Я кіраваў моладзевымі арганізацыямі 10 гадоў і вось што я зразумеў

Урокі моладзевага актывізму ад былога кіраўніка «Рады» і «Студэнцкай рады».

Алесь Крот. Фота: 34mag

Я правёў жыццё ў моладзевых арганізацыях: спачатку як просты актывіст, пасля як праектны менеджар і ўжо потым як кіраўнік гэтых арганізацый. Калі я толькі прыйшоў у грамадска-палітычную сферу, мне было 17 гадоў, і за гэтыя 10 гадоў працы я ўбачыў, як грамадскі сектар мяняецца, але ўпарта не рухаецца наперад. Але пры гэтым я атрымаў некалькі вельмі важных урокаў, і калі мяне папрасілі пра іх распавесці, то я не вагаўся.

Абсалютная большасць моладзевых грамадскіх арганізацый у Беларусі – непрафесійныя

Часта гэта прыводзіць да безадказнасці і пафігізму адных актывістаў і завышанага пачуцця адказнасці ў другіх. Паскудна і тым, і тым: першыя ў выніку сваёй дзейнасці нічога не дасягаюць, а другія бяруць на сябе вялікі аб’ём працы і вельмі хутка эмацыйна выгараюць. Але пры гэтым цягнуць да апошняга, чым пагаршаюць свой стан яшчэ больш. Адзін з магчымых варыянтаў выхаду з такога арганізацыйнага дысбалансу – займацца шырокім выхаваннем простых актывістаў (а не толькі лідараў) і ўкладаць рэсурсы (у першую чаргу фінансавыя) ў моладзевыя арганізацыі.

Моладзевыя актывісты больш свабодныя ў выбары падыходаў да рэалізацыі сваёй дзейнасці

На іх менш цісне рэпутацыйны цяжар адказнасці. Гэта дазваляе больш шырока раскрыць іх патэнцыял і падбадзёрыць астатніх прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, таму што можна выкарыстоўваць напоўніцу сваю крэатыўнасць там, дзе іншыя баяцца. Але трэшыць пры гэтым таксама непажадана: лепш мець яснае разуменне сваёй стратэгіі дзейнасці, каб не пераўтвараць усё навокал у поле для эксперыментаў.

Не сцацца і рабіць

У Беларусі хіба толькі лянівы не крытыкуе ўсяго, што можна. На моладзевыя арганізацыі з-за іх недасведчанасці крытыка часта абрынаецца яшчэ з большай сілай, нават з боку калег па грамадскім сектары. У такой сітуацыі галоўнае – верыць у свае сілы і, з аднаго боку, слухаць усіх, а з другога, успрымаць толькі канструктыўную крытыку.

Эйджызм наступае з усіх бакоў

Рэдка знойдзеш адэкватнага і разумнага чыноўніка ці працаўніка адміністрацыі навучальных устаноў, які б не скарыстаўся магчымасцю сказаць: «Ты хто такі? Пажыві з маё і тады паразмаўляем». У такіх выпадках, бадай, можна толькі параіць запускаць кампанію па супрацьдзеянні эйджызму ці максімальна моршчыць лоб пры размове з падобнымі людзьмі, каб выглядаць старэйшым.

Паміж грамадскімі арганізацыямі існуе вялікая канкурэнцыя

Не за мэтавую аўдыторыю, канешне, бо яе хопіць на ўсіх, а за рэсурсы, якіх ніколі не хапае. Тое самае адбываецца і сярод моладзевых арганізацый. І колькі б вы не чулі пра заклікі фондаў альбо нямоладзевых арганізацый удзельнічаць у розных конкурсах, хутчэй за ўсё, на іх возьмуць толькі вядомыя і рэкамендаваныя арганізацыі, дзе чальцы ўжо не надта маладыя. Справядліва? Не заўжды.

Рэдкія палітычныя партыі і арганізацыі даюць свабоду сваім моладзевым арганізацыям

Моладзевыя палітычныя арганізацыі часта не маюць хоць нейкай незалежнасці і поўнасцю залежаць ад дарослых структур. Выйсце з сітуацыі: калі немагчыма перазагрузіць усю палітычную сістэму, моладзевым палітычным арганізацыям трэба выходзіць у свабоднае плаванне і ствараць асобную структуру. Разнастайнасць у прыродзе – гэта добра, амаладжэнне палітыкаў таксама.

Моладзевыя арганізацыі часта займаюцца не сваёй справай

Рэдкія моладзевыя арганізацыі могуць скласці партрэт сваёй мэтавай аўдыторыі і апісаць яе патрэбы, бо для гэтага трэба праводзіць процьму вялікіх і невялікіх даследаванняў. Калі няма сродкаў на даследаванні, значыць трэба абыходзіцца тым, што ёсць у наяўнасці: можна проста часцей хадзіць «у народ» і не абмяжоўваць камунікацыю толькі вузкім колам сваіх знаёмых.

Колькасць актывістаў не расце

Усё больш адчуваецца недахоп цікавасці сярод моладзі да такіх сур’ёзных тэмаў, як правы чалавека і іншыя важныя грамадскія каштоўнасці. Цяперашняй моладзі цікавей займацца лакальнымі і канкрэтнымі рэчамі, якія часам мяжуюць з забаўляльнай сферай. З другога боку гэты інтарэс можна выкарыстоўваць для стварэння шырокага валанцёрскага руху з наступным уключэннем у больш складаныя грамадска-палітычныя дзеянні, але грамадзянскую супольнасць такімі тэмпамі хутка не пабудуеш.

Дзяржава даўно і моцна манапалізавала ўсю моладзевую палітыку

Гаворка не толькі пра частку дзяржаўнага бюджэту, якая вылучаецца на моладзевую палітыку ў краіне, а ідзе на прамое фінансаванне БРСМа альбо на праграмы, у якіх БРСМ з’яўляецца выканаўцам. Універсітэты не супрацоўнічаюць з незалежнымі моладзевымі арганізацыямі нават на ўзроўні “павесіць афішу пра канцэрт, які арганізуецца гэтымі арганізацыямі”. У выніку дзверы ў месцы найбольшай канцэнтрацыі моладзі наглуха зачыненыя. У такім выпадку застаецца актыўна выкарыстоўваць інтэрнэт і адкрытыя грамадскія пляцоўкі, каб выйсці на сваю мэтавую аўдыторыю.

Як бы не было складана, але моладзевая сфера ў Беларусі была і застаецца адной з самых перспектыўных для асветы, таму што даводзіцца працаваць з наступным пакаленнем, якое заўжды больш адкрытае да новага і больш цікаўнае. Моладзь павінна ўласнымі рукамі змагацца за свае правы і інтарэсы, а я для гэтага ўжо занадта стары.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 3
  • Балл: 5