«Спроба пашырыць палітычны ўплыў Расеі на Беларусь». Польскі палітоляг пра заяву пасла Бабіча ў Менску

Заяву амбасадара Расеі Міхаіла Бабіча Свабодзе пракамэнтаваў польскі палітоляг Кшыштаф Мрозэк (Фонд імя Стэфана Баторыя, Варшава).

Расейскі амбасадар у Менску Міхаіл Бабіч заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1», што ў Маскве любы ваенны напад на Беларусь будуць разглядаць як агрэсію ў дачыненьні да Расеі «з усімі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць».

— Як вы пракамэнтуеце тое, што расейскі дыплямат загаварыў пра ваенны напад на Беларусь? Ці насамрэч Польшча пагражае Беларусі?

— Вядома ж, Польшча не пагражае Беларусі ні з пункту гледжаньня магчымага ваеннага нападу і ні ў якім іншым выглядзе. Я ўспрымаю словы амбасадара Бабіча як палітычную заяву. Але яго інтэрвію для беларускага тэлебачаньня трэба разглядаць з трох пэрспэктываў:

- саюзныя гарантыі бясьпекі,

- дыпляматычны ўплыў,

- спроба пашырыць палітычны ўплыў Масквы на Беларусь.

«Беларусь не знаходзіцца пад пагрозай агрэсіі з боку Польшчы»

Зь першага пункту гледжаньня — пра саюзныя гарантыі — ягоныя словы чаканыя, бо Беларусь і Расея знаходзяцца ў саюзных стасунках, як пасол сказаў, вядуць сумесную вайсковую палітыку, арганізуюць сумесныя вайсковыя вучэньні. Значыць, Расея дае гарантыі бясьпекі Беларусі. Праблема ў тым, што Беларусь не знаходзіцца пад пагрозай агрэсіі з боку Польшчы, Літвы, Латвіі ці іншай краіны-сябра НАТО ці Эўразьвязу.

Бо сыстэма бясьпекі НАТО мае выключна абарончы характар. І ўся вайсковая тэхніка, вайсковая інфраструктура на тэрыторыі Польшчы і прыбалтыйскіх краін таксама мае выключна абарончы характар. А яе разьвіцьцё трэба зьвязваць з тым, што адбывалася ў Крыме і на Данбасе, а менавіта расейскім нападам на свайго суседа. І тым, што ўсходнія краіны-сябры НАТО і краіны-сябры ЭЗ не адчуваюць сябе бясьпечна з Расеяй, якая вядзе актыўную і агрэсіўную ваенную палітыку.

«Бабіч даў сыгнал Менску, што Менск знаходзіцца ў зоне ўплыву Крамля»

Другая пэрспэктыва — гэта дыпляматыя. І тут пасол Бабіч даў сыгнал Менску, што Менск знаходзіцца ў зоне ўплыву Крамля і Крэмль зробіць усё магчымае, каб так засталося. Таксама пасол Бабіч даў сыгнал Варшаве і балтыйскім краінам, што Масква ўспрымае вайсковае супрацоўніцтва з НАТО і ЗША як правакацыю.

«Гэта спроба пашырыць палітычны ўплыў Расеі на Беларусь»

Трэцяе — гэта спроба пашырыць яшчэ больш палітычны ўплыў Расеі на Беларусь. І паводле многіх экспэртаў, і я так разумею, што Расея можа ў бліжэйшай будучыні вярнуцца да пытаньня стварэньня чарговых вайсковых базаў і частак расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Як бы ў адказ на тое, што ў Польшчы разьмяшчаецца ці будзе разьмяшчацца так званы Форт Трамп.

Вядома, гэта ня факт, гэтага яшчэ не адбылося. Але для Расеі гэта быў бы зручны аргумэнт у перамовах зь беларускім кіраўніцтвам, што ў зьвязку з павелічэньнем прысутнасьці заходніх войскаў ля мяжы саюзнай дзяржавы трэба, на думку Крамля, стварыць больш вайсковых сілаў Расеі на тэрыторыі Беларусі. І ў Калінінградзкай вобласьці, канечне, таксама, але гэта ня мае прамога ўплыву на стасункі паміж Расеяй і Беларусьсю.

«Расейскі напад на Ўкраіну спыніў дамову»

— Пасол Бабіч кажа, што, маўляў, нічога добрага ні для Польшчы, ні для балтыйскіх краін, дзе гэтыя базы разгортваюцца, гэта не прынясе. А як ставяцца ў Польшчы да разгортваньня Форта Трамп?

— Калі ў сакавіку 1999 году Польшча ўступала ў НАТО, мы былі згодныя на тое, што ёсьць дамова НАТО-Расея і што ў новых усходніх краінах-сябрах альянсу, якія знаходзяцца ў былой расейскай і савецкай зоне ўплыву, ня будуць утварацца вялікія саюзныя сілы НАТО. Мы гэта ўспрымалі як факт, што такая дамова існуе і ў бліжэйшай будучыні вайсковых базаў НАТО ў Польшчы ня будзе.

Але, на думку Варшавы і многіх іншых краін НАТО, расейскі напад на Ўкраіну ў 2014 годзе спыніў гэтую дамову. То бок Расея парушыла ўмовы дамовы з НАТО, і цяпер гэтую дамову нельга лічыць дзейнай і можна разьвіваць абарончую вайсковую інфраструктуру як у Польшчы, так і ў краінах Балтыі. Зь іншага боку, Расея ня так глядзіць на гэта, і, згодна з заявамі Крамля і вайсковага кіраўніцтва Расеі, дамовы 90-х застаюцца ў сіле. І гэта азначае, што любое разьмяшчэньне вайсковых сіл у Польшчы і іншых усходніх краінах НАТО — гэта правакацыя адносна Расеі.

Але па факце, калі паглядзець, якія сілы разьмяшчаюцца і якія Польшча хацела б разьмясьціць, яны не зьяўляюцца пагрозай для Расеі, бо іх характар выключна абарончы. А самая галоўная мэта — гэта абараніць так званы Сувалкаўскі калідор, гэта польска-літоўская мяжа, якая паміж тэрыторыяй Беларусі і Калінінградзкай вобласьцю. Экспэрты лічаць яе самай небясьпечнай падчас вайны.

«Вайсковая прысутнасьць ЗША на тэрыторыі Польшчы ўжо ёсьць»

— Што за база Форт Трамп? Калі яна можа зьявіцца?

— Гаворыцца, што гэта база для адной танкавай дывізіі войскаў ЗША. І гэта база па жаданьні Варшавы можа зьявіцца ў бліжэйшай будучыні, як толькі зьявіцца палітычнае рашэньне кіраўніцтва ЗША. Але фішка ў тым, што вайсковая прысутнасьць ЗША на тэрыторыі Польшчы ўжо ёсьць. Проста, каб не парушаць дамовы з Расеяй, яна называецца не пастаяннай, а пастаянна-цыклічнай прысутнасьцю войскаў ЗША.

Гэта не дазваляе разьмясьціць на нашай тэрыторыі большую вайсковую тэхніку і абмяжоўвае колькасьць амэрыканскіх і іншых саюзных вайскоўцаў. Варшаве важна, каб гэта прамым тэкстам назваць пастаяннай прысутнасьцю. Прэзыдэнт Дуда падчас візыту ў ЗША ў верасьні прапанаваў прэзыдэнту Трампу адкрыць пастаянную базу і назваць яе Форт Трамп, каб ён з большым энтузіязмам паставіўся да гэтых плянаў. Але, апроч прэзыдэнта Трампа, не бачна вялікага энтузіязму наконт гэтых плянаў у амэрыканскім кіраўніцтве, у тым ліку ў Кангрэсе і ў Дэпартамэнце абароны. Цяпер будуць весьціся перамовы, і шмат што залежыць ад вынікаў лістападаўскіх парлямэнцкіх выбараў у ЗША.

— То бок пакуль яшчэ цяжка сказаць, калі зьявіцца Форт Трамп?

— Пакуль яшчэ рана казаць. Калі будуць вывучаныя наступствы адкрыцьця такой базы, будзе прымацца рашэньне. Варшаве гэта важна ня толькі з гледзішча абароны, але і з палітычнага пункту гледжаньня. Гэта гучныя і прамыя заявы палітыкаў цяперашняга ўраду, што адкрыцьцё такой базы — галоўная мэта нашай абарончай палітыкі. І калі гэта не атрымаецца, то могуць быць сур’ёзныя палітычныя наступствы для польскага кіраўніцтва. Бо ў наступным годзе ў нас парлямэнцкія выбары, а пра два гады — прэзыдэнцкія.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 3
  • Балл: 4.7