Як у Курапатах пройдзе «Ноч расстраляных паэтаў — 2018»

Адзін з абаронцаў мэмарыялу ахвярам сталінізму ў Курапатах Зьміцер Дашкевіч запрашае далучыцца да вечарыны памяці «Ноч расстраляных паэтаў». Упершыню такая акцыя прайшла летась.

Вечарына стане напамінам пра трагічную дату беларускай гісторыі: толькі за адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году савецкія энкавэдысты расстралялі больш за 100 літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў.

Сярод забітых былі пісьменьнікі Міхась Чарот, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Юлі Таўбін, Анатоль Вольны, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны, Валер Маракоў ды многія іншыя.

Новая традыцыя чытаньняў у Курапатах

​Дзеля ўшанаваньня памяці нявінна забітых Зьміцер Дашкевіч заклікае сабрацца 29 кастрычніка з 20-й да 24-й гадзіны ў Курапатах побач з 6-мэтровымі крыжамі, пастаўленымі сёлета з боку рэстарану «Поедем поедим». Удзельнікі імпрэзы будуць дэклямаваць вершы, урыўкі апавяданьняў расстраляных літаратараў, а таксама сучасных твораў пра рэпрэсіі.

Як расказаў Свабодзе Дашкевіч, свой удзел у «Ночы расстраляных паэтаў» пацьвердзілі многія літаратары, музыкі, акторы.

«Вучыце творы, бярыце з сабою зьнічкі і прыходзьце ў Курапаты, — заклікае Дашкевіч усіх неабыякавых.— Таксама вітаецца падтрымка ініцыятывы матэрыяльна і валянтэрскай працай».

Да імпрэзы дызайнэр Саша Чабатароў распрацаваў лягатып.

«На хвалі абароны Курапатаў-2017 мы ўжо ладзілі начныя чытаньні, удзельнічалі многія шаноўныя людзі, атрымалася вельмі годна, узьнёсла, натхняльна, — кажа Свабодзе Зьміцер Дашкевіч. — І ўжо тады падумалі: было б добра, каб перарасло ў традыцыйную імпрэзу, калі пад трагічную ноч згадваем літаратараў, «віна» якіх была толькі ў тым, што яны сьнілі сны аб Беларусі, як пісаў клясык. Нават улады паставіліся мудра, не давялі да супрацьстаяньня. Спадзяёмся, сёлета таксама будзе спакойна: гэта ня масавая акцыя, не палітычны мітынг, а чытаньні твораў нявінна забітых людзей».

Улады ўспомнілі пра ўрочышча

2017 год прайшоў пад знакам абароны Курапатаў ад камэрцыйнага засваеньня — менскія ўлады далі дазвол на будаўніцтва ў непасрэднай блізкасьці ад ахоўнай зоны офіснага цэнтру, але грамадой будоўлю ўдалося спыніць. Сёлета пратэсты атрымалі працяг пасьля таго, як побач з курапацкімі крыжамі пачаў працаваць забаўляльны комплекс з рэстаранам «Поедем поедим».

«Такія падзеі заўсёды трэба ацэньваць з двух бакоў, — лічыць Зьміцер Дашкевіч. — Мы жывём у краіне, дзе рэйтынг Сталіна сягае 20%. Праўда, сярод наведнікаў той жа рэстарацыі бальшавікоў-сталіністаў няма — гэта калі дыстанцыявацца ад некалькіх дзясяткаў абаронцаў. Я не магу сказаць, што адбыўся нейкі радыкальны пералом у грамадзтве. Тым ня менш Бог другі год запар вядзе ў Курапаты. Калі паразважаць, каб не будоўлі 2017-2018 гадоў, так часта мы не зьбіраліся б. Раз на месяц талака, ды ўсё. А цяпер неабыякавая людзі там пастаянна. Ня ўся Беларусь, але, мажліва, у нейкі момант гэта прывядзе да пералому і ў грамадзкай думцы».

Дзяржава будуе свой мэмарыял

Актыўнасьць грамадзтва, паводле Дашкевіча, прывяла да таго, што і ўлады зьвярнулі ўвагу на Курапаты: ёсьць рашэньне аб мэмарыялізацыі ўрочышча. Днямі тут пачаліся першыя за 20 гадоў раскопкі, яны праводзяцца на месцы, дзе неўзабаве мае паўстаць дзяржаўны мэмарыяльны знак. Падмурак пад помнік плянуюць паставіць да канца кастрычніка.

«Супрацьстаяньне прывяло да таго, што пра Курапаты загаварылі ўсе — чыноўнікі, кіраўнікі Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў, сам Лукашэнка. На карысьць нашу і Курапатаў, калі праўды пра злачынствы ўсё больш і больш. Адзін з кіраўнікоў КДБ выступае на круглым стале ў газэце «Беларусь сегодня» і расказвае пра рэпрэсіі спэцслужбаў — ужо нешта. З радасьцю яны гэта робяць ці пад прымусам, каньюнктура ці яшчэ нешта, але прыгналі прыбірацца ў Курапаты БРСМ, «Белую Русь», амапаўцаў з уруцкай часткі».

Таксама 29 кастрычніка ў Літаратурным музэі Петруся Броўкі пройдзе «Вечарына выратаваных тэкстаў». Толькі на час імпрэзы будуць паказаныя ўнікальныя тэксты беларускіх паэтаў: рукапісы і лісты Алеся Дудара, Сяргея Астрэйкі, Юлія Таўбіна, Тодара Кляшторнага. У імпрэзе возьмуць удзел дасьледчыкі, дзякуючы якім вяртаюцца імёны расстраляных паэтаў — Віктар Жыбуль, Аксана Данільчык, Андрэй Хадановіч, Максім Іўкін.

А напярэдадні, 28 кастрычніка, у менскай кавярні «Грай» пройдзе «Вечар вечных вершаў», дзе ў «адкрыты мікрафон» прадэклямуюць рэпрэсаваных творцаў іхныя спадкаемцы — маладыя беларускія паэты.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 1