Хто падтрымае РПЦ і ці будзе фэйс-кантроль у цэрквах? Тлумачыць тэоляг

Беларускі праваслаўны тэоляг і блогерка Натальля Васілевіч расказала Свабодзе, што насамрэч значыць спыненьне эўхарыстычных стасункаў Расейскай праваслаўнай царквы з Канстантынопалем.

Наталля Васілевіч

Паводле рашэньня Сыноду цяпер сьвятарам РПЦ нельга весьці службы разам з канстантынопальскімі клірыкамі, а міранам нельга ўдзельнічаць у рытуалах у храмах Канстантынопальскага патрыярхату. Так будзе «да адмовы ад антыкананічных рашэньняў» — маецца на ўвазе рашэньне Канстантынопалю даць Украінскай царкве аўтакефалію.

Натальля Васілевіч адзначае: сказаць, што зьменіцца для шараговых вернікаў, цяжка. Фармальна цяпер так: калі яна ходзіць у храм Канстантынопальскага патрыярхату, то так і працягне хадзіць, але калі пойдзе ў храм РПЦ, то незразумела, ці будзе мець права прымаць прычасьце.

«Тыя, хто жыве ў Беларусі, могуць прыняць рашэньні самастойна, — кажа Васілевіч Свабодзе. — Адзін мой сябра, багаслоў, сёньня напісаў, што не зьбіраецца больш хадзіць у храмы Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі, а будзе езьдзіць на сьвяты ў Польшчу ці ў Вільню.

Кожны сам за сябе вырашае. Для каго гэтае рашэньне аўтарытэтнае, хто лічыць, што РПЦ мае рацыю, то яны будуць працягваць хадзіць у свае прыходы. Тыя, хто лічыць гэта вялікай памылкай, таксама могуць працягваць хадзіць у тыя самыя прыходы, не прызнаючы гэтага рашэньня. Урэшце, у кожнага ёсьць свая галава, кожны чалавек аўтакефальны сам па сабе».

Васілевіч кажа, што пракантраляваць, хто з шараговых вернікаў у якія храмы ходзіць, практычна немагчыма: у храмы заходзяць і людзі іншых вераў, нават атэісты, дый увогуле храм — гэта публічнае месца, адкрытае для ўсіх. Нейкі «фэйс-кантроль» бывае хіба на вялікія сьвяты, калі міліцыя, напрыклад, правярае, ці не нясуць людзі чаго шкоднага ў кошыках зь яйкамі.

«Безумоўна, для сьвятароў гэта нешта зьменіць, — дадае яна. — Тыя сьвятары, якія любяць езьдзіць на Афон, ня змогуць удзельнічаць у таемствах, ня змогуць служыць і прычашчацца на Афоне. Але гэта вельмі малая група прывілеяваных асобаў, таму тое, што зь імі адбываецца, не такая і вялікая трагедыя. Можна пражыць і без Афону — жанчыны безь яго жывуць і неяк упраўляюцца».

Пытаньне цяпер у тым, якія цэрквы падтрымаюць РПЦ у канфлікце з Канстантынопальскім патрыярхатам, які ў праваслаўі лічыцца «першым сярод роўных». Васілевіч сумняецца, што нехта далучыцца да Масквы: памесныя цэрквы, верагодна, пастараюцца трымацца далей ад канфлікту, ня будуць салідарызавацца з РПЦ, але і ня стануць разрываць зь ёю лучнасьць.

«На гэты момант у праваслаўі ўжо ёсьць падобная сытуацыя — паміж Антыяхійскім і Ерусалімскім патрыярхатамі на Блізкім Усходзе, — тлумачыць свой прагноз Васілевіч, згадваючы падзеі 2014 году. — Там таксама канфлікт тэрытарыяльны, наконт юрысдыкцыі ў Катары. Праўда, там толькі адзін прыход, а ня тысячы, як ва Ўкраіне. Праз адзін прыход патрыярхаты не знаходзяцца ў эўхарыстычных стасунках, сьвятары ня могуць суслужыць, людзі ня могуць прычашчацца...

Але, я думаю, яны прасьцей да гэтага ставяцца. Усе астатнія памесныя цэрквы адначасова знаходзяцца ў эўхарыстычнай лучнасьці і зь Ерусалімам, і з Антыяхіяй. Думаю, тое самае будзе і тут».

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 4
  • Балл: 5