральнай Эўропы дзейнічаюць даволі жорсткія абмежаваньні на аборт, яны ёсьць, прынамсі, у Польшчы, нядаўна толькі шляхам рэфэрэндуму яны былі скасаваныя ў Ірляндыі.

Аднак стаўленьне да права на аборт, як бачна, залежыць ад палітычнай геаграфіі: чым далей на ўсход, тым меншая доля тых, хто ўхваляе права на аборт.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 4
  • Балл: 2.3